Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Дзеянні 15 Дзеянні 15 разьдзел

1 І некаторыя, прыйшоўшы з Іудзеі, навучалі братоў: Калі не абрэжацеся паводле Маісеевага звычаю, не зможаце ўратавацца.
2 І калі адбылося сутыкненне і немалая спрэчка ў Паўла і Варнавы з імі, то вырашылі, каб Павел і Варнава і некаторыя іншыя з іх пайшлі з гэтым пытаннем да Апосталаў і прасвітараў у Іерусалім.
3 Дык яны, выпраўленыя царквою, праходзілі праз Фінікію і Самарыю, расказваючы пра далучэнне язычнікаў, і вялікую радасць прыносілі ўсім братам.
4 І, калі прыйшлі ў Іерусалім, яны былі прыняты царквою, Апосталамі і прасвітарамі і абвясцілі ўсё, што Бог зрабіў з імі [і як адчыніў язычнікам дзверы веры].
5 Але паўсталі сярод іх некаторыя вернікі з секты фарысеяў, кажучы: Трэба абрэзваць іх і патрабаваць, каб выконвалі Маісееў закон.
6 І сабраліся Апосталы і прасвітары, каб разгледзець гэтую справу.
7 І калі адбылася вялікая спрэчка, устаў Пётр і сказаў ім: Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўніх дзён выбраў сярод вас мяне, каб праз мае вусны язычнікі пачулі слова Дабравесця і ўверавалі.
8 І Сэрцазнаўца Бог засведчыў ім, даўшы [ім] Святога Духа так, як і нам;
9 і Ён не зрабіў ніякай розніцы між намі і імі, вераю ачысціўшы іх сэрцы.
10 Дык чаму вы цяер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы на шыю вучняў ярмо, якое ні нашы бацькі, ні мы не змаглі панесці?
11 Але мы верым, што ласкаю Госпада Ісуса мы будзем уратаваны такім жа чынам, як і яны.
12 І ўвесь сход замоўк і слухаў Варнаву і Паўла, што расказвалі пра ўсе знакі і цуды, якія Бог зрабіў праз іх між язычнікаў.
13 Пасля ж таго, як яны змоўклі, у адказ Іякаў сказаў: Мужы браты, паслухайце мяне.
14 Сімяон42 расказаў, як Бог спачатку прыгледзеў узяць з язычнікаў народ для Свайго імя.
15 І з гэтым згодныя словы прарокаў, як напісана:
16 «Пасля гэтага Я вярнуся і адбудую заняпалую скінію Давідаву; Я адбудую яе руіны і ўзнясу яе,
17 каб астатнія з людзей знайшлі Госпада і ўсе народы, якім абвешчана Маё імя, — кажа Госпад, Які творыць гэта
18 вядомым спрадвеку»43.
19 Таму я думаю, што не трэба абцяжарваць тых з язычнікаў, хто далучаецца да Бога,
20 а напісаць ім, каб яны ўстрымліваліся ад апаганенага ідаламі, ад распусты, ад задушанага і ад крыві [і каб не рабілі іншым таго, чаго не хочуць сабе].
21 Бо закон Маісея ад старажытных пакаленняў мае ў кожным горадзе тых, хто яго прапаведуе: яго штосуботы чытаюць у сінагогах.
22 Тады Апосталам і прасвітарам з усёю царквою паказалася патрэбным, выбраўшы сярод сябе людзей, паслаць іх у Антыёхію з Паўлам і Варнавам: Іуду, званага Варсавам, і Сілу, людзей-правадыроў між братоў,
23 напісаўшы сваімі рукамі [гэта]: «Апосталы, і прасвітары, і браты — братам па ўсёй Антыхіі, Сірыі і Кілікіі, тым, хто з язычнікаў: радавацца.
24 Так як мы пачулі, што некаторыя [выйшаўшы] ад нас, устрывожылі вас сваімі словамі і захісталі вашы душы [кажучы, што трэба абразацца і трымацца закона], чаго мы ім не даручалі,
25 нам паказалася патрэбным, пасля таго як мы прыйшлі да аднадушнасці, выбраць людзей і паслаць іх да вас з нашымі ўлюбёнымі Варнавам і Паўлам,
26 людзьмі, якія аддалі свае душы за імя нашага Госпада Ісуса Хрыста.
27 Дык мы паслалі Іуду і Сілу, якія самі абвесцяць вам тое ж самае на словах.
28 Бо Святому Духу і нам паказалася патрэбным не ўскладваць на вас ніякага большага цяжару, акрамя гэтага неабходнага:
29 устрымлівацца ад ідалаахвярнага, і ад крыві, і ад задушанага, і ад распусты [і чаго не хочаце, каб было з вамі, не рабіце іншым]. Засцерагаючыся ад гэтага, вы добра зробіце. Бывайце здаровы!»
30 Дык яны, выпраўленыя ў дарогу, прыйшлі ў Антыёхію і, сабраўшы мноства людзей, перадалі ліст.
31 І тыя, прачытаўшы, узрадаваліся іх суцяшэнню.
32 А Іуда і Сіла, самі будучы прарокамі, многімі словамі суцешылі братоў і ўмацавалі іх.
33 І, правёўшы там пэўны час, яны былі адпушчаны з мірам ад братоў да тых, хто паслаў іх44.
34 [Але Сілу здалося за лепшае застацца там. А Іуда адзін выправіўся ў Іерусалім]45.
35 Павел жа і Варнава жылі ў Антыёхіі, навучаючы слову Гасподняму і дабравесцячы яго разам з многімі іншымі.
36 Але праз некалькі дзён Павел сказаў Варнаву: Вяртаймася, адведаем [нашых] братоў у кожным горадзе, у якіх мы абвясцілі слова Гасподняе, — як яны маюцца?
37 І Варнава хацеў узяць з сабою і Іаана, званага Маркам;
38 а Павел лічыў, што не трэба браць гэтага чалавека, які адступіў ад іх у Памфіліі і не пайшоў з імі на работу, [на якую яны былі пасланы].
39 І адбылася вострая спрэчка, так што яны разышліся адзін з адным, і Варнава, узяўшы з сабою Марка, адплыў на Кіпр.
40 А Павел, выбраўшы Сілу, пайшоў, будучы даручаны братамі ласцы Гасподняй46.
41 І ён праходзіў Сірыю і Кілікію, умацоўваючы цэрквы.

Каментары ці зноскі:

14 42: Тут у гр. тэксце ўжыта іншая форма імя Сіман.
18 43: У некат. рукап.: 18 вядомыя Богу ад веку ўсе Яго справы.
33 44: У некат. рукап.: Апосталаў.
34 45: У некат. рукап. гэты верш апушчаны.
40 46: У некат. рукап.: Божай.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеянні Апосталаў, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014