1 А да часоў і тэрмінаў, браты, — вы не маеце патрэбы, каб вам пісаць;
2 бо вы самі вельмі добра ведаеце, што як злодзей уначы — так прыходзіць дзень Гасподні.
3 Калі будуць казаць: «Мір і бяспека», тады прыйдзе на іх раптоўнае знішчэнне, гэтак жа як родавыя мукі — на цяжарную, яны не ўцякуць!
4 Але вы, браты, не ў цемры, каб дзень заспеў вас, як злодзей.
5 Бо вы ўсе сыны святла і сыны дня. Мы не належым ні ночы, ні цемры.
6 Дык не будзем спаць, як астатнія, а будзем чуйнымі і будзем цвярозымі.
7 Бо тыя, што спяць, спяць уначы, і тыя, што напіваюцца, п’яныя ўначы.
8 Але як мы належым дню, то будзем цвярозыя, апранутыя ў панцыр веры і любові і ў шлем — надзею выратавання.
9 Таму што Бог нас прызначыў не на гнеў, а на атрыманне выратавання праз нашага Госпада Ісуса Хрыста,
10 Які памёр за нас, каб мы — ці чуваем, ці спім — жылі разам з Ім.
11 Таму навучайце адзін аднаго і будуйце адзін аднаго, як вы і робіце.
12 І просім вас, браты, паважаць тых, хто працуе між вас, і вядзе вас ў Госпадзе, і навучае вас.
13 І асабліва высока шанаваць іх любові за іх працу. Жывіце ў міры між сабою.
14 І молім вас, браты: настаўляйце бясчынных, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівыя да ўсіх.
15 Глядзіце, каб ніхто нікому не плаціў злом за зло, а заўсёды імкніцеся рабіць дабро і адзін аднаму, і ўсім.
16 Заўсёды радуйцеся,
17 безупынна маліцеся,
18 ва ўсім дзякуйце: бо гэта воля Божая ў Хрысце Ісусе для вас.
19 Духа не гасіце;
20 прароцтвамі не пагарджайце.
21 Але ўсё правярайце. Добрага цвёрда трымайцеся;
22 ад усялякага роду зла ўстрымлівайцеся.
23 І Сам Бог міру няхай асвяціць вас поўнасцю, і ваш дух, і душа, і цела няхай захаваецца ў цэласці беззаганна ў прышэсце нашага Госпада Ісуса Хрыста.
24 Верны Той, Які заклікае вас, Які і зробіць гэта.
25 Браты! Маліцеся і аб нас.
26 Вітайце ўсіх братоў святым пацалункам.
27 Заклінаю вас Госпадам, каб гэты ліст быў прачытаны ўсім [святым] братам.
28 Ласка нашага Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з вамі. [Амін.]
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст да Тэсалонцаў Апостала Паўла, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014