Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Марка 1 Эвангельле Марка 1 разьдзел

1 Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў прарокаў: вось Я пасылаю ангела Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе твой шлях перад Табою.
3 Голас гукаючага ў пустыні: гатуйце шлях Госпаду, простымі рабеце Ягоныя сцежкі.
4 Зьявіўся Іван, хрысьцячы ў пустыні і абвяшчаючы пакутнае хрышчэньне дзеля дараваньня грахоў.
5 І выходзілі да яго: уся Юдэйская краіна і ерузалімцы і хрысьціліся ўсе ад яго ў раце Іардане, спавядаючыся з грахоў сваіх.
6 І быў Іван адзеты ў вярблюдавы волас і скураны пояс быў на яго паясьніцы, і еў саранчу і дзікі мёд.
7 І прапаведоаў кажучы: за мною йдзе дужэйшы за мяне, Якому а ня варт сукланіўшыся разьвязаць рамень Ягонага абутку.
8 Бо я хрышчу вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.
9 І сталася ў тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Іардане!
10 І як выходзіў з вады, убачыў, як расчынілася неба і Духа, што як голуб зыходзіў на Яго.
11 І быў голас з неба: "Ты Сын Мой ўлюблены, у Табе Маё ўпадабаньне".
12 І зараз-жа Дух павёў Яго ў пустыню.
13 І прабыў Ён у пустыні сорак дзён, спакушваны д’яблам, і быў са зьвярамі, і анёлы служылі Яму.
14 А пасьля таго, як Ян быў выданы, Ісус прыйшоў у Галілею, абвяшчаючы Эвангельле аб Божым Валадарстве,
15 кажучы, што споўніўся час і наблізілася Божае Валадарства; пакайцеся і верце ў Эвангельле.
16 Прайходзячы-ж каля Галілейскага мора, угледзеў Сымона і Андрэя, ягонага брата, як закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі.
17 І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною і Я зраблю вас, што станецеся рыбакамі людзей.
18 І яны ў той-жа час пакінулі сеткі і пайшлі за Ісусам.
19 І адыйшоўшы адтуль недалёка, Ён угледзуў Якуба Завэдэявага і Яна, ягонага брата, як яны правілі сеткі ў чаўне.
20 І адразу заклікаў іх. І яны, пакішуўшы свайго бацьку Завэдэя ў чаўне з наймітамі, пайшлі за Ім.
21 І прыйшоў у Капэрнаўм і неадкладваючы ў суботу ўвайшоў у бажніцу і навучаў іх.
22 І дзівіліся з Ягонае навукі, бо навучаючы іх быў як той, што мае ўладу, а не як кніжнікі.
23 І быў у іхняй бажніцы чаловек з нячыстым духам, і закрычаў, кажучы:
24 "Што Табе да нас, Ісус Назарэйскі? Ты прыйшоў загубіць нас! Ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы!
25 І пагразіў яму Ісус кажучы: маўчы і выйдзі з яго.
26 І страсянуўшы яго і закрычаўшы моцным голасам, нячысты дух выйшаў з яго.
27 І ўсе зьдзівіліся і пыталіся адзін у аднаго: што гэта? Што за новая поўнаўладная навука, што загадвае нават нячыстым духам і яны слухаюць Яго?
28 І хутка разыйшлася аб Ім чутка па ўсёй Галілейскай краіне.
29 Выйшаўшы з бажніцы, ураз-жа прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя з Якубам і Янам.
30 Цешча-ж Сымонавая ляжала ў гарачцы, дык зараз кажуць Яму аб ёй.
31 І падыйшоўшы падняў яе, узяўшы за руку, і гарачка пакінула яе, і яна паслугоўвала ім.
32 Калі-ж настаў вечар, як зайшло сонца, прынесьлі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных нячысьцікам.
33 І ўсё места сабралася перад дзьвярыма.
34 І аздаравіўшы многіх, што цярпелі ад розных хворасьцяў і выгнаў нячысьцікаў, і не дазвалаў нячыстым гаварыць, што яны знаюць Яго.
35 А нараніцы ўстаўшы на золку, выйшоў і пайшоў пустыннае мейсца і там маліўся!
36 Сымон і тыя, што былі з Ім, пайшлі за Ім;
37 і знайшоўшы Яго кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
38 Ён сказаў ім: пойдзем у бліжэйшыя вёскі і месты, каб Мне і там навучаць, бо-ж Я дзеля гэтага прыйшоў.
39 І Ён навучаў у іхных бажніцах скрозь па ўсёй Галілеі і аздараўляў апантаных.
40 Прыйшоў да Яго пракажонны, молячы Яго і падаючы перад ім на калені ды кажучы Яму: "Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".
41 Ісус-жа, зьлітаваўшыся над ім, расьцягнуў Сваю руку, дакрацуўшыся да яго і сказаў яму: "Хочу, будзь чысты".
42 І як толькі сказаў, праказа адразу зыйшла з яго і ачысьціўся.
43 І грозна глянуўшы на яго, зараз-жа адправіў яго
44 і сказаў яму: "Глядзі, нікому не кажы, але йдзі пакажыся сьватару і ахвяруй за тваё ачышчэньне, што загадаў Майсей на сьведчаньне ім".
45 Але ён, выйшаўшы, пачаў многа гаварыць і шырыць кругом вестку, так што Ісус ня мог ужо ўвайсьці адкрыта ў места, але быў вонках у адлюдных мейсцах. І прыходзілі да Яго адусюль.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле Марка, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.