Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Адкрыццё 20 Адкрыццё 20 разьдзел

1 І я ўбачыў Анёла, што сходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
2 І ён схапіў дракона, старадаўняга змея, які ёсць д’ябал і сатана, і скаваў яго на тысячу гадоў,
3 і кінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ён не ўводзіў у зман больш народы, пакуль не скончыцца тысяча гадоў; пасля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час.
4 І я ўбачыў троны, і тых, што селі на іх, — і ім была дадзена ўлада судзіць, — і душы абезгалоўленых за сведчанне Ісуса і за слова Божае, і тых, што не пакланіліся ні зверу, ні яго вобразу, і не прынялі кляйма на свой лоб і на сваю руку. І яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў.
5 Астатнія з мёртвых не ажылі, пакуль не скончыцца тысяча гадоў. Гэта — першае ўваскрэсенне.
6 Шчаслівы і святы, хто мае ўдзел у першым уваскрэсенні; над ім другая смерць не мае ўлады, але яны будуць Божымі і Хрыстовымі святарамі і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
7 І калі скончыцца тысяча гадоў, будзе вызвалены сатана са сваёй турмы,
8 і выйдзе, каб уводзіць у зман народы на чатырох краях зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на вайну, лік іх — як марскі пясок.
9 І яны ўзышлі на шырыню зямлі і аблажылі стан святых і ўлюбёны горад, і сышоў агонь з неба [ад Бога] і паглынуў іх.
10 І д’ябал, які зводзіў у зман іх, быў кінуты ў агнявое і сернае возера, дзе таксама звер і лжэпрарок, і будуць яны мучыцца ўдзень і ўночы векі вечныя.
11 І я ўбачыў вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякалі зямля і неба, і не знайшлося ім месца.
12 І я ўбачыў мёртвых, вялікіх і малых, якія стаялі перад тронам38, і былі разгорнуты скруткі; і іншы скрутак быў разгорнуты, гэта — кніга жыцця, і мёртвыя былі суджаны, згодна з напісаным у скрутках, паводле сваіх учынкаў.
13 І мора аддало мёртвых, якія былі ў ім, і смерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх, і суджаны быў кожны паводле сваіх учынкаў.
14 І смерць і пекла былі кінуты ў возера агнявое. Гэта — другая смерць, агнявое возера.
15 І, калі хто не быў знойдзены запісаным ў кнізе жыцця, той быў кінуты ў агнявое возера.

Каментары ці зноскі:

12 38: Варыянт: перад Богам.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Іаана Багаслова, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014