Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Лукі 11 Лукі 11 разьдзел

1 І сталася: калі Ён у адным месцы маліўся і перастаў, хтосьці з Яго вучняў сказаў Яму: Госпадзе, навучы нас маліцца, як і Іаан навучыў сваіх вучняў.
2 І Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце: Татухна [наш, які ў нябёсах], няхай асвяціцца імя Тваё; няхай прыйдзе Царства Тваё; [няхай здзейсніцца воля Твая як у небе, так і на зямлі];
3 хлеб наш надзённы давай нам штодня;
4 і даруй на нашы грахі, бо і мы даруем кожнаму вінаватаму нам; і не ўвядзі нас у спакусу, [але выбаў нас ад ліхога].
5 І сказаў ім: Хто з вас, маючы сябра, прыйдзе да яго апоўначы і скажа яму: «Дружа, пазыч мне тры хлябы,
6 таму што прыйшоў да мяне з дарогі мой сябра, а я не маю чаго падаць яму;
7 і той у адказ з дому скажа: «Не рабі мне клопату; ужо дзверы зачынены, і дзеці мае са мною ў пасцелі; не магу я ўстаць і даць табе»?
8 Кажу вам: калі ён і не ўстане і не дасць яму дзеля таго, што ён яго сябра, то з-за яго дакучлівасці падымецца і дасць яму, колькі трэба.
9 І Я вам кажу: прасіце і вам будзе дадзена, шукайце і знойдзеце, стукайце і адчыняць вам.
10 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і таму, хто стукае, адчыняюць.
11 І які з вас бацька, калі сын папросіць [у яго хлеба, падасць яму камень? Ці, калі папросіць] рыбу, замест рыбы падасць яму змяю?
12 Або таксама, калі папросіць яйка, падасць яму скарпіёна?
13 Дык калі вы, будучы ліхімі, умееце даваць добрыя дары сваім дзецям, то тым больш Нябесны Бацька дасць Святога Духа тым, што просяць у Яго.
14 І аднаго разу выганяў Ён дэмана, [а ён быў] нямы; і сталася: калі дэман выйшаў, нямы загаварыў і дзівіліся натоўпы.
15 А некаторыя з іх сказалі: Веельзевулам, уладаром дэманаў, выганяе Ён дэманаў.
16 А іншыя, выпрабоўваючы, дамагаліся ад Яго знака з неба.
17 Ён жа, ведаючы іх думкі, сказаў ім: Кожнае царства, само супроць сябе падзеленае, пустошыцца, і дом на дом падае.
18 Калі ж і сатана сам супроць сябе падзяліўся, як устоіць яго царства? А вы кажаце, што Я Веельзевулам выганяю дэманаў.
19 Калі ж Я Веельзевулам выганяю дэманаў, то кім выганяюць вашы сыны? Таму яны будуць вам суддзямі.
20 Калі ж пальцам Божым [Я] выганяю дэманаў, то прыйшло да вас Царства Божае.
21 Калі дужы, узброіўшыся, ахоўвае свой двор, то ў бяспецы яго маёмасць.
22 Калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго, то забірае ўсю яго зброю, на якую той спадзяваўся, і раздае здабытае ў яго.
23 Хто не са Мною, той супроць Мяне, і хто не збірае са Мною, то раскідае.
24 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, то блукае бязводнымі мясцінамі, шукаючы спакою і не знаходзячы; [тады] кажа: «Вярнуся ў свой дом, адкуль выйшаў»;
25 і, прыйшоўшы, знаходзіць яго падмеценым і прыбраным.
26 Тады ідзе і бярэ сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і, увайшоўшы, яны пасяляюцца там, і апошняе робіцца таму чалавеку горшае за першае.
27 І сталася: калі Ён казаў гэта, адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму: Шчаслівае ўлонне, якое вынасіла Цябе, і грудзі, якія Ты ссаў.
28 А Ён сказаў: Тым болей шчаслівыя тыя, што слухаюць Божае слова і выконваюць [яго].
