Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Адкрыццё 19 Адкрыццё 19 разьдзел

1 Пасля гэтага я пачуў як бы гучны голас вялікай грамады ў небе, які казаў: Алілуя! Збавенне, і слава, [і гонар], і сіла Богу нашаму,
2 бо праўдзівыя і справядлівыя Яго суды; бо Ён засудзіў вялікую распусніцу, якая разбэшчвала зямлю сваёю распустаю, і Ён спагнаў за кроў Сваіх слуг ад яе рукі.
3 І другі раз яны сказалі: Алілуя! І яе дым падымаецца векі вечныя.
4 І дваццаць чатыры старэйшыны і чатыры жывыя істоты ўпалі і пакланіліся Богу, Які сядзіць на троне, і казалі: Амін! Алілуя!
5 І зышоў голас ад трона, кажучы: Хваліце нашага Бога ўсе Яго слугі, [і] хто баіцца Яго, малыя і вялікія.
6 І я пачуў як бы голас вялікай грамады і як бы шум многіх водаў і як бы грукат моцных перуноў, якія казалі: Алілуя! Бо заваладарыў Госпад Бог [наш] Усемагутны.
7 Будзем радавацца і весяліцца і ўздадзім Яму славу, бо настала вяселле Агнеца, і Яго жонка падрыхтавала сябе,
8 і дадзена было ёй апрануцца ў вісон светлы, чысты; бо вісон — гэта праведныя ўчынкі святых.
9 І ён кажа мне: Напішы: «Шчаслівыя пакліканыя на шлюбную вячэру Агнеца». І кажа мне: Гэта праўдзівыя словы Божыя.
10 І я ўпаў перад яго нагамі, каб яму пакланіцца. І ён кажа мне: Глядзі, не рабі гэтага. Я слуга разам з табою і з тваімі братамі, якія маюць сведчанне Ісусава. Богу пакланіся. Бо сведчанне Ісусава — дух прароцтва.
11 І я ўбачыў расчыненае неба, і вось конь белы, і Той, Хто сядзіць на ім, [завецца] Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і ваюе.
12 Вочы ж Яго [як] полымя агню, і на Яго галаве шмат дыядэмаў, Ён мае напісанае імя, якога ніхто не ведае, акрамя Яго Самога.
13 І апрануты Ён у адзенне, акунутае ў кроў, а Яго імя названа: Слова Божае.
14 І войскі, якія ў небе, ішлі ўслед за Ім на белых конях, апранутыя ў вісон, белы [і] чысты.
15 І з Яго вуснаў выходзіць востры меч, каб ім разбіваць народы, і Ён будзе пасвіць іх жалезным жазлом; і Ён топча выціскальню віна лютасці гневу Бога Усемагутнага.
16 І на вопратцы і на сцягне ў Яго напісана імя: Цар цароў і Валадар валадароў.
17 І я ўбачыў аднаго Анёла, які стаяў у сонцы, і ён крыкнуў гучным голасам, кажучы ўсім птушкам, якія лёталі пасярэдзіне неба: Сюды, збірайцеся на вялікую вячэру Божую,
18 каб з’есці целы цароў, і целы тысячаначальнікаў, і целы магнатаў, і целы коней, і хто сядзіць на іх, і целы ўсіх: і вольных, і рабоў, і малых, і вялікіх.
19 І я ўбачыў звера і зямных цароў і іх войскі, сабраныя, каб весці вайну з Тым, Хто сядзіць на кані, і Яго войскам.
20 І схоплены быў звер і з ім ілжэпрарок, які рабіў перад ім знакі, якімі ўводзіў у зман тых, хто прыняў кляймо звера, і тых, хто пакланяўся яго вобразу; яны абодва жывымі былі кінуты ў агнявое возера, якое гарэла сераю.
21 А астатнія былі забітыя мячом, што выходзіў з вуснаў Таго, Хто сядзіць на кані, і ўсе птушкі наеліся іх целаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Іаана Багаслова, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014