Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

1-ы Цімафею 6 1 да Цімафея 6 разьдзел

1 Усе тыя, хто рабы пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў за годных усялякай пашаны, каб не зневажалася імя Божае і вучэнне.
2 А тыя, хто маюць гаспадароў вернікаў, няхай не пагарджаюць імі, таму што яны браты, а няхай ім болей служаць, таму што яны ёсць вернікі і ўмілаванымі як удзельнікі дабрадзейства. Гэтаму вучы і пераконвай у гэтым.
3 Калі хто вучыць іншаму і не згаджаецца са здаровымі словамі нашага Госпада Ісуса Хрыста і вучэннем, якое згодна з набожнасцю,
4 ён надзьмуўся ў гордасці, нічога не ведае, але захварэў на звадкі і слоўныя бітвы, з якіх паўстаюць зайдрасць, сваркі, блюзнерствы, зласлівыя падазрэнні,
5 сутыкненні між людзьмі з папсаваным розумам і пазбаўленых праўды, якія думаюць, што набожнасць — гэта сродак для атрымання выгады.
6 Але набожнасць з задавальненнем — вялікая выгада;
7 бо мы нічога не прынеслі ў свет; так што і вынесці нічога не можам.
8 Але маючы харч і пакровы, задаволімся гэтым.
9 А хто хоча ўзбагаціцца, упадзе ў спакусу, і пастку, і ў многія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія прыводзяць людзей да знішчэння і гібелі.
10 Бо корань усялякага зла — срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя адбіліся ад веры і працялі саміх сябе многімі пакутамі.
11 Ты ж, чалавеча Божы, уцякай ад гэтага, а дасягай праведнасці, набожнасці, веры, любові, стойкасці, лагоднасці.
12 Змагайся добрым змаганнем веры, ухапіся за вечнае жыццё, да якога ты быў пакліканы і вызнаў добрае вызнанне перад многімі сведкамі.
13 Загадваю табе перад Богам, які ўсё ажыўляе, і перад Хрыстом Ісусам, які засведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнанне,
14 каб ты захаваў запаведзь бездакорна і беззаганна да з’яўлення нашага Госпада Ісуса Хрыста,
15 якое ў свой час пакажа дабраславёны і адзіны Ўладар, Цар цароў і Госпад гаспадароў,
16 Адзіны, Хто мае бяссмерце, Які жыве ў непрыступным свеце, Каго не бачыў ніхто з людзей і ўбачыць не можа; Каму гонар і вечная ўлада, амін.
17 Багатым у цяперашнім веку загадвай, каб не несліся высока і каб не ўскладалі надзеі на нетрываласць багацця, але на [жывога] Бога, Які дае нам багата ўсё дзеля асалоды;
18 каб яны рабілі добрае, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, таварыскімі,
19 збіраючы сабе скарб, добрую аснову для будучыні, каб яны ўхапіліся за тое, што сапраўды ёсць3 жыццё.
20 О Цімафей, зберажы даручанае табе, ухіляючыся ад агіднага, пустаслоўя і супрацьстаўленняў таго, што хлусліва называюцца ведамі,
21 прапаведуючы якія некаторыя адступілі ад веры. Ласка Божая няхай будзе з вамі4.

Каментары ці зноскі:

19 3: Варыянт: вечнае.
21 4: Варыянт: з табою. Амін.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст да Цімафея, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014