1 Няўжо нам зноў знаёміцца з вамі? Няўжо мы маем патрэбу, як некаторыя, у рэкаендацыйных лістах да вас ці ад вас?
2 Вы — наш ліст, напісаны ў нашых сэрцах, які пазнаецца і чытаецца ўсімі людзьмі, —
3 вы паказваеце сабою, што вы — ліст Хрыстовы, праз наша служэнне, напісанае не чарнілам, а Духам Жывога Бога; не на каменных скрыжалях, а на цялесных скрыжалях сэрцаў.
4 І такую ўпэўненасць мы маем праз Хрыста перад Богам.
5 Не таму, што мы здольныя нешта думаць, як бы ад сябе, але наша здольнасць ад Бога,
6 Які і зрабіў нас здатнымі быць слугамі Новага Запавету, не літары, а Духа; бо літара забівае, а Дух ажыўляе.
7 Калі ж служэнне смерці, літарамі выбітае на камянях, праявілася ў славе, так што сыны Ізраілевы не маглі зірнуць на твар Маісея з-за славы яго аблічча, славы, якая мінае, —
8 як жа служэнне Духа не будзе болей у славе?
9 Бо калі служэнне асуджэння слаўнае, то тым болей багатым славаю будзе служэнне апраўдання.
10 Бо і праслаўленае не праславілася ў гэтай частцы з прычыны большай славы наступнага.
11 Бо калі слаўнае, што прамінае, то тым больш слаўнае, што застаецца.
12 Дык, маючы такую надзею, мы праяўляем вялікую адвагу,
13 і не як Маісей, які клаў пакрывала на свой твар, каб сыны Ізраілевы не ўглядаліся на канец таго, што мінае.
14 Ды іх розум прытупіўся; бо да сённяшняга дня тое самае пакрывала застаецца пры чытанні Старога Запавету: ім не адкрываецца, што пакрывала знішчаецца ў Хрысце.
15 Але па сённяшні дзень, калі яны чытаюць Маісея, пакрывала ляжыць на іх сэрцы.
16 Але калі іх сэрца звяртаецца да Госпада, пакрывала здымаецца.
17 А Госпад ёсць Дух; а дзе Дух Гасподні, [там] свабода.
18 Мы ж усе з адкрытым тварам, аглядаючы і адлюстрўваючы, як люстэрка, славу Гасподнюю, пераўтвараемся ў той самы вобраз ад славы ў славу так, як ад Гасподняга Духа.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі ліст да Карынфянаў Апостала Паўла, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014