Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Філіпійцаў 4 Да Філіпійцаў 4 разьдзел

1 Так што, браты мае ўлюбёныя і жаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.
2 Эводыю прашу і Сінтыхію прашу думаць адно і тое самае ў Госпадзе.
3 Так, прашу і цябе, праўдзівы супрацоўнік, дапамагай ім, тым, што змагаліся ў дабравешчанні разам са мною, і з Кліментам і з астатнімі маімі супрацоўнікамі, імёны якіх — у кнізе жыцця.
4 Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды, яшчэ скажу: радуйцеся.
5 Ваша лагоднасць, няхай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка.
6 Ні пра што не турбуйцеся, а няхай ва ўсім малітваю і мальбою з падзякаю вашы просьбы робяцца вядомыя Богу.
7 І мір Божы, які пераўзыходзіць усякі розум, будзе ахоўваць вашы сэрцы і вашы думкі ў Хрысце Ісусе.
8 Урэшце, браты, усё, што праўдзівае, усё, што годнае, усё, што праведнае, усё, што чыстае, усё, што любае, усё, што ўхвальнае, — калі ёсць якая дабрачыннасць і калі ёсць якая хвала, — пра гэта думайце.
9 Чаму вы навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, — рабіце гэта; і Бог міру будзе з вамі.
10 Я ж вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што цяпер нарэшце вы далі зноў расквітнець вашым думкам пра мяне; пра гэта вы і думалі, але не мелі нагоды.
11 Кажу гэта не таму, што маю патрэбу, бо я навучыўся быць самадастатковым.
12 Я ўмею і ў прыніжэнні быць, умею быць і ў багацці; ва ўсім і ўсюды я прывучыўся: і наталяцца і галадаць, і быць у багацці і быць у нястачы;
13 усё магу ў Тым, Хто мяне ўмацоўвае — [у Хрысце].
14 Аднак вы добра зрабілі, успамагаючы мне ў бядзе.
15 Але і вы, філіпійцы, ведаеце, што ў пачатку дабравешчання, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не ўдзяліла мне ні дару, ні прыняцця, акрамя вас адных;
16 бо і ў Фесалоніку вы і раз і два прыслалі мне на патрэбу.
17 Гэта не значыць, што я шукаю дару, але я шукаю плода, што прымнажаецца на карысць вам.
18 А я маю ўсё і ўдосталь; я напоўнены ўсім, атрымаўшы ад Эпафрадыта тое, што прыйшло ад вас, — духмяны пах, прыемную ахвяру, любую Богу.
19 І мой Бог [няхай] папоўніць кожную вашу патрэбу паводле Свайго багацця ў славе ў Хрысце Ісусе.
20 А нашаму Богу і Бацьку слава на векі вякоў, амін.
21 Вітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
22 Вітаюць вас усе святыя, асабліва з дома кесаравага.
23 Ласка Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з вашым духам4.

Каментары ці зноскі:

23 4: У некат. рукап.: з усімі вамі. Амін.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Філіпійцаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014