1 Мужы браты і бацькі, выслухайце цяпер маё апраўданне перад вамі.
2 І, пачуўшы, што ён звяртаецца да іх на яўрэйскай мове, яны яшчэ болей суцішыліся. І ён сказаў:
3 Я іудзей, нарадзіўся ў Тарсе Кілікійскім, але выгадаваны ў гэтым горадзе, навучаны каля ног Гамалііла паводле суровасці бацькоўскага закона, руплівец Бога, як усе вы сёння.
4 Я гнаў гэтую Дарогу да смерці, звязваючы і аддаючы ў турмы і мужчын і жанчын,
5 як і першасвятар сведчыць пра мяне і ўсе старэйшыны, ад якіх я і атрымаў лісты да братоў і пайшоў у Дамаск, каб і тых, што знаходзяцца там, прывесці звязанымі ў Іерусалім, каб яны былі пакараны.
6 І сталася, калі я ішоў і набліжаўся каля поўдня да Дамаска, раптам зазіхацела з неба вялікае святло вакол мяне,
7 і я ўпаў на зямлю і пачуў голас, што казаў мне: «Саўле, Саўле, чаму ты гоніш Мяне?»
8 І я адказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» І Ён сказаў мне: «Я Ісус Назарэй, Якога ты гоніш».
9 І тыя, хто быў са мною, святло бачылі [і перапалохаліся], але голасу Таго, Хто казаў мне, не чулі.
10 І я спытаўся: «Што мне рабіць, Госпадзе?» І Госпад сказаў мне: «Устань і ідзі ў Дамаск, і там табе будзе сказана пра ўсё, што вызначана табе зрабіць».
11 А як я нічога не бачыў ад славы таго святла, мяне павялі за руку тыя, хто быў са мною, і я прыйшоў у Дамаск.
12 І нейкі Ананія, чалавек набожны паводле закона, з добрым сведчаннем ад усіх мясцовых іудзеяў, [якія жылі ў Дамаску],
13 прыйшоў да мяне і, стаўшы побач, сказаў мне: «Саўле, браце, стань відушчы!» І я ў тую ж хвіліну ўбачыў яго.
14 І ён сказаў: «Бог нашых бацькоў загадзя вызначыў цябе, каб ты ўведаў Яго волю і ўбачыў Праведніка і пачуў голас з Яго вуснаў;
15 бо ты будзеш сведкам Яго для ўсіх людзей пра тое, што ты ўбачыў і пачуў.
16 І цяпер — чаму ты марудзіш? Устань, ахрысціся і змый свае грахі, заклікаўшы Яго імя62».
17 І сталася: калі я вярнуўся ў Іерусалім і маліўся ў святыні, мне было з’явенне63;
18 і я ўбачыў Яго, і Ён казаў мне: «Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Іерусаліма, бо яны не прымуць твайго сведчання пра Мяне».
19 І я сказаў: «Госпадзе, яны ведаюць, што я знявольваў у турмы і біў у сінагогах тых, хто веруе ў Цябе;
20 і калі пралівалася кроў Твайго сведкі Стэфана, я сам стаяў побач, і згаджаўся [з забойствам яго], і пільнаваў вопратку тых, што забівалі яго».
21 І Ён сказаў мне: «Ідзі, бо Я пашлю цябе далёка да язычнікаў».
22 І яны яго слухалі да гэтага слова, а пасля паднялі крык, кажучы: «Прэч з зямлі такога, бо нельга, каб ён жыў!»
23 І пакуль яны крычалі і зрывалі вопраткі і кідалі пыл у паветра,
24 тысячаначальнік загадаў весці яго ў крэпасць, сказаўшы дапытаць яго з бічаваннем, каб даведацца, з-за якой прычыны яны гэтак крычалі супроць яго.
25 А калі расцягнулі яго рамянямі, Павел сказаў сотніку, што стаяў побач: «Ці дазваляецца вам бічаваць чалавека, калі ён рымскі грамадзянін і не асуджаны?»
26 І, пачуўшы [гэта], сотнік падышоў да тысячаначальніка, кажучы: [Глядзі], што ты збіраешся рабіць? Бо гэты чалавек — рымскі грамадзянін.
27 І тысячаначальнік, падышоўшы, спытаўся ў яго: Скажы мне, ты рымскі грамадзянін? — І ён сказаў: Так, рымскі грамадзянін.
28 І тысячаначальнік адказаў: Я за вялікія грошы набыў гэтае грамадзянства. — Павел жа сказаў: А я і нарадзіўся ў ім.
29 Тады адразу ж тыя, што збіраліся катаваць, адступілі ад яго; і тысячаначальнік спалохаўся, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін і што ён звязаў яго.
30 І назаўтра, хочучы даведацца дакладна, у чым абвінавачваюць яго іудзеі, ён вызваліў яго [з кайданоў] і загадаў сабрацца першасвятарам і ўсяму сінедрыёну; і, прывёўшы Паўла, паставіў яго перад імі.
Каментары ці зноскі:
16 62: У некат. рукап.: заклікаўшы імя Госпада.
17 63: Літаральна: я ўпаў у экстаз.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеянні Апосталаў, 22 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014