1 У тыя ж дні прыходзіць Іаан Хрысціцель і прапаведуе ў Іудзейскай пустэльні,
2 [і] кажа: кайцеся: бо наблізілася Царства Нябеснае.
3 Бо гэта той, пра каго сказана праз Ісаію прарока, які кажа: Голас звестуна ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Гасподнюю, простымі зрабіце Яго сцежкі».
4 Сам жа Іаан меў адзенне з вярблюджай шэрсці і скураны пояс на паясніцы сваёй; а яго спажывай былі саранча і дзікі мёд.
5 Тады выходзіў да яго Іерусалім і ўся Іудзея, і ўся Іарданская ваколіца;
6 і хрысціліся ад яго ў рацэ Іардане, вызначаючы свае грахі.
7 Але, убачыўшы шмат фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, сказаў ім: Гадзючыя выпладкі, хто падказаў вам уцякаць ад будучага гневу?
8 Дык стварыце плод, годны пакаяння;
9 і не думайце казаць самім сабе: «Бацька ў нас Аўраам». Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў узвесці дзяцей Аўрааму.
10 Ужо і сякера ляжыць пры корані дрэў; бо кожнае дрэва, што не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
11 Я хрышчу вас у вадзе на пакаянне, але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, я не варты панесці Яго сандаляў; Ён будзе хрысціць вас Святым Духам і агнём;
12 Яго веялка ў Яго руце, і Ён ачысціць Свой умалот і збярэ Сваю пшаніцу ў засекі, а мякіну спаліць непагасным агнём.
13 Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Іардан да Іаана, каб хрысціцца ад яго.
14 Іаан жа стрымліваў Яго, кажучы: Я павінен хрысціцца ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?
15 Ісус жа ў адказ сказаў яму: Дазволь цяпер; бо гэтак належыць нам выканаць усю праўду. — Тады ён дазваляе Яму.
16 І, ахрысціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады, і вось, расчыніліся [Яму] Нябёсы і ўбачыў, як Дух Божы зыходзіць, нібы голуб, [і] спускаецца на Яго.
17 І вось, голас з нябёсаў кажа: Гэта Мой Сын улюблёны, у Якім Маё задавальненне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Матфея, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014