Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Адкрыццё 5 Адкрыццё 5 разьдзел

1 І я ўбачыў у правай руцэ Таго, Хто сядзіць на троне, скрутак, спісаны ўсярэдзіне і на адвароце, змацаваны сямю пячаткамі.
2 І я ўбачыў магутнага Анёла, які абвяшчаў гучным голасам: Хто годны разгарнуць скрутак і зняць яго пячаткі?
3 І ніхто не мог ні ў небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю ні разгарнуць скрутак, ні паглядзець у яго.
4 І я шмат плакаў, бо не знайшлося нікога годнага ні разгарнуць, ні чытаць скрутак, ні паглядзець у яго.
5 І адзін са старэйшынаў кажа мне: Не плач; вось, Леў з калена Іудава, корань Давідаў, перамог, каб разгарнуць скрутак і зняць сем яго пячаткаў.
6 І я ўбачыў: пасярэдзіне трона і чатырох жывых істотаў і пасярэдзіне старэйшынаў стаіць Агнец, як бы заколаты, які мае сем рагоў і сем вачэй; гэта — [сем] Божых духаў, пасланых на ўсю зямлю.
7 І Ён прыйшоў і ўзяў з правай рукі Таго, Хто сядзеў на троне.
8 І, калі Ён узяў скрутак, чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Агнецам, маючы кожны арфу і залатыя чашы, поўныя фіміяму, а гэта — малітвы святых.
9 І яны спяваюць новую песню, кажучы: Годны Ты ўзяць скрутак і зняць яго пячаткі, бо Ты быў заколаты і выкупіў Богу Сваёю Крывёй нас з кожнага пакалення, і роду, і народа, і племя,
10 і зрабіў іх царствам9 і святарамі нашаму Богу, і яны будуць10 валадарыць на зямлі.
11 І я ўбачыў, і пачуў голас многіх Анёлаў вакол трона, і жывых істот, і старэйшынаў, і быў іх лік мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,
12 і яны казалі гучным голасам: Годны заколаты Агнец прыняць сілу, і багацце, і мудрасць, і магутнасць, і гонар, і славу, і добраславенне.
13 І кожнае стварэнне, што ў небе, і на зямлі, і пад зямлёю, і на моры, і ўсё, што ў іх, пачуў я, казалі: Таму, Хто сядзіць на троне, і Агнецу — добраславенне, і гонар, і слава, і ўладарства векі вечныя.
14 І чатыры жывыя істоты казалі: Амін. — І [дваццаць чатыры] старэйшыны ўпалі і пакланіліся [Таму, Хто жыве векі вечныя].

Каментары ці зноскі:

10 9: У некат. рукап.: нас царамі.
10 10: У некат. рукап.: мы будзем.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Іаана Багаслова, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014