Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Яўрэяў 7 Да Яўрэяў 7 разьдзел

1 Бо гэты Мельхіседэк, цар Саліма, святар Усявышняга Бога, які сустрэў Аўраама, калі той вяртаўся пасля разгрому цароў, і добраславіў яго,
2 якому Аўраам і аддзяліў дзесяціну ад усяго; ён, па-першае, як перакладаецца яго імя, «цар праведнасці», а пасля і цар Саліма, гэта значыць цар міру;
3 без бацькі, без маці, без радаводу, не маючы ні пачатку дзён, ні канца жыцця, а ўпадоблены Сыну Божаму, застаецца святаром назаўсёды.
4 А бачыце, які вялікі той, каму патрыярх Аўраам даў дзесяціну з найлепшай здабычы.
5 І паколькі носьбіты святарства з сыноў Лявія маюць запаведзь браць паводле закона дзесяціну з народа, гэта значыць са сваіх братоў, хоць яны выйшлі з Аўраамавых сцёгнаў.
6 Але той, хто не паходзіць з іх роду, узяў дзесяціну з Аўраама і добраславіў таго, хто мае абяцанні.
7 А без усялякае спрэчкі меншы дабраслаўляецца вышэйшым.
8 І тут дзесяціны атрымліваюць людзі, якія паміраюць; а там — той, пра каго засведчана, што ён жыве.
9 І, так сказаць, і Лявій, атрымліваючы дзесяціны, праз Аўраама даў дзесяціну,
10 бо ён быў яшчэ ў бацькавых сцёгнах, калі яго сустрэў Мельхіседэк.
11 Дык калі б дасканаласць дасягалася праз лявіцкае святарства — бо пры ім народ атрымаў закон — то якая яшчэ была патрэба ў тым, каб паўставаў іншы Святар паводле чыну Мельхіседэка, а не называўся, што Ён паводле чыну Аарона?
12 Бо з пераменаю святарства ўзнікае з неабходнасці іперамена закона.
13 Бо Той, пра Каго гэта гаворыцца, належаў да іншага племя, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку.
14 Бо вядома, што наш Госпад паходзіць ад Іуды, з племя, адносна якога Маісей нічога не сказаў пра святароў.
15 І гэта яшчэ больш яскрава відаць, калі па падабенству Мельхіседэка паўстае іншы Святар,
16 Які стаў не паводле закона цялеснай запаведзі, а з сілы незнішчальнага жыцця.
17 Бо засведчана: «Ты Святар навекі паводле чыну Мельхіседэка».
18 А адмена папярэдняй запаведзі адбываецца з-за яе слабасці і бескарыснасці,
19 бо закон нічога не ўдасканаліў і ўводзіцца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога.
20 І паколькі гэта было не без клятвы: бо тыя сталі святарамі без клятвы,
21 а Ён з клятваю праз Таго, Хто кажа Яму: «Госпад пакляўся і не раскаецца: «Ты Святар навекі»[паводле чыну Мельхіседэка],
22 паколькі і парукаю лепшага запавету стаў Ісус.
23 І тых святароў было многа, бо смерць не дапускалазаставацца аднаму.
24 Ён жа, таму што застаецца вечна, мае святарства непераходнае.
25 Таму Ён і можа заўсёды ратаваць тых, хто прыходзіць праз Яго да Бога, бо Ён заўсёды жывы, каб заступацца за іх.
26 Бо такі і павінен быць у нас Першасвятар: святы, вольны ад зла, беззаганны, аддзелены ад грэшнікаў і ўзвышаны па-над нябёсы,
27 Які не мае патрэбы штодзень, як гэтыя першасвятары, спярша за ўласныя грахі прыносіць ахвяры, пасля за грахі народа: бо гэта Ён зрабіў раз і назаўсёды, ахвяраваўшы Самога Сябе.
28 Бо закон ставіць першасвятарамі людзей, у якіх ёсць слабасць, а слова клятвы, якая была пасля закона, паставіла Сына, навекі дасканалага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Яўрэяў, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014