Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Дзеянні 9 Дзеянні 9 разьдзел

1 А Саўл, яшчэ дыхаючы пагрозаю і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасвятара
2 і папрасіў у яго лісты ў Дамаск да сінагогаў, каб, калі ён знойдзе якіх-небудзь людзей, што належаць да Дарогі, — мужчын і жанчын, — прывесці іх звязанымі ў Іерусалім.
3 І калі ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, то раптам вакол яго зазіхацела святло з неба
4 і, упаўшы на зямлю, ён пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, чаму ты гоніш Мяне?
5 І ён сказаў: Хто Ты, Госпадзе? — А Ён29: Я Ісус, Якога ты гоніш; [Цяжка табе ісці супроць ражна! — І ён, дрыжачы і жахаючыся, спытаўся: Госпадзе, што хочаш, каб я зрабіў? — І Госпад да яго:]
6 Устань і ўвайдзі ў горад, і табе будзе сказана, што ты павінен рабіць.
7 А людзі, што ішлі з ім, стаялі знямелыя, чуючы голас, але нікога не бачачы.
8 І Саўл падняўся з зямлі і хоць яго вочы былі расплюшчаны, ён нічога30 не бачыў. І яго, ведучы за руку, прывялі ў Дамаск.
9 І ён тры дні не бачыў; і не еў ён і не піў.
10 А ў Дамаску быў адзін вучань імем Ананія, і Госпад сказаў яму ў з’явенні: Ананія! — І той сказаў: Вось я, Госпадзе.
11 Госпад жа яму: Устань і пайдзі на вуліцу, якая называецца Простая і расшукай у Іудавым доме тарсяніна імем Саўл, бо якраз ён моліцца,
12 і ён убачыў [у з’явенні], як чалавек імем Ананія ўвайшоў да яго, і ўсклаў на яго рукі, каб ён стаў бачыць.
13 Але Ананія адказаў: Госпадзе, я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліхога ўчыніў ён Тваім святым у Іерусаліме;
14 і тут ён мае ўладу ад першасвятароў звязаць усіх, хто заклікае Тваё імя.
15 Але Госпад сказаў яму: Ідзі, бо для Мяне ён абраны інструмент, каб панесці Маё імя перад язычнікамі, і царамі, і перад сынамі Ізраілевымі;
16 і Я пакажу яму, колькі ён павінен адпакутаваць за Маё імя.
17 І Ананія пайшоў і ўвайшоў у гэты дом, і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: Саўле, браце, Госпад паслаў мяне — Ісус, што з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, — каб ты бачыў і напоўніўся Святым Духам.
18 І адразу ж нібы луска адпала з яго вачэй, і ён пачаў бачыць, і ўстаў, і быў ахрышчаны.
19 І, пад’еўшы, ён падужэў. І прабыў з вучнямі ў Дамаску некалькі дзён.
20 І адразу ж ён пачаў у сінагогах прапаведаваць Ісуса — што Ён ёсць Сын Божы.
21 І ўсе, хто чуў, здзіўляліся і казалі: Ці гэта не той, хто знішчаў у Іерусаліме тых, якія заклікалі гэтае Імя, і сюды ці не для таго прыйшоў, каб прывесці іх звязанымі да першасвятароў?
22 А Саўл ўсё больш набіраўся моцы і прыводзіў у замяшанне іудзеяў, што жылі ў Дамаску, даказваючы, што Гэты ёсць Хрыстос.
23 А калі мінула даволі дзён, іудзеі змовіліся забіць яго;
24 але Саўлу стаў вядомы іх намер. А яны пільнавалі каля брамы дзень і ноч, каб забіць яго;
25 але яго вучні, узяўшы ўначы, спусцілі яго цераз мур, апусціўшы ў кашы.
26 І, прыбыўшы ў Іерусалім, ён спрабаваў прыстаць да вучняў, але ўсе баяліся яго, не верачы, што ён вучань.
27 Варнава ж, узяўшы яго, прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як Саўл убачыў на дарозе Госпада і што Ён казаў яму, і як у Дамаску ён адважна выступіў у імя Ісуса.
28 І ён разам з імі ўваходзіў і выходзіў у Іерусаліме, адважна прамаўляючы ў імя Госпада [Ісуса];
29 і ён гаварыў і спрачаўся з эліністамі, а яны спрабавалі забіць яго.
30 Але браты, даведаўшыся, адвялі яго ў Кесарыю і адаслалі яго ў Тарс.
31 Дык царква31 па ўсёй Іудзеі, Галілеі і Самарыі мела мір і стваралася; і, ідучы наперад у страху перад Госпадам і ў суцяшэнні Святога Духа, прымнажалася.
32 І сталася, што Пётр, праходзячы праз усе тыя землі, прыйшоў і да святых, якія жылі ў Ліддзе.
33 І ён знайшоў там аднаго чалавека імем Эней, які восем гадоў ляжаў у ложку — ён быў паралізаваны.
34 І Пётр сказаў яму: Эней, цябе выздараўляе Ісус Хрыстос; устань і засцялі сваю пасцель. — І ён адразу ўстаў.
35 І яго ўбачылі ўсе, што жылі ў Ліддзе і Сароне; яны і далучыліся да Госпада.
36 А ў Іопіі была адна вучаніца імем Тавіфа (што ў перакладзе азначае «сарна» ); яна была поўная добрых учынкаў і міласцінаў, якія яна рабіла.
37 І сталася, што ў тыя дні яна захварэла і памерла; і яе абмылі і паклалі ў верхнім пакоі.
38 А таму што Лідда была паблізу Іопіі, вучні, пачуўшы, што Пётр знаходзіцца ў ёй, паслалі да яго двух чалавек, просячы: Не марудзь прыйсці да нас.
39 І Пётр устаў і пайшоў з імі; калі ён прыбыў, яго ўвялі ў верхні пакой, і ўсе ўдовы сталі каля яго, плачучы і паказваючы сподняе і верхняе адзенне, якое рабіла Сарна, калі была з імі.
40 І Пётр, выправіўшы ўсіх, і, стаўшы на калені, памаліўся і, павярнуўшыся да цела, сказаў: Тавіфа, устань. — І яна расплюшчыла вочы і, убачыўшы Пятра, села.
41 І ён, падаўшы ёй руку, падняў яе; і, паклікаўшы святых і ўдоваў, ён паставіў перад імі яе жывою.
42 І гэта стала вядомым па ўсёй Іопіі, і многія ўверавалі ў Госпада.
43 І сталася, што ён даволі шмат дзён заставаўся ў Іопіі ў аднаго гарбара Сімана.

Каментары ці зноскі:

5 29: У некат. рукап.: Госпад жа сказаў.
8 30: У некат. рукап.: нікога.
31 31: У некат. рукап.: цэрквы.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Дзеянні Апосталаў, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014