1 На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
2 Яно было спрадвеку ў Бога.
3 І ўсё Ім сталася і без Яго нічога ня сталася з таго, што сталася.
4 У Ім было жыцьцё і жыцьцё было сьвятлом для людзей.
5 І сьвятло ў цемры сьвеціцца і цемра яго не агарнула.
6 Быў чалавек, пасланы ад Бога, і ягонае імя Ян.
7 Ён прыйшоў для сьведчаньня аб сьвятле, каб усе ўверылі яму.
8 Ён ня быў сьвятлом, але каб сьведчыў аб сьвятле.
9 Быў сапраўдным сьвятлом, што прасьвячае ўсякага чалавека, які йдзе ў сьвет.
10 Быў на гэтым сьвеце, і сьвет праз яго стаўся, і сьвет Яго не пазнаў.
11 Да сваіх прыйшоў і свае Яго ня прынялі.
12 Тыя-ж, што Яго прынялі, даў ім магчымасьць дзяцьмі Божымі стацца, тым, што ўверавалі ў ягонае імя.
13 Тыя, што не ад крыві, ані ад пажаданьня цела, ані ад пажаданьня мужа, але ад Бога радзіліся.
14 І Слова сталася целам і прабывала між намі; і бачылі Ягоную славу, як адзінароднага ад Айца поўнага ласкі і праўды.
15 Ян сьведчыць аб Ім і заклікаў, кажучы: Гэты быў, як я сказаў, што мае прыйсьці за мною, быў перада мною, бо быў перш за мяне.
16 І ад Яго паўнаты мы ўсе прынялі і ласку за ласку.
17 Бо закон праз Майсея быў даны, а ласка і праўда ёсьць праз Ісуса Хрыста.
18 Бога ня бачыў ніхто ніколі. Адзінародны Сын, што ў лоньні Айца, Той вызнаў.
19 І вось сьведчаньне Яна, калі жыды паслалі з Ерузаліму сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: хто ты?
20 І сказаў і ня зрокся, і сказаў: я ня Хрыстос.
21 І спыталіся ў яго: дык хто-ж ты? Ці ты Ільля? І сказаў: не. Ці ты прарок? І адказаў: не.
22 Дык сказалі яму: хто-ж ты, каб нам даць адказ тым, што нас паслалі, што ты кажаш аб самым сабе?
23 Сказаў: я голас гукаючыга ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісаія (Іс. 40:3).
24 А пасланыя былі з фарысэяў.
25 І спыталіся ў яго, і сказалі яму: дык чаму-ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ні Ільля, ні прарок?
26 Ян сказаў ім у адказ: я хрышчу вас вадою, а паміж вас стаіць, каго вы ня ведаеце,
27 гэта Той, што йдзе за мною, але быў перада мною, Якому я ня варты разьвязаць рамень Ягонага абутку.
28 Гэта сталася ў Бэтыніі за Іарданам, дзе хрысьціў Ян.
29 На другі дзень Ян бачыць Ісуса, ідучы да яго і кажа: вось Божае Ягня, што забірае грахі ўсяго сьвету.
30 Гэта Той, аб Якім я сказаў; за мною йдзе муж, які стаў перада мною, бо быў перш за мяне,
31 і я ня ведаў яго, але я на тое прыйшоў хрысьцячы, каб Ён быў аб’яўлены Ізраілю.
32 І сьведчыў Ян кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў з неба, як голуб і астаўся на Ім.
33 І я ня ведаў Яго, але Той, што паслаў мяне хрысьціць вадою, сказаў мне: над Кім угледзіш Духа, Які сходзіць і на Ім астаецца, Гэты і ёсьць Той, што хрысьціць Сьвятым Духам.
34 І я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.
35 І ўгледзеўшы, што прайходзіць Ісус, сказаў: вось Божае Ягня!
37 І пачулі двое з ягоных вучняў, як сказаў гэтае, і пайшлі за Ісусам.
38 Ісус-жа аглянуўшыся і ўгледзеўшы, што яны йдуць, кажа ім: чаго шукаеце? Яны сказалі Яму: Равві — што значыць Настаўнік — дзе жывеш?
39 Кажа ім: ідзеце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве і асталіся ў Яго той дзень. Было-ж каля дзесятае гадзіны.
40 Адзін з двух, што чулі ад Яна і пайшлі за Ісусам, быў Андрэй брат Сымона Пятра.
41 Ён першы знайшоў свайго брата Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэссыю, што ў тлумачэньні значыць Хрыста.
42 І прывёў яго да Ісуса. Ісус-жа глянуўшы на яго сказаў: Ты Сымон, сын Іоны, ты назавешся Кіфа, што значыць скала — Пятро.
43 На другі дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знайходзіць Піліпа ды кажа яму: ідзі за Мною.
44 Піліп-ка быў з Бэтсаіды, места Андрэя і Пятра.
45 Піліп знайходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі таго, аб кім пісаў Майсей у законе і прарокі; Ісуса сына Язэпавага, што з Назарэту.
46 І сказаў яму Натанаіл: ці-ж можа быць што добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: пайдзі ды паглядзі.
47 Ісус-жа, угледзеўшы Натанаіла, як ішоў да Яго, кажа аб ім: вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма няшчырасьці.
48 Натанаіл кажа Яму: адкуль мяне ведаеш? Ісус у адказ сказаў яму: перш чым Піліп паклікаў цябе, я бачыў цябе, як ты быў пад смакоўніцаю.
49 Адказаў Яму Натанаіл кажучы: Равві, Ты Сын Божы, Ты цар Ізраіляў!
50 Ісус у адказ сказаў яму: таму, што Я сказаў табе, бачыў цябе пад смакоўніцаю, верыш; убачыш больш за гэта.
51 І кажа яму: сапраўды, сапраўды кажу вам, ад гэтага часу будзеце бачыць адчыненае неба і Божых анёлаў узыйходзячых і заходзячых на Сына Чалавечага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Святое Эвангельле Івана, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.