1 Напамінаю вам, браты, Дабравесце, якое я абвяшчаў вам, якое вы і прынялі, у якім вы і стаіце,
2 праз якое вы і ратуецеся, калі трымаецеся слова, якое я абвяшчаў вам, — калі толькі не марна ўверавалі.
3 Бо я перадаў вам перш за ўсё тое, што і атрымаў, — што Хрыстос памёр за нашы грахі згодна з Пісаннямі;
4 і што Ён быў пахаваны, і што Ён уваскрэшаны на трэці дзень згодна з Пісаннямі;
5 і што Ён з’явіўся Кіфе, потым — дванаццаці;
6 потым з’явіўся больш чым пяцістам братам зараз, з якіх большасць дагэтуль жыве, а некаторыя памерлі;
7 потым з’явіўся Іякаву, потым — усім Апосталам;
8 а апошняму з усіх з’явіўся і мне, быццам неданошанаму.
9 Бо я найменшы15 з Апосталаў, які няварты называцца Апосталам, таму што я гнаў царкву Божую.
10 Але ласкаю Божаю я ёсць тое, што ёсць, і ласка Яго да мяне не стала дарэмнай, наадварот, я болей за ўсіх іх папрацаваў, зрэшты не я, а ласка Божая, што са мною.
11 Дык ці я, ці яны — мы так прапаведуем, і вы так уверавалі.
12 Але калі прапаведуецца Хрыстос — што Ён уваскрэшаны з мёртвых, — як жа кажуць некаторыя між вас, што няма ўваскрэсення мёртвых?
13 Калі ж няма ўваскрэсення мёртвых, — то і Хрыстос не ўваскрэшаны;
14 а калі Хрыстос не ўваскрэшаны, дарэмная тады наша пропаведзь, дарэмная і ваша вера.
15 І таксама мы робімся лжэсведкамі Бога, таму што мы сведчылі супроць Бога, што Ён уваскрэсіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрашаў, калі сапраўды мёртвыя не ўваскрашаюцца.
16 Бо калі мёртвыя не ўваскрашаюцца, то і Хрыстос не ўваскрэшаны.
17 А калі Хрыстос не ўваскрэшаны, дарэмная ваша вера, вы яшчэ ў вашых грахах.
18 Тады і памерлыя ў Хрысце загінулі.
19 Калі мы ў гэтым жыцці толькі спадзяёмся на Хрыста — мы найнешчаслівейшыя за ўсіх людзей.
20 Але цяпер Хрыстос уваскрэс з мёртвых, першынец з памерлых.
21 Бо як праз чалавека прыйшла смерць, то праз чалавека і ўваскрэсенне мёртвых.
22 Бо як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе ажывуць.
23 Але кожны ў сваім парадку: першы — Хрыстос, потым тыя, хто Хрыстовы, пры Яго прышэсці,
24 потым — канец, калі Ён перадасць Царства Богу і Бацьку, калі Ён адменіць усялякае начальства і ўсялякую ўладу і сілу.
25 Бо Яму належыць цараваць да тае пары, пакуль Бог не пакладзе ўсіх ворагаў пад Яго ногі.
26 Як апошні вораг будзе знішчана смерць.
27 Бо Ён усё падпарадкаваў пад Яго ногі. Калі ж Ён скажа, што ўсё падпарадкавана, — ясна, што за выключэннем Таго, Хто падпарадкаваў Яму ўсё.
28 Каліж Яму будзе падпарадкавана ўсё, тады і Сам Сын будзе падпарадкаваны Таму, Хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім.
29 Бо што будуць рабіць тыя, хто хрысціўся дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскрашаюцца, навошта яны хрысцяцца дзеля іх?16
30 Дзеля чаго і мы кожную гадзіну ў небяспецы?
31 Я кожны дзень паміраю: спашлюся ў доказ, браты, на вашу пахвалу, якую я маю ў Хрысце Ісусе, нашым Госпадзе.
32 Калі я па-чалавечаму змагаўся са звярамі ў Эфесе, якая мне карысць? Калі мёртвыя не ўваскрашаюцца, будзем есці і піць, бо заўтра памром!
33 Не падманвайце сябе: благія таварыствы псуюць добрыя норавы.
34 Працверазіцеся праведна, і не грашыце, бо некаторыя з вас не ведаюць Бога: на сорам вам кажу.
35 Але хто-небудзь скажа: «Як уваскрашаюцца мёртвыя? І ў якім целе яны прыходзяць?»
36 Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажывае, калі не памрэ;
37 і тое, што ты сееш, ты сееш не як цела, якім яно стане потым, а як звычайнае зерне, быць можа, пшанічнае ці якое іншае.
38 А Бог дае яму цела такое, якое Ён захацеў, і кожнаму зярняці — яго ўласнае цела.
39 Не ўсякае цела — тое самае цела, а адно — у людзей, другое цела — у жывёлы, іншае цела — у птушак, яшчэ іншае — у рыб.
40 І ёсць целы нябесныя і целы зямныя; але ў нябесных слава адна, а ў зямных — іншая.
41 Іншая слава ў сонца, і іншая слава ў месяца, і іншая слава ў зорак; бо зорка ад зоркі адрозніваецца славай.
42 Так і ўваскрэсенне мёртвых. Сеецца ў тленні — уваскрашаецца ў нятленні;
43 сеецца ў ганьбе — уваскрашаецца ў славе; сеецца ў слабасці — уваскрашаецца ў сіле;
44 сеецца цела душэўнае — уваскрашаецца цела духоўнае. Калі ёсць цела душэўнае, ёсць і духоўнае.
45 Так і напісана: «Першы чалавек, Адам, стаў жывою душою»; апошні Адам ёсць жыватворны дух.
46 Але не духоўнае першае, а душэўнае, потым духоўнае.
47 Першы чалавек — з зямлі, гліняны; другі Чалавек — [Госпад] з неба.
48 Які гліняны, такія і гліняныя, і які Нябесны, такія і нябесныя;
49 і як мы насілі вобраз глінянага, так будзем насіць і вобраз Нябеснага.
50 Але што вам скажу, браты, што цела і кроў атрымаць у спадчыну Царства Божага не могуць, і тленне не можа мець спадчыны ў нятленні.
51 Вось кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе зменімся,
52 ураз, у імгненне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць яна, і мёртвыя будуць уваскрэшаны нятленнымі, і мы зменімся.
53 Бо патрэбна, каб гэтае тленнае апранулася ў нятленне, і гэтае смяротнае апранулася ў бессмяротнасць.
54 І калі гэтае тленнае апранецца ў нятленне, і гэтае смяротнае апранецца ў бессмяротнасць, тады спраўдзіцца напісанае слова: «Перамога паглынула смерць».
55 Дзе, смерць, твая перамога? Дзе, смерць, тваё джала?17
56 Джала ж смерці — грэх, а сіла граху — закон;
57 але падзяка Богу, Які дае нам перамогу праз нашага Госпада Ісуса Хрыста.
58 Дык, браты мае ўлюбёныя, будзьце цвёрдымі, непахіснымі, маючы заўсёды поспех у рабоце Гасподняй, ведаючы, што ваша праца не марная ў Госпадзе.
Каментары ці зноскі:
9 15: Лацінскае імя Апостала Paulus значыць «маленькі».
29 16: У некат. рукап.: мёртвых.
55 17: У некат. рукап.: тваё, смерць, джала? Дзе твая, пекла, перамога?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст да Карынфянаў Апостала Паўла, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014