Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Лукі 16 Лукі 16 разьдзел

1 І Ён казаў таксама [сваім] вучням: Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і яму данеслі на яго, што той растрачвае яго маёмасць.
2 І ён, паклікаўшы яго, сказаў яму: Што гэта я чую пра цябе? Дай рахунак з твайго аканомства, бо ты ўжо не можаш быць аканомам.
3 Аканом жа сказаў сам сабе: Што мне рабіць, бо мой гаспадар адымае ў мяне аканомства? Капаць не здужаю, жабраваць саромеюся.
4 Ведаю, што зраблю, каб мяне, калі знімуць з аканомства, прынялі ў свае дамы.
5 І, паклікаўшы паасобку кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, спытаўся ў першага: Колькі ты вінен майму гаспадару?
6 І той сказаў: Сто батаў38 алею. — Ён жа сказаў яму: Вазьмі сваю распіску і, сеўшы, хуценька напішы: пяцьдзесят».
7 Пасля другому сказаў: А ты колькі вінен? — І той сказаў: Сто кораў39 пшаніцы. — Кажа яму: Вазьмі сваю распіску і напішы: «восемдзесят».
8 І пахваліў гаспадар неправеднага аканома, што ён разумна зрабіў; бо сыны гэтага веку разумнейшыя за сыноў святла для свайго пакалення.
9 І Я вам кажу: Здабывайце сабе сяброў багаццем40 няправеднага свету, каб, калі яго не стане, яны прынялі вас у вечныя сялібы.
10 Верны ў найменшым і ў многім верны, а няправедны ў найменшым няправедны і ў многім.
11 Дык калі ў няправедным багацці40 не сталі верныя, хто вам праўдзівае даверыць?
12 І калі вы ў чужым не сталі верныя, хто вам дасць ваша?
13 Ніяк слуга не можа служыць двум гаспадарам: бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога будзе любіць, або аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне.
14 І чулі ўсё гэта фарысеі, што былі срэбралюбцы, і насміхаліся з Яго.
15 І Ён сказаў ім: Вы выдаеце сябе за праведных перад людзьмі, але Бог ведае вашы сэрцы; бо высокае ў людзей — брыдота перад Богам.
16 Закон і прарокі — да Іаана: з таго часу Царства Божае дабравесціцца, і кожны сілаю прабіваецца ў яго.
17 Ды лягчэй небу і зямлі прайсці, чым каб прапала адна рыска ў законе.
18 Кожны, хто адпускае сваю жонку і бярэ іншую, чужаложыць, і той, хто бярэ ў жонкі адпушчаную мужам, чужаложыць.
19 Адзін чалавек быў багаты і апранаўся ў парфіру і вісон і штодня раскошна весяліўся.
20 І адзін убогі, імем Лазар, ляжаў каля яго варотаў, увесь у скуллі
21 і прагнуў наесціся таго, што падала41 са стала багацея; яшчэ і сабакі прыходзілі і лізалі яго скулле.
22 І сталася: убогі памёр, і яго аднеслі Анёлы на Аўраамава ўлонне; памёр таксама і багаты, і яго пахавалі.
23 І ў пекле, зносячы мукі, узняў ён свае вочы і бачыць здалёку Аўраама і Лазара на яго ўлонні.
24 І ён, усклікнуўшы, сказаў: Татухна Аўрааме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб ён абмакнуў канец свайго пальца ў ваду і астудзіў мой язык, бо я мучуся ў гэтым полымі.
25 Аўраам жа сказаў: Дзіця, успомні, што ты ў сваім жыцці атрымаў сваё добрае, а Лазар гэтак жа ліхое; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты мучышся.
26 І да ўсяго гэтага між намі і вамі ўстаноўлена вялікая прорва, каб тыя, што хочуць перайсці адсюль да вас, не маглі, ані адтуль да нас не пераходзілі.
27 І ён сказаў: Дык прашу цябе, татухна, пашлі яго ў дом майго бацькі,
28 бо пяць братоў маю, каб ён перасцярог іх, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца мучэння.
29 І кажа [яму] Аўраам: Яны маюць Маісея і прарокаў: няхай слухаюць іх.
30 А ён сказаў: Не, татухна Аўрааме, але калі хто з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.
31 Ды ён сказаў яму: Калі яны Маісея і прарокаў не слухаюць, то калі б і хто з мёртвых уваскрэс, не параканаюцца.

Каментары ці зноскі:

6 38: Бат — прыкладна 35 літраў.
7 39: Кор — прыкладна 220 літраў.
9, 11 40: У арыгінале ўжыта арамейскае слова «мамона».
21 41: У некат. рукап.: крошак, што падалі.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Лукі, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014