Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея 4 Матфея 4 разьдзел

1 Тады Ісус быў ўзведзены Духам у пустэльню дзеля спакусы д’яблам.
2 І, прапасьціўшыся сорак дзён і сорак начэй, Ён урэшце адчуў голад.
3 І, падышоўшы, спакуснік сказаў Яму: Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні зрабіліся хлябамі.
4 Ён жа сказаў у адказ: Напісана: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што зыходзіць з вуснаў Божых».
5 Тады д’ябал бярэ Яго ў святы горад і ставіць Яго на крыле святыні,
6 і кажа Яму: Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: «Сваім Анёлам Ён загадае пра Цябе і на руках панясуць Цябе, каб Ты не спатыкнуўся аб камень нагою Сваёю».
7 Ісус сказаў яму: напісана: «Не выпрабоўвай Госпада, твайго Бога».
8 Зноў д’ябал бярэ Яго на вельмі высокую гару і паказвае Яму ўсе царствы свету і іх славу,
9 і сказаў3 Яму: Гэта усё дам Табе, калі Ты, упаўшы, паклонішся мне.
10 Тады Ісус кажа яму: Адыдзі, сатана! Бо напісана: «Госпаду, твайму Богу, пакланяйся і Яму аднаму служы».
11 Тады д’ябал пакідае Яго; і вось, Анёлы падышлі і служылі Яму.
12 А Ён, пачуўшы, што Іаан аддадзены пад варту, адышоў у Галілею,
13 І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нефалімавых;
14 каб спраўдзілася сказанае праз прарока Ісаію, які кажа:
15 «Зямля Завулонава і зямля Нефалімава, на прыморскай дарозе, Заіярданне, Галілея язычніцкая, —
16 народ, што сядзіць у цемры, убачыў вялікае святло, а тым, што сядзяць у краіне і ў цяні смерці, узышло святло».
17 З таго часу пачаў Ісус прапаведаваць і казаць: Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
18 Праходзячы ж каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сімана, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата, якія закідвалі сетку ў мора: бо былі яны рыбаловы.
19 І кажа ім: Ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.
20 І яны адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі ўслед за Ім.
21 І прайшоўшы адтуль далей, Ён убачыў іншых двух братоў: Іякава Зевядзеева і Іаана, яго брата, у лодцы з Зевядзеем, іх бацькам, калі яны папраўлялі свае сеткі, і паклікаў іх.
22 Яны адразу ж, пакінуўшы лодку і свайго бацьку, пайшлі за Ім.
23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах і прапаведуючы Дабравесце Царства і вылечваючы кожную хваробу і кожную немач у народзе.
24 І разышлася чутка пра Яго па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх хворых, што цярпелі ад розных хвароб і мук, [і] апанаваных дэманамі, і эпілептыкаў, і спаралізаваных, і Ён вылечваў іх.
25 І ішлі ўслед за Ім вялікія натоўпы з Галілеі, і Дзесяцігораддзя, і Іерусаліма, і Іудзеі, і з Заіардання.

Каментары ці зноскі:

3 У некат. рукап.: кажа.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Матфея, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014