Біблія » Пераклады » Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

Іаана 15 Паводле Іаана 15 разьдзел

1 Заставайцеся ўва Мне. 12 Любіце адзін аднаго.
1 Я — праўдзівая Вінаградная лаза, і Мой Бацька — вінаградар.
2 Кожную галіну на Мне, што не прыносіць плоду, Ён адцінае, і кожную, што прыносіць плод, ачышчае каб прыносіла большы плод.
3 Вы ўжо чыстыя праз слова, якое сказаў Я вам;
4 Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галіна не можа радзіць плоду сама з сябе, калі не застаецца на лазе, гэтак не можаце і вы, калі ўва Мне не застаецеся.
5 Я — лаза, вы — галіны. Хто ўва Мне застаецца, а Я ў ім, той прыносіць шмат плоду, бо без Мяне вы нічога не можаце рабіць.
6 Калі хто не застаецца ўва Мне, — ён будзе выкінуты вон, як галінка, і засохне: і збіраюць іх і кідаюць у агонь, і яны згараюць.
7 Калі застанецеся ўва Мне і Мае словы ў вас застануцца, чаго хочаце, прасіце і будзе вам.
8 У тым слава Майго Бацькі, каб вы шмат плоду прыносілі і зрабіліся Маімі вучнямі.
9 Як палюбіў Мяне Бацька, і Я вас палюбіў: заставайцеся ў Маёй любові.
10 Калі вы Мае запаведзі выканаеце, вы застанецеся ў Маёй любові, як Я запаведзі Майго Бацькі збярог і застаюся ў Яго любові.
11 Гэта сказаў Я вам, каб Мая радасць у вас была і ваша радасць была поўная.
12 Гэта — Мая запаведзь каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
13 Няма большай любові, чым тая, калі хто сваё жыццё пакладзе за сваіх сяброў.
14 Вы мае сябры, калі робіце тое, што Я запаведую вам.
15 Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб не ведае, што робіць яго пан; вас жа назваў сябрамі, бо ўсё, што пачуў ад Свайго Бацькі, Я абвясціў вам.
16 Не вы Мяне абралі, але Я абраў вас і паставіў вас, каб вы ішлі і плод прыносілі, і ваш плод заставаўся, каб чаго вы ні папрасілі ў Бацькі ў імя Маё, Ён даў вам.
17 Гэта і запаведую вам, каб вы любілі адзін аднаго.
18 Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне ён перш за вас зненавідзеў.
19 Калі б вы ад свету былі, свет любіў бы сваё; а таму што вы не ад свету, але Я выбраў вас ад свету, таму ненавідзіць вас свет.
20 Помніце слова, якое Я сказаў вам: «Раб не большы за свайго пана». Калі Мяне гналі, і вас будуць гнаць; калі Маё слова выконвалі, і ваша будуць выконваць.
21 Але гэта ўсё будуць рабіць за Маё імя, бо не ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
22 Калі б Я не прыйшоў і не казаў ім, яны не мелі б граху; цяпер жа не маюць выбачэння за свой грэх.
23 Той, хто ненавідзіць Мяне, і Майго Бацьку ненавідзіць.
24 Калі б Я не зрабіў між іх спраў, якіх ніхто іншы не зрабіў, яны не мелі б граху; цяпер жа І бачылі і зненавідзелі і Мяне і Майго Бацьку.
25 Але няхай спраўдзіцца Слова, запісанае ў іх Законе: «Зненавідзелі Мяне беспадстаўна».
26 Калі прыйдзе Суцяшальнік, Якога Я пашлю вам ад Бацькі, Дух Праўды, Што ад Бацькі зыходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне.
27 Ды і вы засведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Іаана Святое Дабравесце, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.