1 Ў першы дзень тыдня дужа рана жанчыны прыйшлі да гробу, нясучы прыгатаваныя пахашчы,
2 але знайшлі камень адвалены ад гробу.
3 І ўвайшоўшы не знайшлі цела Госпада Ісуса.
4 І сталася, калі яны ня зналі, што думаць аб гэтым, зьявіліся перад імі два чалавекі ў зьзярчым адзеньні.
5 Калі-ж яны ад страху схілілі галовы да зямлі, тыя сказалі ім: што вы шукаеце жывога між памёршымі?
6 Яго няма тут. Ён уваскрос; прыгадайце, як Ён казаў вам, калі яшчэ быў у Галілеі,
7 кажучы, што Сын Чалавечы мусіць быць выданы ў рукі грэшных людзей і будзе расьпяты, і на трэці дзень уваскросьне.
8 І яны ўспомнілі Ягоныя словы.
9 І вярнуўшыся ад гробу паведамілі адзінаццацёх і ўсіх другіх аб гэтым.
10 Былі-ж гэта: Марыя Магдаліна і Іванна, і Марыя маці Якава, і другія з імі, што сказалі аб гэтым апосталам.
11 І здаліся ім іхныя словы пустымі і не паверылі ім.
12 Але Пятро, устаўшы, пабег да гробу, і нахіліўшыся, убачыў толькі палотны, і пайшоў назад, дзіўлючыся сам у сабе з таго, што сталася.
13 У той-жа дзень двух з іх ішлі ў вёску, адлеглую ад Ерузаліма шесьцьдзесят стадыяў, званую Эмаус;
14 і гутарылі з сабою аб усіх тых здарэньнях.
15 І сталася, як яны гутарылі ды разважалі між сабою вось Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі,
16 але іхныя вочы былі стрыманы, каб Яго не пазналі.
17 Ён-жа сказаў ім: аб чым вы гутарыце між сабою і чаму вы такія сумныя?
18 Адзін з іх, па імені Клеопа, сказаў Яму: ці ты адзін з тых, што прыйходзілі ў Ерузалім, ня ведаеш, што сталася там у гэтыя дні?
19 І сказаў ім: што? Яны сказалі Яму: што было з Ісусам Назаранінам, Каторы быў прарок магутны ў слове і дзеле перад Богам і ўсім народам;
20 як Яго выдалі архірэі ды нашыя начальнікі на сьмяротны прысуд і раскрыжавалі Яго.
21 А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць той, што павінен збавіць Ізраіля. А да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзень сёньня, як тое сталася;
22 але некаторыя жанчыны з нашых стрывожылі нас. Яны да дня былі ля гробў
23 і не знайшлі Ягонага цела, і прыйшоўшы сказалі, што яны бачылі зьяўленьне ангелаў, якія сказалі, што Ён жывы.
24 І пайшлі некаторыя з нас да гробу і знайшлі так, як казалі жанчыны, але Яго ня бачылі.
25 Тады Ён сказаў ім: О бязмысныя і сэрца лянога да веры ўсяму, што прадказалі прарокі!
26 Ці-ж ня гэтак і трэба было цярпець Хрысту і так увайсьці ў Сваю славу?
27 І пачаўшы ад Майсея і прарокаў, выясьняў ім усё напісанае аб Ім.
28 І падыйшлі яны да тае вёскі, куды ішлі, і Ён паказаў ім від, што хоча йсьці далей,
29 але яны затрымалі Яго, кажучы: астанься з намі, бо ўжо дзень схіліўся да вечара. І Ён увайшоў і застаўся з імі.
30 І калі Ён сядзеў за сталом з імі, то ўзяўшы хлеб, багаславіў, паламаў і падаў ім.
31 І тады ў іх адчыніліся вочы і яны пазналі Яго, але Ён зьнік з іхных вачэй.
32 І яны сказалі адзін аднаму: ці-ж не гарэла ў нас нашае сэрце, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі выясьняў Пісаньне?
33 І ўстаўшы ў той-жа час, вярнуліся ў Ерузалім і знайшлі разам адзінаццаць апосталаў і быўшых з імі,
34 якія гаварылі, што Госпад сапраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону.
35 І яны расказалі, што здарылася ў дарозе і як пазналі Яго па ламаньні хлеба.
36 Калі яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стаў паміж Сваіх вучнаў і сказаў ім: мір вам!
37 Яны-ж здумеўшыся і спалохаўшыся, думалі, што бачаць духа.
38 І сказаў ім: чаго вы затрывожаны і чаму сумнівы ўвайходзяць у вашыя сэрцы?
39 Глядзеце на Мае рукі і на Мае ногі; гэта Я сам. Дакранецеся да Мяне і прыгледзьцеся; дух-жа ня мае цела і касьцей, што, як бачыце, Я маю.
40 І сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
41 Калі-ж яны ад радасьці яшчэ ня верылі і дзівіліся, сказаў ім: ці маеце тут якую ежу?
42 Яны падалі Яму кусок печанае рыбы і мёду ў сотах.
43 І ўзяўшы еў перад імі.
44 І сказаў ім: вось тое, аб чым Я вам гаварыў, яшчэ як быў з вамі, што павінна выпаўніцца ўсё напісанае аба Мне ў Майсеевым законе і ў прароках ды ў псальмах.
45 Тады адчыніў ім розум разумець Пісаньне.
46 І сказаў ім: так напісана і так належала Хрысту цярпець і ўваскроснуць з памёршых на трэці дзень,
47 і каб была абвяшченая ў Ягонае імя пакута і адпушчэньне грахоў між усіх народаў, пачынаючы ад Ерузаліму.
48 А вы сьведкі гэтага.
49 І вось Я пасылаю на вас абяцанае Маім Айцом, вы-ж аставайцеся ў месьце, пакуль не адзенецеся сілаю звыш.
50 І вывеў іх з места ў Бэтанію і, падняўшы рукі Свае, багаславіў іх.
51 І сталася, як багаславіў іх, стаў аддаляцца ад іх і ўздымацца на неба.
52 І яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Ерузалім з вялікаю радасьцю.
53 І былі ўсьцяж у сьвятыні, хвалячы і багасловачы Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Эвангельле Лукаша, 24 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.