1 Тагды прыйходзяць да Ісуса з Ерусаліму кніжнікі і фарысеі і кажуць:
2 — Чаму вучні Твае пераступаюць пераданьні старэйшых: ня мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб?
3 Ён-жа ў адказ сказаў ім: — чаму-ж і вы пераступаеце запавет Божы дзеля пераданьня свайго?
4 Бог запавядаў: — шануй айца твайго і маці тваю, і — хто надругаецца над айцом ці маці, няхай сьмерцяй памрэ.
5 Вы-ж кажаце: — хто скажа айцу свайму, ці маці: — Богу ахвяравана тое, чым-бы ты ад мяне мог карыстацца.
6 — Тады ўжо той можа і не ўшаноўваць айца свайго, ці маці свае; і зьняважылі запавет Божы пераданьнем сваім.
7 Аблыжнікі! добра праракаваў пра вас Ісайя, кажучы:
8 — Збліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі, і языком шануюць Мяне, сэрца-ж іхнае далёка стала ад Мяне.
9 Але дарма ўшаноўваюць Мяне, пашыраючы навукі і запаветы чалавечыя.
10 І, пазваўшы да Сябе народ, сказаў ім: — слухайце і разумейце.
11 Ня тое, што ў вусны ўвайходзіць, апаганьвае чалавека, але тое, што з вуснаў выйходзіць, апаганьвае чалавека.
12 Тады вучні Ягоныя, падыйшоўшы, сказалі Яму: — ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, абразіліся.
13 Ён-жа ў адказ сказаў: — усякая расьліна, якой Айцец Мой Нябесны не насаджаў, выкаранена будзе.
14 Пакіньце іх, яны сьляпыя правадыры сьляпых, а калі сьляпы вядзе сьляпога, абодва ў яму ўпадуць.
15 Пётра-ж, азваўшыся, сказаў Яму: — растлумач нам прыпавесьць гэтую.
16 І сказаў Ісус: — ці-ж і вы ня маеце розуму?
17 Ці-ж не разумееце, што ўсё прынятае ў вусны ў жывот прайходзіць ды вон выкідаецца.
18 А што з вуснаў, тое з сэрца выходзіць, і гэта апаганьвае чалавека.
19 Бо з сэрца выходзяць злыя помыслы, забойствы, чужаложствы, блудадзеяньні, зладзействы, аблыжніцтвы, блюзьнерствы.
20 Гэта апаганьвае чалавека, а есьці з нямытымі рукамі не апаганьвае чалавека.
21 І выйшаўшы адтуль, Ісус адыўшоў у землі Тырскія і Сідонскія.
22 І вось жанчына хананеянка, выйшаўшы з тых аколіц, галасіла да Яго: — зьмілуйся нада мною, Госпадзе, Сыне Давыдаў: дачка мая цяжка мучыцца ад нячыстага.
23 Ён-жа не адказаў ёй ні слова; і вучні Ягоныя, падыйшоўшы, прасілі Яго, кажучы: — адпусьці яе, бо галосіць усьлед за намі.
24 Ён-жа ў адказ сказаў: — Я пасланы толькі за загінутых авечак дому Ізраілевага.
25 Але яна, падыйшоўшы, кланялася Яму і гаварыла: — Госпадзе! памажы мне.
26 Ён-жа ў адказ сказаў: — нядобра адыймаць хлеб у дзяцей ды кідаць шчанятам.
27 Яна-ж сказала: — так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія спадаюць ад стала гаспадароў.
28 Тады, ў адказ, Ісус сказаў ёй: — о, жанчына! вялікая вера твая, няхай будзе табе подле жаданьня твайго; і ацалілася дачка яе ад тэй часіны.
29 Адыйшоўшы адтуль, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага, і ўзыйшоўшы на гару, сеў там.
30 І надыйшло да Яго мноства народу, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, калекаў і шмат іншых, і палажылі іх да ног Ісусавых, і Ён ацаліў іх.
31 І дзіваваўся народ, пабачыўшы, што нямыя сталі гаварыць, какалечаныя сталі здавовымі, кульгавыя пачалі хадзіць і сьляпыя — бачыць, і славілі Бога Ізраілевага.
32 Ісус-жа, падазваўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада мне народу, што ўжо тры дні прабылі пры Мне, і ня маюць чаго есьці; адпусьціць-жа іх галодных ня хачу, каб не аслабелі ў дарозе.
33 І кажуць Яму вучні Яго: — скуль-жа нам у пустыні узяць гэтулькі хлеба, каб накарміць гэткую грамаду?
34 Ісус гаворыць ім: — колькі маеце хлебаў? яны-ж сказалі — сем і крыху рыбак.
35 Тады загадаў народу прылегчы на зямлі.
36 І ўзяўшы сем хлябоў і рыбу ды ўзьнёсшы хвалу, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні — народу.
37 І елі ўсе, і пад'елі, і набралі астачы сем поўных карабоў.
38 Было-ж усіх ядуноў — чатыры тысячы мужчын, апрача жанчын і дзяцей.
39 І адпусьціўшы народ, увайшоў у лодку і прыбыў ў аколіцы Магеданскія.
Каментары ці зноскі:
2 пераступаюць — ці — перамінаюць.
4 надругаецца — ці — зьневажае.
7 Аблыжнікі — ці — Крывадухі (шнікі).
9 ўшаноўваюць — ці — пакланяюцца.
28 ацалілася — ці — вызвалілася ад нядугу.
38 жанчын — ці — жонаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Мацьвея, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.