1 І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад храму і падыйшлі да Яго вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будыніны сьвятыні.
2 Ісус-жа ў адказ сказаў ім: — бачыце ўсё гэта? запраўды, кажу вам, не застанецца тут каменя на камені — усё будзе разбурана.
3 Калі-ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, прыступілі да Яго вучні Ягоныя насамоце, кажучы: — скажы нам, калі гэта станецца, і якія адзнакі Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?
4 Ісус сказаў ім у адказ: — сьцеражэцеся, каб хто ня зьвёў вас.
5 Бо шматлікія прыйдуць пад імем Маім і будуць гаварыць: — Я Хрыстос, — і шматлікіх зьвядуць.
6 Таксама дачуецеся пра войны і пагалоскі пра войны; глядзеце, ня трывожцеся, бо належыць усяму таму быць; але гэта яшчэ не канец.
7 Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства, і будуць галадоўлі, паморы і землятрусы мясцамі.
8 Але гэта ўсё — пачатак скрухі.
9 Тады будуць выдаваць вас на пакуту, і забіваць вас, і будзеце ў нянавісьці сярод усіх народаў за імя Маё.
10 І тады спакусяцца шматлікія, і адзін аднаго будуць выдаваць, і ненавідзець адзін аднаго.
11 І шмат фальшывых прарокаў паўстане і спакусяць многіх.
12 І ад пашырэньня беззаконьня выгасьне любоў.
13 Хто-ж выцерпіць да канца, збавёны будзе.
14 І абвешчана будзе гэтае Евангельле Ўладарства па ўсім сьвеце дзеля сьветчаньня ўсім народам, і тады прыйдзе канец.
15 Вось-жа, калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую гаварыў прарок Даніель, якая паўстане на сьвятым месцы (хто чытае, няхай разумее).
16 — Тады, хто ў Юдэі, няхай бяжыць у горы.
17 А хто на страсе, няхай не зыходзіць узяць штось з дому свайго.
18 І хто на полі, няхай не варачаецца назад узяць адзеньне сваё.
19 Гора-ж цяжарным і карміцелькам грудзьмі у дні тыя.
20 Дык малецеся, каб не давялося вам уцякаць узімку ці ў сыботу.
21 Бо тады будзе скруха вялікая, якой не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе.
22 І калі-б не скараціліся дні тыя, то не ўратавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.
23 Тады, калі хто скажа вам: — вось тут Хрыстос, ці там — ня верце.
24 Бо падстануць ілжывыя Хрысты і фальшывыя прарокі ды пакажуць вялікія знаменьні і цуды, каб зманіць, калі магчыма, і выбраных.
25 Вось Я наўперад сказаў вам.
26 Дык калі скажуць вам: — вось Ён у пустыні — ня выходзьце; — вось Ён схаваны ў доме — ня верце.
27 Бо як маланка зыходзіць з усходу і сьвеціць аж да заходу, так будзе прыйсьце Сына Чалавечага.
28 Бо калі дзе будзе труп, там зьбяруцца і арлы.
29 І зараз-жа па скрусе дзён тых сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоры з неба спадуць, і сілы нябесныя зрушацца.
30 Тады зьявіцца знаменьне Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і ўгледзяць Сына Чалавечага, ідучы на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.
31 І пашле ангелаў сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць выбраных Яго ад чатырох вятроў, ад аднаго краю нябёс да краю іх.
32 Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе распускаюцца і выпускаюць лісьце, то ведаеце, што блізка ўжо лета.
33 Гэтак і вы: калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, пры дзьвярах.
34 Запраўды, кажу вам: не праміне род гэты, як усё гэта станецца.
35 Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
36 Пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ані ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзіны.
37 Але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага.
38 Бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, да таго дня, як ўвайшоў Ной у карабель.
39 І ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх; так будзе і ў прыход Сына Чалавечага.
40 Тады, калі на полі будуць двое, адзін бярэцца, а другі пакідаецца.
41 Будуць дзьве пры жарнах малоць — адна бярэцца, а другая пакідаецца.
42 Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.
43 Ведама-ж вам, што калі-б гаспадар дому ведаў, у якую старожу прыйдзе злодзей, то ня спаў-бы і ня даў-бы падкапацца пад дом свой.
44 Дзеля таго і будзьце гатовы, бо ў неспадзяваную для вас гадзіну прыйдзе Сын Чалавечы.
45 Хто-ж верны і разумны слуга, якога гаспадар паставіў у дамоўстве сваім, выдаваць ежу ім у сваім часе.
46 Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар дому, прыйшоўшы, застане робячы добра.
47 Папараўдзе кажу вам, над усёй маёмасьцяй сваёй паставіць яго.
48 Калі-ж благі слуга скажа ў сэрцы сваім: — марудзіць прыйсці гаспадар мой; і пачне біць сяброў сваіх ды есьці і піць з п’яніцамі —
49 Дык прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае.
50 І адлучыць яго, і прыдзеліць яму лёс разам з крывадушнікамі, там будзе плач і скрыгат зубоў.
Каментары ці зноскі:
38 у карабель — ці — у каўчэг.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Мацьвея, 24 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.