1 Высьцерагайцеся даваць ахвяры вашыя прад людзьмі, каб было гэта на вачох іх; бо гэтак ня будзеце мець узнагароды ад Айца вашага Нябеснага.
2 Калі-ж даеш ахвяру, не разгалошвай прад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі. Запраўды кажу вам: яны ўжо атрымліваюць узнагароду сваю.
3 Ты-ж, калі прыносіш ахвяру, няхай левая твая рука ня ведае, што робіць правая.
4 Каб ахвяра твая была ў тайне, і Айцец твой, бачыўшы тайнае, узнагародзіць цябе наяве.
5 І калі молісься, ня будзь, як крывадушнікі, якія любяць у сынагогах і на скрыжаваньні вуліц, стоячы, маліцца, каб паказацца прад людзьмі. Запраўды кажу вам: яны ўжо дастаюць узнагароду сваю.
6 Ты-ж, калі молісься, увайдзі ў куток свой, і, зачыніўшыся, памаліся Айцу твайму, які ў тайне, і Айцец твой, бачачы тайнае, узнагародзіць цябе яўна.
7 А молячыся, не гавары лішняга, як пагане. Бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім выслуханы будуць.
8 Не прыпадабняйцеся да іх, бо ведае Айцец ваш вашыя патрэбы, перш, як вы папросіце ў Яго.
9 Вы-ж малецеся гэтак: Ойча наш Нябесны! Сьвяціся імя Тваё;
10 Прыйдзі Ўладарства Тваё; і станься воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
11 Хлеба надзённага сёньня нам дай.
12 І выбач нам нашыя віны, як і мы выбачаем правінным прад намі.
13 І не дапусьці нас да спакусы, але збаў нас ад златворнага. Тваё бо ёсць Уладарства, і сіла, і слава на векі. Амін.
14 Бо калі вы выбачаеце людзям правіны іхныя, выбачыць і вам Айцец ваш Нябесны.
15 Калі-ж ня выбачыце людзямі правінаў іхных, то і Айцец ваш Нябесны ня выбачыць вам правінаў вашых.
16 І калі посьціце, не станавецеся панурымі, як крывадушнікі, якія наводзяць сум на абліччы свае, каб паказацца людзям, што яны посьцяць; запраўды кажу вам: яны ўжо дастаюць узнагароду сваю.
17 А ты, калі посьціш, намасьці галаву тваю і абмый аблічча тваё;
18 Каб не прад людзьмі паказацца посьнікам, але перад Айцом тваім, Які ў таемнасьці ёсьць; і Айцец твой, бачачы ў таемнасьці, узнагародзіць цябе яўна.
19 Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа й моль зьнішчаюць, і дзе зладзеі падкопваюцца й крадуць.
20 А зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні іржа не зьядаюць, і дзе зладзеі не падкопваюцца й не крадуць.
21 Бо там, дзе скраб ваш, там будзе й сэрца вашае.
22 Сьветачам целу ёсьць вока. Калі вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае.
23 Калі-ж вока тваё благое будзе, то ўсё цела тваё зацьмянае будзе. От-жа, калі сьвятло, што ў табе — цемра, то якая-ж сама цемра?
24 Ніхто ня можа служыць двум гаспадаром: бо аднаго палюбіць, а другога зьненавідзіць, або аднаму стане спрыяць, а другога занядбае; ня можаце служыць Богу й мамоне.
25 Дзеля таго кажу вам: ня турбуйцеся пра жыцьцё вашае, што вам есьці і што піць, ні пра цела вашае, у што апрануцца; ці-ж душа не важнейшая за ежу, а цела за вопратку?
26 Паглядзеце на птушкі нябесныя: яны ня сеюць, ня жнуць, ані зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці-ж вы ня лепшыя за іх?
27 Дый хто з вас турботаю сваёю можа дадаць да росту свайго хоць адзін локаць?
28 І пра адзеньне чаго турбуецеся? Гляньце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, ані прадуць.
29 Але, кажу вам, што й Саламон пры ўсёй славе сваёй не ўбіраўся так, як кожная зь іх.
30 Калі-ж траву палявую, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог так убірае, то ці-ж не балей таго вас, малаверы?
31 Дык не клапацецеся, разважаючы: што нас есьці й што піць, ці ў што апрануцца?
32 Бо ўсяго гэтага шукаюць і пагане; Айцец-жа ваш Нябесны ведае пра ўсе вашыя патрэбы.
33 Шукайце перш Уладарства Божага й Праўды Ягонае, а ўсё іншае прыложыцца вам.
34 Дык ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашняе само пра сябе будзе турбавацца; досыць на кожны дзень клопату свайго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Евангельле, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
