Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Марка 16 Эвангельле Марка 16 разьдзел

1 І калі мінула субота Марыя Магдаліна, Марыя Якубава і Саламея купілі пахнідлаў, каб пайсьці памазаць цела.
2 І дужа рана ў першы дзень тыдня, прыходзяць да гробу на ўсходзе сонца.
3 І гаварылі між сабою: хто адваліць нам камень ад уваходу ў гроб?
4 І глянуўшы, бачаць, камень адвалены, а быў ён вельмі вялікі.
5 І ўвайшоўшы ў гроб, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку і адзеты ў бель, і спалохаліся.
6 Ён-жа кажа ім: Не палохайцеся! Шукаеце Ісуса Назарэйскага, расьпятага на крыжу; Ён уваскрос, няма Яго тут. Вось мейсца, дзе Яго былі палажылі.
7 Але йдзеце скажэце Ягоным вучням і Пятру, што йдзе перад вамі ў Галілею, там Яго пабачыце, як сказаў вам.
8 І выйшаўшы пабеглі ад гробу, і зьняў іх страх і жах. І нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
9 Ўваскросшы-ж раніцаю ў першы дзень тыдня Ісус паказаўся сьпярша Марыі Магдаліне, з якое выгнаў сем чартоў.
10 Яна пайшоўшы, абвясьціла тым, што былі з Ім ды плакалі і галасілі.
11 І яны пачуўшы, што Ён жывы і быў бачаны ёю, не паверылі.
12 Пасьля гэтага паказаўся ў іншым выглядзе двум з іх у дарозе, як ішлі ў вёску.
13 І тыя вярнуўшыся, абвясьцілі ўсім іншым, але і ім не паверылі.
14 Урэшце паказаўся адзінаццацём, калі яны сядзелі за сталом і дакараў іх за недавер і зацятасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага.
15 І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Эвангельле ўсякаму сатварэньню.
16 Хто паверыць і ахрысьціцца, будзе спасёны, а хто не паверыць — будзе засуджаны.
17 А з тымі, што ўвераць, будуць гэткія знакі: Маім іменем будуць выганяць дэманаў, будуць гаварыць новымі мовамі;
18 зьмеяў будуць браць; калі-б што сьмяротнае выпілі, не пашкодзіць ім; узложаць рукі на хворых, дык будуць здаровымі.
19 Госпад-жа пасьля гутаркі з імі ўзьнёсься на неба і сеў праваруч ад Бога.
20 Яны-ж выйшаўшы, апавяшчалі ўсюды з дапамогаю Госпада, Які іхняе слова ўсьлед сьцьвярдхаў цудамі. Амэн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле Марка, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.