Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Адкрыццё 13 Адкрыццё 13 разьдзел

1 І ён31 стаў на пяску мора. І я ўбачыў звера, які падымаўся з мора, меў дзесяць рагоў і сем галоў, і на яго рагах — дзесяць дыядэмаў, а на яго галовах — богазневажальныя імёны.
2 І звер, якога я ўбачыў, быў падобны да леапарда, і яго ногі — як у мядзведзя, а яго пашча — як пашча льва. І дракон даў яму сваю сілу, і свой трон, і вялікую ўладу.
3 І [ўбачыў я, што] адна з яго галоў была як бы зраненая насмерць; але яго смяротная рана была загоеная. І ўся зямля здзівілася і пайшла за зверам;
4 і яны пакланіліся дракону, бо ён даў уладу зверу, і пакланіліся зверу, кажучы: Хто падобны да гэтага звера? І хто можа ваяваць з ім?
5 І дадзены былі яму вусны, якія казалі пыхлівае і богазневажальнае, і дадзена яму была ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.
6 І ён адкрыў свае вусны для знявагі Бога, каб зневажаць Яго імя і Яго скінію [і] тых, хто жыве на небе.
7 І дадзена было яму весці вайну са святымі і перамагчы іх; і дадзена была яму ўлада над кожным пакаленнем, і племем, і родам, і народам.
8 І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі, кожны, чыё імя не напісана ў кнізе жыцця Агнеца, заколатага ад стварэння свету.
9 Калі хто мае вуха, няхай пачуе.
10 Калі каму ў палон, ён ідзе ў палон; калі хто на забіванне мячом — мячом ён павінен быць забіты. Тут вытрываласць і вера святых.
11 І я ўбачыў іншага звера, які падымаўся з зямлі, і ён меў два рагі, падобныя да агнецавых, і казаў, як дракон.
12 І ён выконвае ўсю ўладу першага звера перад ім. І ён прымушае, каб зямля і тыя, хто жыве на ёй, пакланяліся першаму зверу, чыя смяротная рана была загоена.
13 І ён творыць вялікія знакі, так што нават агонь вымушае сыходзіць з неба на зямлю перад людзьмі.
14 І ён уводзіць у зман тых, хто жыве на зямлі праз тыя знакі, якія было дадзена яму тварыць перад зверам, кажучы тым, хто жыве на зямлі, каб яны зрабілі вобраз звера, які мае рану ад мяча і ажыў.
15 І дадзена было яму даць дыханне вобразу звера, каб вобраз звера нават загаварыў і зрабіў, каб усе, хто не паклоніцца вобразу звера, былі забітыя.
16 І ён робіць так, каб усім: малым і вялікім, багатым і ўбогім, вольным і рабам — далі кляймо на іх правую руку ці на іх лоб.
17 І каб ніхто не мог ні купляць, ні прадаваць, акрамя таго, хто мае кляймо: [ці] імя звера ці лік яго імя.
18 Тут мудрасць. Хто мае розум, няхай палічыць лік звера; бо гэта лік чалавека; і яго лік — шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць.

Каментары ці зноскі:

1 У папяровай версіі: «І ён стаў на пяску мора.», гэта 18 верш 12 раздзела, але гэты сказ павінен быць тут.
1 31: У некат. рукап.: я.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Іаана Багаслова, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014