Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Дзеянні 17 Дзеянні 17 разьдзел

1 І, прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалонію, яны прыйшлі ў Фесалоніку, дзе была іудзейская сінагога.
2 І Павел, як звычайна, увайшоў да іх і тры суботы гутарыў з імі на падставе Пісанняў,
3 адкрываючы і даводзячы, што Хрыстос павінен быў пакутаваць і ўваскрэснуць з мёртвых і што: Гэты Хрыстос ёсць Ісус, Якога я вам абвяшчаю.
4 І некаторыя з іх пераканаліся і прымкнулі да Паўла і Сілы, гэтак жа як вялікае мноства набожных элінаў і нямала знатных жанчын.
5 Але іудзеі, [якія не паверылі], пазайздросціўшы і падабраўшы нейкіх ліхіх людзей з рыначнай плошчы, сабралі натоўп і ўзбунтавалі горад і, падступіўшы да Іясонавага дома, яны дамагаліся вывесці іх да народу;
6 але, не знайшоўшы іх, пацягнулі Іясона і некаторых братоў да гарадскіх начальнікаў, крычачы: Гэтыя людзі, што ўзбурылі ўвесь свет, прыйшлі і сюды;
7 і іх прыняў Іясон; і ўсе яны ідуць супроць пастановаў цэзара, кажучы, што ёсць другі цар, Ісус.
8 І яны ўзбударажылі натоўп і гарадскіх начальнікаў, што слухалі гэта.
9 І, узяўшы заклад з Іясона і астатніх, яны адпусцілі іх.
10 Браты ж адразу ўначы адаслалі Паўла і Сілу ў Верыю, і яны, прыбыўшы, пайшлі ў іудзейскую сінагогу.
11 А гэтыя людзі былі больш адкрытыя, чым тыя, што ў Фесалоніцы; яны прынялі слова з усёй шчырасцю, штодня разбіраючы Пісанні, ці так гэта.
12 І шмат з іх уверавалі: і з паважаных элінскіх жанчын, і з мужчын нямала.
13 Але калі іудзеі з Фесалонікі даведаліся, што і ў Верыі Паўлам было абвешчана слова Божае, яны прыйшлі і туды, хвалюючы і бударажачы натоўпы.
14 І тады браты адразу адаслалі Паўла, каб ён ішоў да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.
15 І тыя, хто праводзіў Паўла, давялі [яго] да Афінаў, і, атрымаўшы загад для Сілы і Цімафея, каб тыя, як мага хутчэй прыйшлі да яго, пайшлі.
16 І пакуль Павел чакаў іх у Афінах, яго дух раздражняўся ў ім, калі ён бачыў, што горад поўны ідалаў.
17 І таму ён гутарыў у сінагозе з іудзеямі і з богабаязнымі і штодня на рыначнай плошчы з выпадковымі сустрэчнымі.
18 І некаторыя з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў сутыкаліся з ім. І адны казалі: Што хоча сказаць гэты пустазвон? — А другія: Здаецца, ён абвяшчае чужыя боствы, — бо ён дабравесціў Ісуса і ўваскрэсенне.
19 І, узяўшы яго, яны прывялі ў Арэапаг, кажучы: Ці можам мы даведацца, што гэта за новае вучэнне, якое ты прапаведуеш?
20 Бо нешта дзіўнае ты даносіш да нашых вушэй. Дык мы хочам даведацца, што ўсё гэта значыць.
21 А ўсе афіняне і прышэльцы-чужаземцы нічым іншым не бавілі час, як тым, каб расказваць ці слухаць што-небудзь новае.
22 І Павел, стаўшы пасярэдзіне Арэапага, сказаў: Мужы афінскія, я з усяго бачу, што вы вельмі набожныя.
23 Бо, праходзячы і аглядаючы вашы святыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім было напісана: «невядомаму богу». Вось Гэтага, Якога вы, не ведаючы, ушаноўваеце, я і абвяшчаю вам.
24 Бог, Які стварыў свет і ўсё, што ў ім, — Ён, будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве;
25 і не служаць Яму чалавечымі рукамі, нібы Ён мае ў чым-небудзь патрэбу; Сам Ён дае ўсім жыццё, і дыханне, і ўсё.
26 І Ён стварыў з аднаго50 кожны чалавечы народ, каб яны жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы акрэсленыя часы і межы іх пражывання,
27 каб яны шукалі Бога — ці не намацаюць яны Яго і не знойдуць, — хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас.
28 Бо ў Ім мы жывём, і рухаемся, і існуём, як і некаторыя з паэтаў у вас казалі: «Бо мы і род Яго».
29 Будучы ж родам Божым, мы не павінны думаць, што Боскае падобнае да золата, ці серабра, ці каменя — да вобраза мастацтва і задумы чалавека.
30 Дык, пакінуўшы без увагі часы няведання, Бог цяпер загадвае усім людзям, каб скрозь пакаяліся,
31 бо Ён вызначыў дзень, у які Ён будзе справядліва судзіць свет праз Чалавека, якога Ён прызначыў, даўшы ўсім доказ — уваскрэсіўшы Яго з мёртвых.
32 І, пачуўшы пра ўваскрэсенне мёртвых, адны насміхаліся, а другія сказалі: Мы паслухаем цябе пра гэта яшчэ раз.
33 [І] так Павел пайшоў ад іх.
34 Але некаторыя людзі, прымкнуўшы да яго, уверавалі, сярод іх і Дыянісій Аэрапагіт, і жанчына імем Дамар, і іншыя з імі.

Каментары ці зноскі:

26 50: У некат. рукап.: з адной крыві.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеянні Апосталаў, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014