Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Марка 15 Марка 15 разьдзел

1 І адразу раным-рана першасвятары са старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сінедрыён, зрабіўшы нараду, звязалі Ісуса, адвялі і перадалі Пілату.
2 І спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты Цар Іудзейскі?» — Ён жа кажа яму ў адказ: Так, як ты кажаш.
3 І першасвятары абвінавачвалі Яго ў многім.
4 І Пілат зноў спытаўся ў Яго, кажучы: Ты нічога не адказваеш? Глядзі, як у шмат чым Цябе абвінавачваюць.
5 Ісус жа больш нічога не адказаў, так што Пілат здзіўляўся.
6 А на свята ён вызваляў ім аднаго вязня, якога яны прасілі.
7 І быў адзін, якога звалі Варава, зняволены разам з паўстанцамі, што ў часе паўстання ўчынілі забойства.
8 І, падняўшыся36, натоўп пачаў прасіць аб тым, што ён [заўсёды] рабіў для іх.
9 Пілат жа адказаў ім, кажучы: Хочаце, я адпушчу вам Цара Іудзейскага?
10 Бо ён ведаў, што першасвятары выдалі Яго з зайздрасці.
11 А першасвятары падбухторылі натоўп, каб ён лепш вызваліў ім Вараву.
12 Пілат жа ў адказ зноў казаў ім: Дык што [вы хочаце], каб я зрабіў з Тым, Каго вы называеце Царом Іудзейскім?
13 Яны ж зноў закрычалі: Укрыжуй Яго!
14 А Пілат казаў ім: Што ж зрабіў Ён благога? — Але яны яшчэ мацней закрычалі: Укрыжуй Яго!
15 І Пілат, хочучы дагадзіць натоўпу, вызваліў ім Вараву, а Ісуса, пасля бічавання, перадаў, каб укрыжавалі.
16 І воіны адвялі Яго ў сярэдзіну двара, гэта значыць у прэторыю, і склікаюць усю кагорту.
17 І надзяваюць на Яго парфіру і, звіўшы з церняў вянок, ускладаюць Яму на галаву;
18 і пачалі вітаць Яго: Радуйся, Цар Іудзейскі!
19 І білі Яго па галаве палкаю і плявалі ў Яго і, апускаючыся на калені, кланяліся Яму.
20 І калі наглуміліся з Яго, знялі з Яго парфіру і апранулі Яго ў Яго адзенне. І выводзяць Яго, каб укрыжаваць Яго.
21 І прымушаюць нейкага Сімана, кірэнца, які міма ішоў з поля, бацьку Аляксандра і Руфа, каб узяў Яго крыж.
22 І вядуць Яго на месца Галгофу, што ў перакладзе значыць: «Месца чэрапа».
23 І давалі Яму віна, змешанага са смірнай, але Ён не ўзяў.
24 І ўкрыжоўваюць Яго і дзеляць Яго вопратку, кінуўшы жэрабя на яе, каму што ўзяць.
25 Было ж тры гадзіны37, і Яго ўкрыжавалі.
26 І быў надпіс з абазначэннем Яго віны: Цар Іудзейскі.
27 І з ім укрыжоўваюць двух разбойнікаў, аднаго праваруч, другога леваруч Яго.
28 [І спраўдзілася Пісанне, якое кажа: «І да злачынцаў Яго залічылі».]38
29 І тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы сваімі галовамі і кажучы: Гэй, Ты, што храм руйнуеш і за тры дні будуеш,
30 уратуй Самога Сябе [і] зыдзі з крыжа!
31 Гэтаксама і першасвятары глуміліся разам з кніжнікамі, казалі адзін аднаму: Іншых ратаваў, Сябе Самога не можа ўратаваць!
32 Хрыстос, Цар Ізраілеў, няхай цяпер зыдзе з крыжа, каб мы ўбачылі і ўверавалі! — І ўкрыжаваныя разам з Ім бэсцілі Яго.
33 І калі надышло шэсць гадзін, настала цемра па ўсёй зямлі аж да дзевяці гадзін.
34 І ў дзевяць гадзін ускрыкнуў Ісус моцным голасам: Элаі, Элаі! Лема39 савахвані?, што ў перакладзе значыць: «Божа Мой, Божа Мой! Навошта пакінуў Мяне Ты?»40
35 І некаторыя з тых, што стаялі побач, пачуўшы, казалі: Глянь, Ілію кліча.
36 А нехта, пабегшы і намачыўшы губку воцатам, надзеў яе на палку і паіў Яго, кажучы: Пачакай, паглядзім, ці прыйдзе Ілія зняць Яго.
37 Ісус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, выпусціў дух.
38 І заслона ў храме разарвалася надвое ад верху да нізу.
39 А цэнтурыён, што стаяў блізка насупроць Яго, убачыўшы, што Ён так выпусціў дух, сказаў: Сапраўды Гэты Чалавек быў Сын Божы!
40 Былі ж і жанчыны, што назіралі здалёк, між іх і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Іякава меншага і Іасіта, і Саламія,
41 тыя, што, калі Ён быў у Галілеі, ішлі ўслед за Ім і прыслугоўвалі Яму, і шмат іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Іерусалім.
42 І калі ўжо настаў вечар, бо быў дзень Падрыхтавання, гэта значыць пярэдадзень суботы,
43 прыйшоў Іосіф з Арымафеі, паважаны радца, што і сам быў у чаканні Царства Божага, і, адважыўшыся, увайшоў да Пілата і папрасіў цела Ісуса.
44 Пілат жа здзівіўся, што Ён памёр ужо; і, паклікаўшы цэнтурыёна, спытаўся ў яго, ці даўно Ён памёр;
45 і, даведаўшыся ад цэнтурыёна, ён падараваў цела Іосіфу.
46 І, купіўшы кужэльнага палатна, той зняў Яго, абвіў тым кужалем і паклаў Яго ў магільню, што была высечана ў скале, і прываліў камень да дзвярэй магільні.
47 А Марыя Магдаліна і Марыя, Іасітава [маці], глядзелі, дзе паклалі Яго.

Каментары ці зноскі:

8 36: У некат. рукап.: закрычаўшы.
25 37: Г. зн. дзевяць гадзін раніцы.
28 38: Верша 28 няма ў найстаражытнейшых рукапісах Мк.
34 39: У некат. рукап.: ламма.
34 40: Больш дакладны пераклад гучаў бы так: «Божа Мой! Божа Мой! Чаму Ты ахвяраваў Мною».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Марка, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014