1 У тым жа часе праходзіў Ісус паміж збожжам у сыботу, і вучні Ягоныя, згаладаўшыся, пачалі зрываць каласы й есьці.
2 Фарысеі-ж, угледзеўшы гэта, сказалі Яму: «Вось вучні Твае робяць, чаго не павінны рабіць у сыботу».
3 Ён-жа сказаў ім: «Хіба-ж вы ня чыталі, што зрабіў Давід, згаладаны сам і тыя, хто быў зь ім?
4 Як ён, увайшоўшы ў дом Божы, еў хлябы прынясеньн, якіх не належала есьці ні яму, ні тым, хто зь ім быў, а толькі адным сьвятаром?
5 Альбо, ці ня чыталі вы ў законе, што ў сыботу сьвятары ў храме парушаюць сыботу, аднак-жа астаюцца нявіннымі?
6 Але, кажу вам, што тут ёсьць Той, хто большы за храм.
7 І калі-б вы ведалі, што значыць: міласьці прашу, а не ахвяры, то не асудзілі-б бязьвінных.
8 Бо Сын Чалавечы ёсьць гаспадаром і сыботы».
9 І, адыйшоўшы адтуль, увайшоў у іхную сынагогу.
10 Быў-жа там чалавек сухарукі. І спыталіся ў Ісуса, стараючыся знайсьці віну на Ім, ці можна аздараўляць у сыботу?
11 Ён-жа сказаў ім: «Хто з вас, калі-б меў адну авечку, і яна ў сыботу ўвалілася-б у яму, ня ўзяў-бы й ня выцягнуў яе?
12 Ці-ж не шмат важнейшы чалавек за авечку? Дык дабро тварыць у сыботу можна».
13 Тады сказаў сухарукаму: «Працягні руку тваю!» Той працягнуў, і стала яна здаровая, як і другая.
14 Фарысеі-ж, выйшаўшы, вялі змову супраць Яго, як-бы згубіць Яго, але Ісус, ведаючы гэта, адыйшоў адтуль.
15 І пайшло за Ім мноства народу, і Ён аздаравіў іх усіх.
16 Ды забараніў ім выяўляць Яго.
17 Каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які гаварыў:
18 «Вось Юнак Мой, Якога я выбраў, Улюбёны Мой, Яму-ж дабраволіць душа мая; палажу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд.
19 Не запярэчыць і ня ўзьніме голасу Свайго, і ніхто не пачуе на вуліцы голасу Яго.
20 Трысьціны надламанай не пераломіць, і тлеючага лёну не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі.
21 І на ймя Яго няхай спадзяюцца народы».
22 Тады прывялі да Яго апанаванага злыдухам сьляпога й нямога, і аздаравіў яго: сьляпы й нямы стаў і бачыць і гаварыць.
23 І дзівіўся народ увесь, кажучы: «Ці ня ёсьць гэта Хрыстос, Сын Давідаў?»
24 Фарысеі-ж, пачуўшы гэта, сказалі: «Ён выганяе злыдухаў няйначай, як сілай Вэльзевула, князя шатанскага».
25 Але Ісус, знаючы помыслы іхныя, сказаў ім: «Усякае гаспадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, разваліцца; і ўсякае места ці дом, разьдзяліўшыся сам у сабе, ня ўстоіць.
26 І калі шатан шатана выганяе, то ён разьдзяліўся сам з сабою. Як-жа можа ўтрымацца ўладарства яго?
27 І калі Я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў, то чыёю сілаю выганяюць сыны вашыя? Дзеля таго яны будуць вам судзьдзямі.
28 А калі Я Духам Божым выганяю злыдухаў, то пэўна дайшло да вас Уладарства Божае.
29 Або, як можа хто-небудзь увайсьці ў дом дужага й абрабаваць дабро яго, калі перш ня зьвяжа дужага, і тады абрабуе дом яго.
30 Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто ня зьбірае са Мною, той растрачвае.
31 Дзеля таго кажу вам: усякі грэх і зьнявага адпусьцяцца чалавекам.
32 І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, даруецца яму; і калі хто скажа супраць Духа Сьвятога не даруецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
33 Або прызнайце дрэва добрым, і плод яго добрым, або прызнайце дрэва дрэнным і плод яго дрэнным, бо па плодзе пазнаецца дрэва.
34 Параджэньне зьмяінае! Як вы можаце гаварыць добрае, калі самі нягодныя? Ад паўнаты бо сэрца прамаўляюць вусны.
35 Добры чалавек з добрае скарбніцы выносіць добрае, а дрэнны чалавек з дрэннае скарбніцы выносіць дрэннае.
36 Кажу вам, што за ўсякае пустаслоўе, якое скажуць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны.
37 Бо словамі сваімі ты апраўданы будзеш, і за словы свае асуджаны будзеш».
38 Тады некаторыя з кніжнікаў і фарысеяў пытаючыся, сказалі «Настаўніку! Хацелася-б нам знаменьне ад Цябе пабачыць».
39 Але Ён у адказ сказаў ім: «Род златворны й чужаложны знаменьня шукае, але знаменьне яму ня будзе дадзена, апрача знаменьня Іоны — прарока.
40 Бо, як Іона быў у чэраве кіта тры дні й тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні й тры ночы.
41 Мужы Ніневійскія паўстануць на суд з родам гэтым, і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навучэньня Іонінага; і вось тут большае за Іонінае.
42 Каралева паўднёвая паўстане на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямонавае; і вось тут большае за Салямона.
43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, сноўдаецца па сухазем’і, шукаючы супакою, і не знаходзіць.
44 Тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль выйшаў; і прыйшоўшы, знаходзіць яго парожным, падмеценым і прыбраным.
45 Тады йдзе й бярэ з сабою сем іншых духаў, больш лютых за сябе, і яны ўвайходзяць і жывуць там; і становіцца чалавеку таму апошняе горшым за першае; так будзе й роду гэтаму златворнаму».
46 Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да народу, Маці Яго й браты Яго стаялі на двары, чакаючы, каб пагаварыць зь Ім.
47 І нехта сказаў Яму: «Вось Маці Твая й браты Твае стаяць вонках, хочуць гаварыць з Табою».
48 Ён-жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму сказаў: «Хто маці Мая? Хто браты Мае?»
49 І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: «Вось Маці Мая, і браты Мае;
50 Бо хто будзе выпаўняць волю Айца Майго, той брат Мой, і сястра, і маці».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 12 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
