Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Гарошка

Івана 2 Эвангельле Івана 2 разьдзел

1 На трэці дзень было вясельле ў Кане Галілейскай і была там Ісусава Маці.
2 Быў запрошаны на вясельле так-жа Ісус і Ягоныя вучні.
3 І як не хапала віна, Маці Ісусава кажа Яму: віна ня маюць.
4 Кажа ёй Ісус: што Мне і Табе, жанчына? Яшчэ ня прыйшла Мая гадзіна.
5 Ягоная Маці сказала слугам: што вам скажа, зрабеце.
6 Было-ж там шэсьць каменных судзінаў для вады, пастаўленых дзеля жыдоўскага ачышчэньня, умяшчаючых кожная па два, або тры вядры.
7 Ісус сказаў ім: напоўніце судзіны вадою. І напоўнілі іх аж да верху.
8 І кажа ім: цяпер чэрпайце і занясеце свату. І занясьлі.
9 Калі-ж сват пакаштаваў вады, што сталася віном, а ён ня ведаў аднуль яно; слугі-ж што чэрпалі ваду, ведалі — паклікаў маладога
10 і сказаў яму: кожны чалавек перш ставіць добрае віно, а як падап’юць, тады горшае; ты-ж дагэтуль захаваў добрае віно.
11 Так Ісус зрабіў пачатак цудоў у Кане Галілейскай і выявіў сваю славу, і ўверылі ў Яго Ягоныя вучні.
12 Пасьля гэтага Ён прыйшоў у Капэрнаум Сам і Ягоная Маці і Ягоныя вучні і там аставаліся некалькі дзён.
13 І была блізка жыдоўская Пасха, і пайшоў Ісус у Ерузалім;
14 і знайшоў у сьвятыні прадаўцаў валоў, авец, галубоў і там-жа сядзелі мяняйлы.
15 І зрабіў з вяровак біч, выгнаў з сьвятыні ўсіх, так-жа і авец і валоў, ды рассыпаў грошы мяняйлам і абярнуў іхныя сталы
16 і сказаў прадаўцом галубоў: вынесьце гэнае адгэтуль; не рабеце дому Майго Айца домам гандлю.
17 І ўспомнілі Ягоныя вучні, што напісана: Руплівасьць аб Тваім доме зьядае мяне (Пс. 68:10).
18 Азваліся жыды і сказалі Яму: які знак дасі нам, што так робіш?
19 Ісус-жа адказаў ім, мовячы: зруйнуйце гэтую сьвятыню і Я ў тры дні адбудую яе.
20 І сказалі жыды: гэтая сьвятыня будавалася сорак шэсьць гадоў, а ты ў тры дні адбудуеш яе?
21 А Ён гаварыў гэтае аб сьвятыні свайго цела.
22 І як уваскрос з мёртвых, прыпомнілі Ягоныя вучні, што Ён сказаў гэтае і паверылі Пісаньню і слову, якое сказаў Ісус.
23 Калі-ж Ён быў у Ерузаліме на Пасху ў сьвяточным дні, дык многія, бачучы цуды, якія рабіў, уверылі ў імя Яго.
24 Але Сам Ісус не зьвяраўся ім, бо ведаў усіх
25 і ня меў патрэбы, каб хто Яму сьведчыў аб чалавеку, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Святое Эвангельле Івана, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.