1 Таму, маючы гэтае служэнне з міласэрнасці Божай, мы не журымся,
2 але, адкінуўшы таемныя ганебныя ўчынкі, не хітруючы і не скажаючы слова Божага, а, адкрываючы праўду, аддаём сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.
3 А нават калі наша дабравесце закрыта, то закрыта яно для тых, хто гіне;
4 у бязверных бог гэтага веку асляпіў розум, каб для іх не заззяла святло дабравесця славы Хрыста, Які ёсць вобраз [нябачнага] Бога.
5 Бо мы не сябе абвяшчаем, а Хрыста Ісуса як Госпада, а сябе як вашых слуг3 дзеля Ісуса.
6 Таму што Бог, Які сказаў: «З цемры няхай заззяе святло», — Ён заззяў у нашых сэрцах, каб азарыць пазнанне славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.
7 Але гэты скарб мы маем у гліняных пасудзінах, каб перавага сілы была ад Бога, а не з нас.
8 Мы ва ўсім церпім уціск, але не сціснуты; у роспачных абставінах, але не ў роспачы;
9 гоняць нас, але мы не пакінуты; мы паваленыя, але не знішчаны;
10 заўсёды носім у целе ўмярцвенне [Госпада] Ісуса, каб і жыццё Ісуса быловыяўлена ў нашым целе.
11 Бо мы, жывыя, заўсёды аддаемся на смерць дзеля Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў нашым смяротным целе.
12 Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.
13 І, маючы той самы дух веры, як напісана: «Я ўвераваў, таму гаварыў», — і мы веруем, таму і гаворым,
14 ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць з Ісусам і нас і паставіць перад Сабою з вамі.
15 Бо ўсё дзеля вас, каб ласка, прымножаная праз вельмі многіх людзей, узбагаціла тым большую ўдзячнасць на славу Божую.
16 Таму мы не сумуем, бо хоць наш вонкавы чалавек разбураецца, наш унутраны чалавек дзень пры дні абнаўляецца.
17 Бо кароткачасовая лёгкасць нашага гора творыць для нас ва ўсё большым і большым багацці вечную вагу славы,
18 бо мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае; бо бачнае — часова, а нябачнае — вечна.
Каментары ці зноскі:
5 3: Або: рабоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі ліст да Карынфянаў Апостала Паўла, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014