Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Галатаў 5 Да Галатаў 5 разьдзел

1 Для свабоды Хрыстос вызваліў нас; дык стойце і не паддавайцеся зноў пад ярмо рабства.
2 Вось я, Павел, кажу вам, што калі вы будзеце абрэзвацца, то Хрыстос не прынясе вам ніякай карысці.
3 І зноў сведчу кожнаму чалавеку, які абрэзваецца, што ён павінен выканаць увесь закон.
4 Вы, што апраўдваеце сябе законам, аддзеленыя ад Хрыста; вы адпалі ад ласкі.
5 Бо мы духам, ад веры, чакаем надзею праведнасці.
6 Бо ў Хрысце Ісусе не мае ніякай сілы ні абразанне, ні неабразанне, а вера, якая дзейнічае праз любоў.
7 Вы добра беглі: хто вас спыніў, каб вы не падпарадкоўваліся праўдзе?
8 Гэтае перакананне не ад Таго, Хто кліча вас.
9 Малая рошчына заквашвае ўсё цеста.
10 Я ўпэўнены ў вас у Госпадзе, што вы не будзеце думаць нічога іншага, а той, хто трывожыць вас, будзе асуджаны, хто б ён ні быў.
11 А я, браты, калі яшчэ прапаведую абразанне, то за што ж яшчэ мяне гоняць? Тады скасавалася б спакуса крыжа.
12 О, калі б вылегчылі сябе тыя, хто бунтуе вас!
13 Бо вы да свабоды пакліканы, браты, толькі не ператварайце гэтую свабоду ў падставу для задавальнення цела, а любоўю служыце адзін аднаму.
14 Бо ўвесь закон у адным сказе ўкладваецца, — у гэтым: «Любі свайго блізкага, як самога сябе».
15 Калі ж вы адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, глядзіце, каб вы не былі знішчаны адзін адным.
16 Але я кажу: жывіце па духу і вы ні ў якім разе не будзеце выконваць пажадлівасці цела.
17 Бо цела хоча супраціўнага духу, а дух — супраціўнага целу; яны адзін аднаму супрацівяцца, каб вы не рабілі тое, што хочаце.
18 Калі ж вас водзіць дух, вы не пад законам.
19 А ўчынкі цела вядомыя: гэта — чужаложства, нечысціня, распуста,
20 ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, сваркі, рэўнасць, гнеў, звады, разлады, ерасі,
21 зайздрасць7, п’янства, гулянкі і да таго падобнае, аб чым я кажу вам загадзя, як і казаў раней, што тыя, хто робяць такое, Царства Божага ў спадчыну не атрымаюць.
22 Плод жа духа — гэта: любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, міласэрнасць, дабрыня, вера,
23 лагоднасць, устрыманне; супраць гэтага няма закона.
24 Але тыя, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з неўтаймаванасцю і пажадлівасцю.
25 Калі мы жывём духам, то будзем і рабіць паводле духу.
26 Не будзем славалюбцамі, адзін аднаго дразнячы, адзін аднаму зайздросцячы.

Каментары ці зноскі:

21 7: У некат. рукап.: забойствы.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Галатаў, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014