1 А Дух выразна кажа, што ў пазнейшыя часы некаторыя адступяць ад веры, прытрымліваючыся духай ашуканцаў і вучэнняў дэманаў,
2 у крывадушнасці людзей, якія кажуць няпраўду, — людзей з заклеймаваным сумленнем,
3 хто забараняе жаніцца, вучыць устрымлівацца ад рознай яды, якую стварыў Бог, каб яе з удзячнасцю спажывалі тыя, хто верыць і спазнаў ісціну.
4 Таму што кожнае стварэнне Божае — добрае, і нішто не павінна адкідацца, калі прымаецца з падзякаю,
5 бо яно асвячаецца словам Божым і малітваю.
6 Калі будзеш гэта падаваць сваім братам, то будзеш добры слуга Хрыста Ісуса, узгадаваны словамі веры і добрай навукі, услед за якой ты пайшоў.
7 А нячыстых і бабскіх баек цурайся і практыкуй сябе ў набожнасці.
8 Бо цялеснае практыкаванне карыснае для нямногага, а набожнасць для ўсяго карысная, маючы абяцанне жыцця цяперашняга і будучага.
9 Слушнае гэта слова і годнае ўсялякага прыняцця.
10 Бо для гэтага мы працуем і змагаемся2, таму што ўсклалі надзею на жывога Бога, Які ёсць Збаўца ўсіх людзей, асабліва вернікаў.
11 Загадвай гэта і вучы гэтаму.
12 Няхай ніхто не пагарджае тваёю маладосцю, але будзь узорам для вернікаў у слове, у паводзінах, у любові, [у духу], у веры, у чысціні.
13 Да таго, як я прыйду, займайся чытаннем, настаўленнем, вучэннем.
14 Не занядбай у сабе дар, які быў дадзены табе праз прароцтва і ўскладанне рук старэйшынамі.
15 Пра гэта дбай, будзь у гэтым, каб твой поспех стаў відочны для ўсіх.
16 Глядзі за сабою і за сваім настаўніцтвам; заставайся ва ўсім гэтым; бо робячы гэта, ты выратуеш і самога сябе, і тых, хто слухае цябе.
Каментары ці зноскі:
10 2: У некат. рукап.: падпадаем пад знявагі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першы ліст да Цімафея, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014