Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Івана 14 Эвангельле Івана 14 разьдзел

1 Няхай ня сумняецца вашае сэрца; веруйце ў Бога і веруйца ў Мяне.
2 У доме Майго Айца шмат памешканьняў; калі-б так ня было, то Я сказаў-бы вам, бо йду падрыхтаваць вам мейсца.
3 І калі пайду і падрыхтую вам мейсца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі там, дзе Я.
4 І куды йду ведаеце і шлях ведаеце.
5 Кажа Яму Тамаш: Госпадзе, ня ведаем куды йдзеш, дык як-жа можам ведаць шлях?
6 Кажа яму Ісус: Я дарога, і праўда, і жыцьцё. Ніхто ня прыходзіць да Айце, як толькі праз Мяне.
7 Калі-б вы пазналі Мяне, пазналі-б і Майго Айца; і ад цяпер ведаеце Яго і бачылі Яго.
8 Кажа Яму Піліп: Госпадзе! пакажы нам Айца і годзе з нас.
9 Кажа яму Ісус: гэтулькі часу Я з вамі і ты не пазнаў Мяне, Піліпе? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца; як-жа ты кажаш: пакажы нам Айца?
10 Ці-ж ня верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, якія Я кажу вам, не ад Сябе кажу. Айцец, што прабывае ўва Мне, Ён робіць учынкі.
11 Верце Мне, што Я ў Айцу і Ён ува Мне; калі-ж не, дык верце Мне дзеля самых учынкаў.
12 Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, ды-й большыя за іх зробіць, бо Я йду да Айца;
13 і чаго папросіце ў Маё імя, тое зраблю, каб уславіўся Айцец у Сыне.
14 Чаго папросіце ў Маё імя, тое зраблю.
15 Калі любіце Мяне, захоўвайце Мае прыказаньні;
16 і Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Суцяшыцеля, каб быў з вамі давеку.
17 Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня знае Яго, а вы знаеце Яго, бо Ён ёсьць з вамі і ў вас будзе.
18 Не пакіну вас сіратамі; прыйду да вас.
19 Яшчэ трохі і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву і вы будзеце жыць.
20 У той дзень даведаецеся, што Я ў Маім Айцу, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
21 Хто мае Мае прыказаньні і захоўвае іх, той любіць Мяне, а таго, хто любіць Мяне, будзе любіць і Мой Айцец, і Я палюблю Яго і яму аб’яўлю Сябе.
22 Кажа Яму Юда не Іскарыёцкі: Госпадзе, што сталася, што Ты хочаш аб’явіцца нам, а ня сьвету?
23 І адказваючы яму, Ісус сказаў: калі хто любіць Мяне, той захоўвае Маё слова; і Мой Айцец палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і зробім сялібу ў яго.
24 А хто ня любіць Мяне, не захоўвае Маіх словаў. Слова-ж, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, што паслаў Мяне.
25 Гэтае Я сказаў вам, пакуль прабываю з вамі.
26 Суцяшыцель-жа, Сьвяты Дух, Якога пашле Айцец у Маё імя, Ён навучыць вас усяго і напомніць вам усё, што Я казаў вам.
27 Мір пакідаю вам, Мой мір даю вам; даю-ж вам ня так, як дае сьвет; няхай ня трывожыцца вашае сэрца і не баіцца.
28 Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі-б вы любілі Мяне, то ўцешыліся-б, што Я сказаў: іду да Айца, бо Айцец большы за Мяне.
29 І Я цяпер сказаў вам, перш чым станецца, каб вы паверылі, як станецца.
30 Ужо нямнога Мне гаварыць з вамі, бо йдзе князь гэтага сьвету і ўва Мне ён ня мае нічога.
31 Але каб сьвет ведаў, што Я люблю Айца і як загадаў Мне Айцец, так раблю. — Устаньце пойдзем адгэтуль.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле Івана, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.