1 Пётр жа і Іаан узыходзілі ў святыню на малітву ў дзевяць гадзін10.
2 І туды прыносілі аднаго чалавека, які быў кульгавы ад улоння яго маці і якога клалі штодня пры дзвярах святыні, што зваліся Прыгожымі, прасіць міласціну ў тых, хто ўваходзіў у святыню.
3 Ён, убачыўшы, што Пётр і Іаан збіраюцца ўвайсці ў святыню, стаў прасіць, каб атрымаць міласціну.
4 І Пётр, стоячы з Іаанам, пільна ўгледзеўшыся ў яго, сказаў: Паглядзі на нас!
5 І той пачаў уважліва сачыць за імі, чакаючы што-небудзь ад іх атрымаць.
6 Але Пётр сказаў: Серабра і золата няма ў мяне, а што маю, даю табе: у імя Ісуса Хрыста Назарэя [устань і] хадзі!
7 І, падхапіўшы яго за правую руку, ён падняў яго; і адразу адужалі яго ступні і шчыкалаткі,
8 і ён, ускочыўшы, стаў, і пачаў хадзіць, і ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы і скачучы, і хвалячы Бога.
9 І ўвесь народ убачыў, што ён ходзіць і хваліць Бога;
10 і пазнавалі яго, што гэта быў той, што сядзеў дзеля міласціны каля Прыгожай брамы святыні, і яны напоўніліся жахам і здзіўленнем з таго, што зрабілася з ім.
11 І пакуль ён прытрымліваўся Пятра і Іаана, увесь народ, уражаны, збегся да іх у галерэю, што называлася Саламонавай.
12 І Пётр, убачыўшы, адказаў народу: Мужы ізраільскія, чаму вы здзіўляецеся гэтаму? Ці ў нас чаму ўглядаецеся, нібы мы ўласнаю сілай альбо набожнасцю зрабілі, каб ён хадзіў?
13 Бог Аўраамаў, і [Бог] Ісаакаў, і [Бог] Іякаваў, Бог нашых бацькоў праславіў Свайго Слугу11 Ісуса, Якога ж выдалі вы і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той разважыў адпусціць Яго.
14 Вы ж ад Святога і Праведнага адракліся і папрасілі падараваць вам чалавека, забойцу,
15 а Уладара жыцця вы забілі, Якога Бог уваскрэсіў з мёртвых, сведкі чаго мы.
16 І па веры ў Яго імя, Яго імя ўмацавала гэтага чалавека, якога вы бачыце і ведаеце; і вера, якая праз Яго, дала яму гэтае здароўе перад усімі вамі.
17 І цяпер, браты, ведаю, што вы зрабілі гэта з няведання, як і вашы начальнікі;
18 Бог жа, як загадзя абвясціў праз вусны ўсіх [Сваіх] прарокаў, што будзе пакутаваць Яго Хрыстос, так і спраўдзіў.
19 Дык пакайцеся і далучыцеся, каб былі сцёрты вашы грахі,
20 каб прыйшлі часы асвяжэння ад аблічча Госпада і каб Ён паслаў вызначанага раней вам Хрыста, Ісуса,
21 Якога неба павінна ж прыняць да часу аднаўлення ўсяго, пра што Бог казаў праз вусны [ўсіх] Сваіх святых прарокаў спрадвеку.
22 Маісей жа сказаў [бацькам]: «Прарока ўзніме вам Госпад, ваш Бог, з вашых братоў, як мяне; Яго слухайцеся ва ўсім, што Ён скажа вам.
23 І будзе: кожная душа, якая не паслухаецца Таго Прарока, будзе знішчана з народа».
24 І ўсе ж прарокі ад Самуіла і тых, што былі ў далейшым, — усе, што прамаўлялі, таксама абвясцілі гэтыя дні.
25 Вы сыны прарокаў і запавету, які Бог запаведаў вашым бацькам, кажучы Аўрааму: «І ў тваім патомстве дабраславяцца ўсе роды зямлі».
26 Да вас першых Бог, уваскрэсіўшы Свайго Слугу12 [Ісуса], паслаў Яго дабраславіць вас, каб кожнага адвярнуць ад вашых ліхіх учынкаў.
Каментары ці зноскі:
1 10: Г. зн. тры гадзіны дня.
13 11: Мажлівы пераклад: Свайго Сына (Сваё Дзіця).
26 12: Або: Сваго Сына.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Дзеянні Апосталаў, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014