Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Яўрэяў 12 Да Яўрэяў 12 разьдзел

1 Таму і мы, маючы вакол сябе такое воблака сведкаў, адкладзём ўсялякі цяжар і грэх, што так лёгка нас аблытваў, і давайце пабяжым з вытрымкаю забег, які перад намі,
2 гледзячы на Пачынальніка і Завяршальніка веры Ісуса, Які замест радасці, што была перад Ім, вытрымаў крыж, пагрэбаваўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
3 Параўнайце з сабою Таго, Хто вытрымаў такую варажнечу супроць Сябе з боку грэшнікаў, каб вы не знемагліся, аслабеўшы вашымі душамі.
4 Вы яшчэ не да крыві супраціўляліся, змагаючыся супроць граху,
5 і забыліся пра тую навуку, якая гаворыцца вам, як сынам: «Сыне мой, не грэбуй караю Гасподняю і не знемагай, калі Ён выкрывае цябе;
6 бо Госпад, каго любіць, таго карае, а бічуе кожнага сына, якога прымае».
7 Калі вы церпіце кару, то Бог абыходзіцца з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсць такі сын, якога не карае бацька?
8 Калі ж вы застаяцеся без кары, супольнікамі якой сталі ўсе сыны, то вы — незаконныя дзеці, а не сыны.
9 Прытым, калі мы мелі цялесных нашых бацькоў, якія нас каралі, і мы іх паважалі; то ці не нашмат больш будзем мы слухацца Бацькі духаў і жыць?
10 Бо яны каралі на некалькі дзён, як ім здавалася патрэбным, Ён жа — дзеля нашай карысці, каб нам прычасціцца Яго святасці.
11 Усялякае ж пакаранне ў цяперашні час здаецца не радасцю, а смуткам; але пасля яно дае мірны плён праведнасці тым, што праз яго напрактыкаваліся.
12 Таму выпрастайце апушчаныя рукі і аслабелыя калені,
13 і рабіце прамыя сцежкі вашым нагам, каб кульгавая нага не была вывіхнута, а лепш было б вылечана.
14 Імкніцеся да міру з усімі і да асвячэння, без якога ніхто не ўбачыць Госпада,
15 назіраючы за тым, каб хто-небудзь не адпаў ад ласкі Божай, каб які-небудзь корань гаркаты, вырастаючы ўгору, не турбаваў вас і не апаганіліся праз яго многія,
16 каб не было між вамі якога распусніка ці бязбожніка, як Ісаў, які за адну страву аддаў свае правы першародства.
17 Бо вы ведаеце, што і пасля, хочучы атрымаць у спадчыну добраславенне, ён быў адкінуты; бо ён не знайшў месца пакаянню, хоць шукаў яго са слязьмі.
18 Бо вы падышлі не да гары, якую можна памацаць і якая гарыць агнём, ні да цемры, і змроку, і буры,
19 і гуку трубнага, і голасу слоў, з-за якога слухачы прасілі, каб ім не было сказана больш ні слова;
20 бо яны не маглі выцерпець таго, што ім было загадана: «Калі нават звер дакранецца да гары, ён будзе ўкаменаваны [або працяты стралою]».
21 І такое страшнае было гэтае відовішча, што Маісей сказаў: «Я ў страху і ў трымценні».
22 Але вы падышлі да гары Сіён і да горада жывога Бога, нябеснага Іерусаліма; і да мірыядаў Анёлаў, усеагульнага9 сходу;
23 і да царквы першародных, запісаных у нябёсах; і да Бога, Суддзі ўсіх; і да духаў праведнікаў, што дасяглі дасканаласці;
24 і да Ісуса, Пасрэдніка новага запавету, і да Крыві акраплення, якая кажа нешта лепшае, чым кроў Авеля.
25 Глядзіце, не адмаўляйцеся слухаць Таго, Хто гаворыць, бо калі не пазбеглі кары тыя, што адмовіліся слухаць Таго, Хто засцерагаў іх на зямлі, то тым больш не пазбегнем мы, калі адвернемся ад Таго, Хто перасцерагае з нябёсаў,
26 чый голас тады пахіснуў зямлю, а цяпер Ён паабяцаў, кажучы: «Яшчэ раз Я пахісну не толькі зямлю, але і неба».
27 І гэта: «Яшчэ раз» паказвае на перамену расхістанага, як створанага, каб заставалася непахіснае.
28 Таму, прымаючы непахіснае царства, давайце будзем мець ласку, якою будзем служыць даспадобы Богу з ушанаваннем і страхам,
29 таму што наш Бог ёсць агонь знішчальны.

Каментары ці зноскі:

22 9: Або: святочнага.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Яўрэяў, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014