Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Адкрыццё 7 Адкрыццё 7 разьдзел

1 Пасля гэтага я ўбачыў чатырох Анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі, трымаючы чатыры вятры зямлі, каб вецер не дзьмуў ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.
2 І я ўбачыў іншага Анёла, які падымаўся ад усходу сонца і меў пячатку жывога Бога; і ён крыкнуў гучным голасам чатыром Анёлам, якім было дадзена шкодзіць зямлі і мору,
3 кажучы: Не шкодзьце ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль мы не пакладзём пячаткі слугам нашага Бога на іх ілбы.
4 І я пачуў лік пазначаных пячаткаю: сто сорак чатыры тысячы — пазначаныя пячаткаю з кожнага пакалення сыноў Ізраілевых:
5 з пакалення Іудавага — дванаццаць тысяч пазначаных пячаткаю, з пакалення Рувімавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Гадавага — дванаццаць тысяч,
6 з пакалення Асіравага — дванаццаць тысяч, з пакалення Нефалімавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Манасіевага — дванаццаць тысяч,
7 з пакалення Сімяонавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Левіевага — дванаццаць тысяч, з пакалення Ісахаравага — дванаццаць тысяч,
8 з пакалення Завулонавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Іосіфавага — дванаццаць тысяч, з пакалення Веньямінавага — дванаццаць тысяч пазначаных пячаткаю.
9 Пасля гэтага я ўбачыў: і вось, вялікае мноства, якога ніхто не мог злічыць, з кожнага народа і ўсіх пакаленняў, і плямёнаў, і родаў: стаяць перад тронам і перад Агнецам, апранутыя ў белыя шаты, і ў іх руках пальмавыя галінкі.
10 І яны ўсклікваюць гучным голасам, кажучы: Збавенне нашаму Богу, Які сядзіць на троне, і Агнецу.
11 І ўсе Анёлы стаялі вакол трона і старэйшынаў і чатырох жывых істотаў, і яны ўпалі на абліччы свае перад тронам і пакланіліся Богу,
12 кажучы: Амін! Добраславенне, і слава, і мудрасць, і падзяка, і гонар, і сіла, і магутнасць нашаму Богу векі вечныя! Амін.
13 І азваўся адзін са старэйшынаў і спытаўся ў мяне: Гэтыя, апранутыя ў белыя шаты, хто яны і адкуль прыйшлі?
14 І я сказаў яму: Уладару мой, ты ведаеш. І ён сказаў мне: Гэта тыя, што прыходзяць з вялікага ўціску, і абмылі свае шаты і выбелілі іх16 крывёю Агнеца.
15 Таму яны — перад Божым тронам і служаць Яму ўдзень і ўночы ў Яго храме, і Той, хто сядзіць на троне, будзе скініяй над імі17.
16 І яны не будуць больш ні галадаць, ні смагнуць, і не будзе паліць іх ні сонца і ніякая спёка,
17 бо Агнец, які пасярэдзіне трона, будзе пасвіць іх і будзе вадзіць іх да крыніцаў водаў жыцця, і Бог абатрэ кожную слязу з іх вачэй.

Каментары ці зноскі:

14 16: У некат. рукап.: свае шаты.
15 17: Другі варыянт перакладу: будзе жыць у іх.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Іаана Багаслова, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014