Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Іаана 7 Іаана 7 разьдзел

1 І пасля гэтага Ісус хадзіў па Галілеі; бо па Іудзеі Ён не хацеў хадзіць, таму што іудзеі шукалі нагоды Яго забіць.
2 А было блізка іудзейскае свята — Стаўленне Буданоў.
3 Тады Яго браты сказалі Яму: «Пайдзі адсюль і ідзі ў Іудзею, каб і Твае вучні ўбачылі Твае ўчынкі, што Ты робіш;
4 бо ніхто нічога не робіць употай, а сам стараецца быць вядомым. Калі Ты гэта робіш, пакажы Сябе свету.
5 Бо нават Яго браты не верылі ў Яго.
6 Ісус жа ім кажа: Мой час яшчэ не надышоў, а для вас заўсёды час.
7 Свет не можа ненавідзець вас, Мяне ж ён ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што яго ўчынкі ліхія.
8 Вы ідзіце на свята; Я не пайду на гэтае свята, таму што мой час яшчэ не прыспеў.
9 І, сказаўшы гэта, Ён застаўся ў Галілеі.
10 Калі ж Яго браты пайшлі на свята, тады і Ён пайшоў: не адкрыта, а [як бы] ўпотай.
11 І вось іудзеі шукалі Яго на свяце і казалі: Дзе Ён?
12 І шмат спрэчак было пра Яго ў натоўпах: адны казалі: Ён добры, іншыя [ж] казалі: Не, наадварот, ашуквае людзей.
13 Ніхто, аднак, адкрыта не казаў пра Яго з-за боязі перад іудзеямі.
14 А ў палавіне ўжо свята, увайшоў Ісус у святыню і вучыў.
15 І здзіўляліся іудзеі, кажучы: Як Ён ведае Пісанні, не вучыўшыся?
16 Тады ў адказ ім Ісус сказаў: Маё вучэнне не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне.
17 Калі хто хоча выконваць Яго волю, той даведаецца пра вучэнне, ці ад Бога яно, ці Я Сам ад Сябе кажу.
18 Хто кажа сам ад сябе, той шукае ўласнай славы; а хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго — Той праўдзівы, і няправеднасці ў Ім няма.
19 Ці не Маісей вам даў закон? Ды ніхто з вас не выконвае закона. За што вы хочаце забіць Мяне?
20 Натоўп адказаў: У Табе дэман! Хто шукае забіць Цябе?
21 Адказаў Ісус і сказаў ім: Адзін учынак Я зрабіў, і вы ўсе здзіўляецеся.
22 Вось Маісей даў вам абразанне, — хоць яно не ад Маісея, але ад бацькоў, — вы і ў суботу абразаеце чалавека.
23 Калі чалавек у суботу прымае абразанне, каб не быў парушаны закон Маісееў, чаму на Мяне гневаецеся, што Я ўсяго чалавека зрабіў здаровым у суботу?
24 Не судзіце з выгляду, а судзіце справядлівым судом.
25 Тады некаторыя з іерусалімлян казалі: Ці не Той гэта, Каго яны шукаюць забіць?
26 І вось Ён адкрыта гаворыць, і нічога Яму не кажуць. Няўжо сапраўды ўведалі начальнікі, што гэта Хрыстос?
27 Але ж мы ведаем Гэтага чалавека, адкуль Ён, а калі Хрыстос прыйдзе, ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён.
28 Усклікнуў тады ў святыні Хрыстос, навучаючы і кажучы: І ведаеце Мяне і ведаеце, адкуль Я; але Я прыйшоў не ад Самога Сябе, ды праўдзівы Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы не ведаеце;
29 Я ведаю Яго, таму што Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў.
30 Тады яны шукалі, як схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рукі, бо яшчэ не надышла Яго гадзіна.
31 З натоўпу ж многія ўверавалі ў Яго і казалі: Няўжо Хрыстос, калі прыйдзе, зробіць болей знакаў, чым Гэты зрабіў?
32 Фарысеі пачулі гэтыя погаласкі пра Яго ў натоўпе, і паслалі першасвятары і фарысеі служак, каб схапіць Яго.
33 Ісус жа сказаў [ім]: Яшчэ нядоўга пабуду Я з вамі і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне.
34 Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце [Мяне], і, дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсці.
35 Тады іудзеі казалі між сабою: Куды Ён збіраецца ісці, што мы не знойдзем Яго? Ці не збіраецца Ён ісці да высяленцаў між эленаў і навучаць эленаў?
36 Што гэта за слова, якое Ён сказаў: «Будзеце шукаць Мяне і не знойдзеце [Мяне], і, дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсці?»
37 А ў апошні, вялікі дзень Свята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: Калі хто з вас засмяг, няхай прыходзіць да Мяне і п’е.
38 Хто веруе ў Мяне, як кажа Пісанне, у таго з нутра пацякуць рэкі жывой вады.
39 Гэта ж Ён сказаў пра Духа, што павінны былі атрымаць тыя, хто ўвераваў у Яго; яшчэ не было [на іх Святога] Духа, таму што Ісус яшчэ не быў праслаўлены.
40 Тады [многія] з натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Гэта сапраўды Прарок.
41 Іншыя казалі: Гэта Хрыстос. — А іншыя казалі: Хіба ж з Галілеі прыйдзе Хрыстос?
42 Ці не ў Пісанні сказана, што Хрыстос прыйдзе ад патомства Давідавага і з Віфлеема, таго паселішча, адкуль быў Давід?
43 І вось зрабіўся з-за Яго разлад у натоўпе;
44 некаторыя ж з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рук.
45 І вось прыйшлі служкі да першасвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: Чаму вы не прывялі Яго?
46 Служкі адказалі: Ніколі так не гаварыў чалавек, [як Гэты чалавек].
47 Тады фарысеі адказалі ім: Няўжо і вас ашукалі?
48 Хіба хто-небудзь з начальнікаў увераваў у Яго ці з фарысеяў?
49 Але гэты натоўп не ведае закона, — яны пракляты.
50 Кажа ім Нікадзім, што прыходзіў да Яго раней21 і быў адным з іх:
51 Хіба наш закон судзіць чалавека, не выслухаўшы яго спярша і не даведаўшыся, што ён робіць?
52 Яны сказалі ў адказ яму: Няўжо і ты з Галілеі? Даследуй і пабач, што з Галілеі прарок не прыходзіць.
53 І пайшоў кожны ў свой дом.

Каментары ці зноскі:

50 21: У некат. рукап.: уночы.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Іаана, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014