1 І праз некалькі дзён Ён зноў увайшоў у Капернаум, і пачулі, што Ён дома.
2 І сабраліся многія, так што нават пры дзвярах ужо не было месца, і Ён казаў ім слова.
3 І прыходзяць, несучы да Яго спаралізаванага, якога трымалі чацвёра.
4 І не могучы данесці да Яго з-за натоўпу, яны раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, пракапаўшы, спускаюць пасцель, на якой ляжаў спаралізаваны.
5 І Ісус, убачыўшы іх веру, кажа спаралізаванаму: Дзіця, даруюцца твае грахі.
6 Сядзелі ж там некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сваіх сэрцах:
7 Што Ён такое кажа? Ён блюзнерыць; хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога?
8 І Ісус, адразу ўведаўшы Сваім духам, што яны так разважаюць у сабе, кажа ім: Што гэта вы разважаеце ў вашых сэрцах?
9 Што лягчэй: сказаць спаралізаванаму: «Даруюцца твае грахі» ці сказаць: «Уставай і вазьмі сваю пасцель і хадзі»?
10 Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу дараваць грахі на зямлі, — Ён кажа спаралізаванаму:
11 Табе кажу, уставай, вазьмі сваю пасцель і ідзі ў свой дом!
12 І той падняўся і адразу4, узяўшы пасцель, выйшаў перад усімі, так што ўсе здзіўляліся і славілі Бога, кажучы: Такога мы ніколі не бачылі!
13 І Ён зноў выйшаў да мора; і ўвесь натоўп прыходзіў да Яго, і Ён вучыў іх.
14 І, праходзячы, Ён убачыў Лявія Алфеевага, які сядзеў на месцы збору падаткаў, і кажа яму: Ідзі ўслед за Мною! — І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім.
15 І сталася: калі Ісус узлягаў за сталом у яго дома, то многія зборшчыкі падаткаў і грэшнікі ўзлягалі з Ім і Яго вучнямі: бо было іх шмат, і яны ішлі ўслед за Ім.
16 І кніжнікі з фарысеяў5, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і зборшчыкамі падаткаў, казалі Яго вучням: Чаму Ён есць і [п’е] са зборшчыкамі падаткаў і грэшнікамі?
17 І, пачуўшы, Ісус кажа ім: Не здаровыя маюць патрэбу ў доктары, а хворыя. Я прыйшоў заклікаць не праведных, а грэшных [да пакаяння].
18 А вучні Іаанавы і фарысеі6 пасцілі. І прыходзяць яны і кажуць Яму: Чаму Іаанавы вучні і вучні фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць?
19 І сказаў ім Ісус: Хіба могуць сыны шлюбнага пакоя пасціць, калі з імі малады? Увесь час пакуль малады з імі, яны не могуць пасціць.
20 Але прыйдуць дні, калі малады будзе ўзяты ад іх і тады, у той дзень7, яны будуць пасціць.
21 Ніхто не прышывае латкі з суравой тканіны да старога адзення; калі ж не — прышытае ад яго адарвецца, новае ад старога, і дзірка будзе горшая.
22 І ніхто не ўлівае маладога віна ў старыя бурдзюкі, калі ж не — прарве віно бурдзюкі, і віно прападзе, і бурдзюкі; а віно маладое ўліваюць у новыя бурдзюкі.
23 І надарылася Яму ў суботу праходзіць збажыною, і Яго вучні пачалі дарогаю зрываць калоссе.
24 І фарысеі казалі Яму: Паглядзі, чаму яны ў суботу робяць тое, чаго не дазваляецца?
25 І Ён кажа ім: Ці вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і быў сам галодны і тыя, што былі з ім,
26 як ён увайшоў у Божы дом пры Афіяфары-першасвятары і з’еў хлябы прапановы, якіх не дазваляецца есці нікому, акрамя святароў, і даў таксама тым, што былі з ім?
27 І Ён казаў ім: субота створана для чалавека, а не чалавек для суботы;
28 так што Сын Чалавечы — гаспадар і суботы.
Каментары ці зноскі:
12 4: У некат. рукап.: адразу падняўся і.
16 5: У некат. рукап.: і фарысеі.
18 6: У некат. рукап.: фарысеяў.
20 7: У некат. рукап.: у тыя дні.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Марка, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014