1 І калі Ён зняў сёмую пячатку, настала маўчанне на небе амаль на паўгадзіны.
2 І я ўбачыў сем Анёлаў, якія стаяць перад Богам, і былі дадзены ім сем трубаў.
3 І іншы Анёл прыйшоў і стаў каля ахвярніка, маючы залатую кадзільніцу, і было дадзена яму шмат фіміяму, каб ён усклаў яго з малітвамі ўсіх святых на залаты ахвярнік перад тронам.
4 І ўзняўся дым фіміяму з малітвамі святых з рукі Анёла перад Богам.
5 І ўзяў Анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з ахвярніка. І кінуў на зямлю, і зрабіліся грамы, і галасы, і маланкі, і землятрус.
6 І сем Анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся трубіць.
7 І першы затрубіў: і зрабіліся град і агонь, змяшаныя з крывёю, і былі кінуты на зямлю; і трэць зямлі згарэла, і трэць дрэваў згарэла, і ўся зялёная трава згарэла.
8 І другі Анёл затрубіў: і як бы вялікая гара, распаленая агнём, была кінута ў мора, і трэць мора зрабілася крывёю,
9 і вымерла трэць стварэнняў, што жылі ў моры, і трэць суднаў была знішчана.
10 І трэці Анёл затрубіў: і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла, як паходня, і ўпала яна на трэць рэк і на крыніцы водаў.
11 І імя зоркі — Палын; і трэць водаў зрабілася палыном; і шмат людзей памерла ад водаў, бо воды зрабіліся горкімі.
12 І чацвёрты Анёл затрубіў: і была знішчана трэць сонца, і трэць месяца, і трэць зорак, каб трэць іх пацьмянела, і дзень не яснеў на сваю трэць, і гэтак жа ноч.
13 І я ўбачыў і пачуў аднаго арла18, які ляцеў пасярэдзіне неба, кажучы гучным голасам: Бяда, бяда, бяда тым, хто жыве на зямлі, ад астатніх трубных галасоў трох Анёлаў, якія будуць трубіць!
Каментары ці зноскі:
13 18: У некат. рукап.: Анёла.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Адкрыццё Іаана Багаслова, 8 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014