29 А калі сталі збірацца натоўпы, ён пачаў казаць: Гэтае пакаленне — пакаленне ліхое, яно знаку вымагае, ды знаку яму не будзе дадзена, апрача знака Іоны [прарока].
30 Бо як Іона быў знакам для ніневіцян, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення.
31 Царыца Поўдня паўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, таму што яна прыйшла з канцоў зямлі, каб паслухаць Саламонаву мудрасць, і вось, тут большае за Саламона.
32 Людзі ніневійскія ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго; бо яны пакаяліся ад Іонавай пропаведзі, і вось тут большае за Іону.
33 Ніхто, запаліўшы светач, не ставіць у патайное месца, [ні пад пасудзіну], але на падстаўку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
34 Светач цела — тваё вока. [Дык] калі тваё вока чыстае, то і ўсё тваё цела [будзе] яснае; калі ж — ліхое, то і цела тваё [будзе] цёмнае.
35 Дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не была цемраю.
36 Калі ж усё тваё цела светлае і не мае ніводнай цёмнай часцінкі, то будзе яго ўсё светлае, нібы светач сваім ззяннем асвятляе цябе.
37 І калі Ён гэта сказаў, просіць Яго адзін фарысей, каб паабедаў у яго; і Ён, увайшоўшы, узлёг.
38 Фарысей жа, буачыўшы, здзівіўся, што Ён спярша не ўмыўся перад абедам.
39 Госпад жа сказаў яму: цяпер вы, фарысеі, чашу і міску ачышчаеце звонку, а ваша нутро поўнае хцівасці і зласлівасці.
40 Неразумныя! Хіба Той, Хто стварыў вонкавае, не стварыў і ўнутранае?
41 Але дайце тое, што ў сярэдзіне сэрца, як міласціну, і вось, усё ў вас [будзе] чыстае.
42 Але бяда вам, фарысеям, бо вы даяце дзесяціну з мяты, руты і ўсялякай агародніны, ды абмінаеце суд і Божую любоў; і гэта належала зрабіць, і таго не ўпусціць.
43 Бяда вам, фарысеям, бо вы любіце першыя месцы ў сінагогах і прывітанні на рыначных плошчах.
44 Бяда вам, [кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі], што вы — як магілы непазначаныя, і людзі ходзяць зверху, ды не ведаюць.
45 І ў адказ адзін з законнікаў кажа Яму: Настаўніку, кажучы гэта, Ты і нас абражаеш.
46 А Ён сказаў: І вам, законнікам, бяда, бо вы ўскладаеце на людзей празмерныя цяжары, а самі ніводным сваім пальцам не дакранаецеся да гэтых цяжараў.
47 Бяда вам, бо вы будуеце надмагільныя помнікі прарокам, — а вашы бацькі забілі іх.
48 Значыць, вы сведкі24 і ўхваляеце ўчынкі сваіх бацькоў, бо яны забілі іх, вы ж будуеце [ім магільні].
49 Таму і мудрасць Божая сказала: «Пашлю ім прарокаў і Апосталаў, і некаторых з іх заб’юць і будуць гнаць,
50 каб кроў усіх прарокаў, пралітая ад стварэння свету, была спагнана з гэтага пакалення,
51 ад крыві Авеля да крыві Захарыі, які загінуў між ахвярнікам і храмам. Так, кажу вам: яна будзе спагнана з гэтага пакалення.
52 бяда вам, законнікам, бо вы ўзялі ключ ведаў: самі не ўвайшлі і перашкодзілі тым, што ўваходзілі.
53 І калі Ён выйшаў адтуль25, пачалі кніжнікі і фарысеі моцна наступаць на Яго і выпытваць у Яго шмат пра што,
54 падпільноўваючы Яго [і шукаючы], каб падлавіць што-небудзь з Яго вуснаў, [каб абвінаваціць Яго.]

Каментары ці зноскі:

48 24: У некат. рукап.: сведчыце.
53 25: У некат. рукап.: казаў ім гэта.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Лукі, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014