Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Лукаша 2 Эвангельле Лукаша 2 разьдзел

1 І сталася ў тыя дні: выйшла ад кесара Аўгуста пастанова зрабіць перапіс* па ўсім валадарстве.
2 Гэта быў першы сьпіс за гаспадараньня Кірынэя ў Сірыі.
3 І ўсе йшлі запісвацца, кожны ў сваё места.
4 Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з места Назарэту ў Юдэю, у места Давідавае, званае Бэтлеем, бо ён быў з дому і роду Давідавага,
5 каб запісацца з Марыяю, сваею заручанаю, што была цяжарнаю.
6 І сталася, калі яны былі там, ёй споўніліся дні радзіць.
7 І радзіла Сына свайго першароднага, спавіла Яго і палажыла ў жолаб, бо ім ня было мейсца ў заезьдзе.
8 У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы каля свайго статку.
9 І вось зьявіўся ім Гасподні анёл і Гасподняя слава асьвяціла іх адусюдь, і агарнуў іх вялікі страх.
10 І сказаў ім анёл: "Ня бойцеся! бо вось я абвяшчаю вам вялікую радасьць, што будзе ўсяму народу;
11 бо сёньня нарадзіўся вам у Давідавым месьце Збавіцель, каторы ёсьць Хрыстос Госпад.
12 І вось вам знак: вы знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі, ляжачае ў жолабе".
13 І ўміг прылучылася да анёла вялікае нябеснае войска, славячы Бога і кажучы:
14 "Слава ў вышынях Богу і на зямлі мір людзям добрае волі".
15 І сталася, як адыйшлі ад іх анёлы на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: "Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім тую падзею, якую абвясьціў нам Госпад".
16 І пайшлі хутка ды знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, ляжачае ў жолабе.
17 Угледзеўшы Яго, яны расказалі аб тым, што ім было сказана аб тым Дзіцятку.
18 І ўсё, што чулі, дзівіліся з таго, што ім расказалі пастухі.
19 А Марыя захоўвала ўсе тыя словы, разважаючы ў сваім сэрцы.
20 І вярнуліся пастухі, славячы і выхваляючы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.
21 І калі мінула восем дзён, калі трэба было абразаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, названае ангелам да зачацьця Яго ў лоне.
22 А калі скончыліся дні яе ачышчэньня паводля Майсеявага закону, Яго прынесьлі ў Ерузалім, каб прадставіць перад Госпадам,
23 як напісана ў Гасподнім законе, каб хлапчанё, якое раскрывае лона, было пасьвячана Госпаду;
24 і каб прынесьці ахвяру, як сказана ў Гасподнім законе: дзьве горліцы, ці двое галубянят.
25 І вось быў ў Ерузаліме чалавек на імя Сымэон. І той чалавек быў справядлівы і пабожны, чакаючы суцяшэньня Ізраілявага; і з ім быў Сьвяты Дух.
26 Яму было прадсказана Сьвятым Духам, што ня ўгледзіць сьмерці, пакуль ня ўбачыць Гасподняга Хрыста.
27 І ён прыйшоў па натхненьню ў сьватыню. І калі бацькі ўносілі Дзіцятка Ісуса, каб выканаць на Ім законны абрад,
28 ён ўзяў Яго на рукі, багаславіў Бога і сказаў:
29 Цяпер адпускаеш Твайго слугу, Валадару, з мірам,
30 бо бачылі мае вочы Тваё збаўленьне,
31 якое Ты прыгатаваў перад абліччам усіх народаў,
32 сьвятло для аб’яўленьня паганаў і славу Твайго народу Ізраіля.
33 Язэп-жа і маці Ягоная дзівіліся з таго, што аб Ім гаварылі.
34 І багаславіў іх Сымэон і сказаў Марыі, Ягонай маці: вось Гэты ляжыць на ўпадак і на паўстаньне многіх у Ізраілю і на знак, Якому будуць працівіцца.
35 І табе самой меч праніжа душу, каб выявіліся замыслы многіх сэрцаў.
36 І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава з Асіравага пакаленьня, яна была ў старым веку, жыўшы з мужам ад дзявоцтва сем гадоў,
37 ўдава гадоў васьмідзесяцёх чатырох, каторая не адходзячы ад сьвятыні, постам і малітваю служыла Богу дзень і ноч.
38 І яна ў той час прыйшоўшы славіла Госпада і гаварыла аб Ім усім, хто жадаў выбаўленьня Ізраіля.
39 І калі яны выканалі ўсё паводля Гасподняга закону дык вярнуліса ў Галілею ў сваё места Назарэт.
40 Дзіцятка-ж узрастала і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасьцю і Божая ласка была на Ім.
41 І кожны год Ягоныя бацькі хадзілі ў Ерузалім на сьвята Пасхі.
42 І калі Ён быў дванаццацёхгадовы, прыйшлі яны як звычайна ў Ерузалім на сьвята.
43 Калі-ж па сканчэньні дзён сьвята яны варочаліся, астаўся хлопчык Ісус у Ерузаліме. І не заўважылі гэтага Язэп і Ягоная Маці,
44 думаючы, што Ён ідзе з другімі. Прайшоўшы-ж дзённую дарогу, сталі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі.
45 І не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.
46 І сталася пасьля трох дзён знайшалі Яго ў сьвятыні як сядзеў між вучыцялёў, слухаючы і пытаючыся ў іх.
47 Усе, што слухалі, дівіліся з Ягонага розуму і адказаў.
48 І ўгледзеўшы Яго, зьдзівіліся; і сказала Яму Ягоная Маці: Дзіця, што Ты зрабіў нам? Вось Твой бацька і Я з вялікаю трывогаю шукалі Цябе.
49 І сказаў ім: нашто было Мяне шукаць? Ці-ж вы ня ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Майму Айцу?
50 Але яны не разумелі слоў, што сказаў ім.
51 Ён пайшоў з імі і прыйшоў у Назарэт; і быў паслухмяны ім. А Ягоная Маці захоўвала ўсе тыя словы ў сваім сэрцы.
52 Ісус-жа рос мудрасцю і ростам ды ў ласцы ў Бога і ў людзей.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле Лукаша, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.