Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея 14 Матфея 14 разьдзел

1 У той час пачуў Ірад-тэтрарх погаласку пра Ісуса
2 і сказаў сваім слугам: Гэта Іаан Хрысціцель; ён уваскрэшаны з мёртвых, і таму цудатворныя сілы дзейнічаюць у ім.
3 Бо Ірад, схапіўшы Іаана, звязаў [яго] і пасадзіў у турму з-за Ірадыяды, жонкі свайго брата Філіпа;
4 бо Іаан казаў яму: Не дазваляецца табе мець яе.
5 І хацеў Ірад яго забіць, але пабаяўся натоўпу, бо яго лічылі за прарока.
6 А калі быў Ірадаў дзень нараджэння, Ірадыядзіна дачка танцавала перад гасцямі і спадабалася Іраду;
7 таму ён з клятваю паабяцаў ёй даць, чаго б яна ні папрасіла.
8 А яна, падвучаная сваёю маці: Дай мне, — кажа, — тут на талерцы галаву Іаана Хрысціцеля.
9 І засмуціўся цар, ды дзеля клятвы і застольнікаў загадаў даць;
10 і, паслаўшы, абезгаловіў Іаана ў турме.
11 І прынеслі яго галаву на талерцы і аддалі дзяўчыне; і яна аднесла сваёй маці.
12 Вучні ж яго, падышоўшы, узялі цела і пахавалі яго і, прыйшоўшы, расказалі Ісусу.
13 І, пачуўшы, Ісус адплыў адтуль у лодцы ў пустэльнае месца асобна; і, пачуўшы, натоўпы пайшлі ўслед за Ім пешкі з гарадоў.
14 І [Ісус], выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп і злітаваўся над імі і вылечыў іх хворых.
15 А калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні [Яго], кажучы: Пустэльнае гэта месца, і ўжо час позні; адпусці натоўпы, каб пайшлі ў сёлы і купілі сабе яды.
16 А [Ісус] сказаў ім: Не трэба ім адыходзіць; вы дайце ім есці.
17 А яны кажуць Яму: У нас тут нічога няма, толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны.
18 Ён жа сказаў: Нясіце Мне іх сюды.
19 І, загадаўшы натоўпам узлегчы на траве, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны і, паглядзеўшы на неба, дабраславіў і, паламаўшы, даў вучням хлябы, а вучні — натоўпам.
20 І ўсе елі і наеліся; а з пазасталых кавалкаў назбіралі дванаццаць поўных кошыкаў.
21 А тых, што елі, было каля пяці тысяч мужчын, апроч жанчын і дзяцей.
22 І Ён39 адразу змусіў [Сваіх] вучняў увайсці ў лодку і плысці раней за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусціць натоўпы.
23 І, адпусціўшы натоўпы, Ён узышоў на гару асобна памаліцца. І, калі звечарэла, Ён быў там адзін.
24 А лодка ўжо была на многія стадыі ад берага40, і яе біла хвалямі, бо вецер быў сустрэчны.
25 А ў чацвёртую ж варту ночы Ён прыйшоў41 да іх, ідучы па моры.
26 І вучні, убачыўшы Яго, што Ён ідзе па моры, зжахнуліся, кажучы: Гэта здань! — І са страху закрычалі.
27 Але [Ісус] адразу загаварыў з імі, кажучы: Адважней, гэта Я; не бойцеся.
28 У адказ жа Яму Пётр сказаў: Госпадзе, калі гэта Ты, загадай, каб я прыйшоў да Цябе па вадзе.
29 І Ён сказаў: Прыйдзі. — І Пётр, сышоўшы з лодкі, пайшоў па вадзе і падышоў42 да Ісуса.
30 Але, бачачы [моцны] вецер, спалохаўся і, пачаўшы тапіцца, закрычаў, кажучы: Госпадзе, ратуй мяне!
31 І Ісус адразу працягнуў руку, падхапіў яго і кажа яму: Малавер, чаму засумняваўся?
32 І, калі падняліся43 ў лодку, вецер суняўся.
33 А тыя, што былі ў лодцы, [падышлі], упалі перад Ім, кажучы: Сапраўды Ты Сын Божы.
34 І яны, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.
35 І, пазнаўшы Яго, людзі тае мясцовасці паслалі вестку ва ўсю тую ваколіцу; і даставілі да Яго ўсіх хворых,
36 і яны прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю Яго вопраткі; і ўсе, што дакрануліся, выздаравелі.

Каментары ці зноскі:

22 39: У некат. рукап.: Ісус.
24 40: У некат. рукап.: на сярэдзіне мора.
25 41: У некат. рукап.: Ісус пайшоў.
29 42: У некат. рукап.: каб падысці.
32 43: У некат. рукап.: увайшлі.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Матфея, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014