1 І калі надышоў дзень Пяцідзесятніцы, яны ўсе былі [аднадушна] разам у адным месцы.
2 І раптам з неба пачуўся шум, як ад парывістага моцнага подзьмуху, і ён напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі;
3 і паказаліся ім падзеленыя языкі, нібы агнявыя, і селі па адным на кожнага з іх,
4 і яны ўсе напоўніліся Святым Духам і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў прамаўляць ім.
5 А ў Іерусаліме былі іудзеі, набожныя людзі з усялякага народа, што пад небам.
6 Калі ж пачуўся гэты гук, усё гэтае мноства зышлося і прыйшло ў замяшанне, бо кожны з іх чуў, што яны прамаўляюць на яго ўласнай гаворцы.
7 Яны ж уразіліся і здзіўляліся, кажучы [адзін аднаму]: Вось, усе гэтыя, што гавораць, хіба не галілеяне?
8 І як мы іх чуем кожны на сваёй уласнай гаворцы, у якой мы нарадзіліся?
9 Парфяне, і мідзяне, і эламіты, і жыхары Месапатаміі, і Іудзеі, і Кападакіі, Понта і Азіі,
10 і Фрыгіі, і Памфіліі, Егіпта і земляў Лівіі, сумежных з Кірэнаю, і прышлыя з Рыма,
11 і іудзеі, і празеліты6, крыцяне і аравіцяне — мы чуем, як яны гавораць на нашых мовах аб велічы Бога.
12 І ўсе ўражваліся і ў недаўменні казалі адзін аднаму: Што гэта значыць?
13 Іншыя ж, насміхаючыся, казалі: Яны напіліся салодкага віна!
14 Пётр жа, стаўшы з адзінаццаццю, узвысіў свой голас і прамовіў да іх: Мужы іудзейскія і ўсе жыхары Іерусаліма, няхай будзе вам гэта вядома, і ўслухайцеся ў мае словы.
15 Бо гэтыя людзі не п’яныя, як вы думаеце, бо цяпер трэцяя гадзіна дня7,
16 а гэта тое, што сказана праз прарока Іаіля:
17 «І будзе ў апошнія дні, — кажа Бог, — Я вылью ад Майго Духа на кожнае цела, і будуць прарочыць вашы сыны і вашы дочкі; і вашы юнакі будуць бачыць з’явенні, а вашым старым будуць сніцца сны;
18 так, і на Маіх рабоў і на Маіх рабынь у тыя дні вылью ад Майго Духа, і яны будуць прарочыць.
19 І дам цуды ў небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе — кроў, і агонь, і куродым.
20 Сонца ператворыцца ў цемру і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Гасподні, вялікі і слаўны.
21 І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, будзе ўратаваны».
22 Мужы ізраільскія, выслухайце гэтыя словы: Ісуса Назарэя, чалавека, Богам засведчанага для вас сіламі, цудамі і знакамі, якія Бог зрабіў праз Яго сярод вас, як вы [і] самі ведаеце,
23 Гэтага, выдадзенага паводле пэўнай задумы і прадбачання Божага, вы [ўзялі і,] рукою беззаконнікаў, прыбіўшы цвікамі, забілі.
24 Яго Бог уваскрэсіў, вызваліўшы з мукаў смерці, таму што не магло быць, каб яна ўтрымлівала Яго.
25 Бо Давід кажа пра Яго: «Бачыў я Госпада перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, каб я не пахіснуўся.
26 З-за гэтага ўзвесялілася маё сэрца і ўзрадаваўся мой язык, яшчэ ж і цела маё супакоіцца ў надзеі,
27 бо не пакінеш Ты маёй душы ў пекле і не дасі Твайму святому ўбачыць тленне.
28 Ты даў спазнаць мне дарогі жыцця; Ты напоўніш мяне радасцю перад Тваім абліччам».
29 Мужы браты, дазвольце адкрыта сказаць вам пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і пахаваны, і яго магільня ў нас да гэтага дня.
30 Будучы ж прарокам і ведаючы, што Бог клятваю пакляўся яму ад плоду яго паясніцы [узвесці Хрыста ў целе] і пасадзіць на яго трон,
31 ён, прадбачачы, сказаў пра ўваскрэсенне Хрыста, што і ў пекле Ён не быў пакінуты8, і цела Яго не ўбачыла тлення.
32 Гэтага Ісуса ўваскрэсіў Бог, сведкамі чаго ўсе мы.
33 І вось Ён, узвышаны правай рукою Божай і атрымаўшы ад Бацькі абяцанне Святога Духа, выліў тое, што вы [і] бачыце і чуеце.
34 Бо Давід не ўзышоў у нябёсы, але сам ён кажа: «Сказаў Госпад майму Госпаду: Сядзі праваруч Мяне,
35 пакуль не пакладу Тваіх ворагаў у падножжа Тваіх ног».
36 Дык няхай непахісна ведае ўвесь дом Ізраілеў, што Бог зрабіў Яго і Госпадам і Хрыстом, — Гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі.
37 Яны ж, пачуўшы, былі ўражаны да глыбіні сэрца і сказалі Пятру і астатнім Апосталам: Што нам рабіць, мужы браты?
38 І Пётр кажа ім: Пакайцеся і няхай кожны з вас будзе ахрышчаны ў імя Ісуса Хрыста дзеля даравання вашых грахоў, і вы атрымаеце дар Святога Духа.
39 Бо вам належыць гэта абяцанне і вашым дзецям, і ўсім, хто далёка, каго б ні паклікаў Госпад, наш Бог.
40 І многімі іншымі словамі ён сведчыў і пераконваў іх, кажучы: Ратуйцеся ад гэтага разбэшчанага пакалення.
41 Тады тыя, хто [радасна] прыняў яго слова, былі ахрышчаны, і далучылася ў той дзень каля трох тысяч душ.
42 І яны непарушна трымаліся навучання Апосталаў і супольнасці, у пераламленні хлеба і ў малітвах.
43 Быў жа ў кожнай душы страх; і шмат цудаў і знакаў рабілася праз Апосталаў [у Іерусаліме].
44 І ўсе вернікі былі разам, і ўсё у іх было супольнае.
45 І яны прадавалі ўладанні і маёмасць і дзялілі іх на ўсіх так, хто якую меў патрэбу;
46 і штодня, аднадушна шчыруючы ў святыні і пераламляючы хлеб па дамах, яны прымалі ежу ў радасці і сардэчнай прастаце,
47 хвалячы Бога і маючы любоў ва ўсяго народа. І Госпад штодня дадаваў да іх9 уратаваных.
Каментары ці зноскі:
11 6: Нававерцы з язычнікаў, якія прынялі іудзейства.
15 7: Г. зн. дзевяць гадзін раніцы.
31 8: У некат. рукап.: Яго душа не была пакінута.
47 9: У некат. рукап.: да Царквы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеянні Апосталаў, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014