1 І Павел, пільна паглядзеўшы на сінедрыён, сказаў: Мужы браты, я з усім добрым сумленнем жыў перад Богам да гэтага дня.
2 І першасвятар Ананія загадаў тым, хто стаялі пры ім, біць яго па вуснах.
3 Тады Павел сказаў яму: Цябе будзе біць Бог, сцяна пабеленая! І ты сядзіш, каб судзіць мяне паводле закона, і, насуперак закона, загадваеш, каб мяне білі?
4 Тыя ж, што стаялі пры ім, сказалі: Першасвятара Божага лаеш?
5 І сказаў Павел: Я не ведаў, браты, што ён першасвятар; бо напісана: «Пра начальніка твайго народа не кажы дрэнна».
6 І Павел, уведаўшы, што тут адна частка з фарысеяў, а другая з садукеяў, усклікнуў у сінедрыёне: Мужы браты, я фарысей, сын фарысеяў; за надзею і за ўваскрэсенне мёртвых судзяць [мяне].
7 І, калі ён сказаў гэта, узнік разлад паміж фарысеямі і садукеямі і ўсё мноства іх падзялілася.
8 Бо садукеі кажуць, што няма ні ўваскрэсення, ні Анёла, ні духа; а фарысеі прызнаюць і тое і другое.
9 Усчаўся вялікі крык і, устаўшы, некаторыя з кніжнікаў фарысейскага боку, моцна спрачаліся, кажучы: Нічога дрэннага мы не знаходзім у гэтым чалавеку. А калі з ім гаварыў дух альбо Анёл? [Не будзем змагацца з Богам].
10 Калі ж дайшло да вялікага ўзбурэння, тысячаначальнік, спалохаўшыся, як бы яны не разарвалі Паўла, загадаў атраду воінаў спусціцца і выхапіць яго між іх, і весці ў крэпасць.
11 А наступнай ночы Госпад, стаўшы каля яго, сказаў: Будзь мужны, [Паўле]! Бо як ты цвёрда сведчыў пра Мяне ў Іерусаліме, так табе трэба сведчыць і ў Рыме.
12 А калі настаў дзень, іудзеі зрабілі зборышча і заклялі сябе, сказаўшы, што не будуць ні есці, ні піць, пакуль не заб’юць Паўла.
13 І было больш за сорак тых, хто ўчынілі гэтую змову.
14 Яны, прыйшоўшы да першасвятароў і старэйшынаў, сказалі: Мы закляліся клятваю нічога не есці, пакуль не заб’ем Паўла.
15 Дык цяпер вы разам з сінедрыёнам аб’явіце тысячаначальніку, каб ён [заўтра] прывёў яго да вас, нібы вы збіраецеся больш дакладна разгледзець яго справу, а мы, перш чым ён наблізіцца, гатовы забіць яго.
16 Але сын Паўлавай сястры, пачуўшы пра засаду, прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасць, паведаміў Паўлу.
17 І Павел, паклікаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: Адвядзі гэтага юнака да тысячаначальніка, бо ён мае штосьці яму паведаміць.
18 Той, узяўшы яго, прывёў да тысячаначальніка і кажа: Вязень Павел, паклікаўшы мяне, папрасіў прывесці да цябе гэтага юнака, які мае штосьці сказаць табе.
19 І тысячаначальнік, узяўшы яго за руку і, адвёўшы ўбок, спытаўся: Што такое ты маеш паведаміць мне?
20 І ён сказаў: Іудзеі змовіліся папрасіць цябе, каб заўтра ты прывёў Паўла ў сінедрыён, нібы яны збіраюцца больш дакладна даведацца пра яго.
21 Дык ты не давай ім пераканаць сябе, бо на яго робяць засаду больш за сорак чалавек з іх, якія пакляліся ні есці, ні піць, пакуль не заб’юць яго; і яны цяпер гатовы, чакаючы ад цябе распараджэння.
22 Тады тысячаначальнік адпусціў юнака, загадаўшы: Нікому не кажы, што ты мне даў знаць пра гэта.
23 І, паклікаўшы двух сотнікаў, ён сказаў: Падрыхтуйце дзвесце воінаў, каб ішлі ў Кесарыю, седзесят коннікаў і дзвесце дзіднікаў на тры гадзіны ночы;
24 і даць верхавую жывёлу, каб пасадзіць Паўла і бяспечна давесці яго да намесніка Фелікса.
25 І напісаў ліст такога зместу:
26 «Клаўдзій Лісій — высокашаноўнаму намесніку Феліксу — радавацца.
27 Гэтага чалавека, якога іудзеі схапілі і збіраліся забіць, я, прыйшоўшы з атрадам воінаў, выбавіў, калі даведаўся, што ён рымскі грамадзянін.
28 І, хочучы даведацца прычыну, з-за якой яны абвінавачваюць яго, я прывёў [яго] ў іх сінедрыён
29 і выявіў, што яго абвінавачваюць у спрэчных пытаннях іх закона, але ён не абвінавачваецца ні ў якім злачынстве, вартым смерці ці ланцугоў.
30 А калі мне данеслі, што супроць гэтага чалавека існуе змова, я зараз жа адаслаў яго да цябе, загадаўшы і абвінаваўцам казаць супроць яго перад табою. [Бывай здаровы]».
31 Воіны ж, як ім было загадана, узяўшы Паўла, прывялі яго ўночы ў Антыпатрыду.
32 І назаўтра, дазволіўшы коннікам ісці з ім, вярнуліся ў крэпасць.
33 Тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы ліст намесніку, паставілі перад ім і Паўла.
34 І ён, прачытаўшы, спытаўся, з якой ён правінцыі і, даведаўшыся, што з Кілікіі,
35 сказаў: Я выслухаю цябе, калі прыйдуць і твае абвінаваўцы. — І загадаў, каб яго ахоўвалі ў Ірадавай прэторыі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеянні Апосталаў, 23 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014