1 Па сыбоце, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і іншая Марыя паглядзець гроб.
2 І вось стаўся землятрус вялікі; бо Ангел Гасподні зыйшоў з нябёсаў і, прыступіўшы, адваліў камень ад дзьвярэй гробу і сядзеў на ім.
3 А воблік яго сьвяціўся маланкаю, і адзеньне яго белае, як сьнег.
4 І ад страху прад ім жахнулася варта, і сталася як няжывая.
5 Ангел, зьвярнуўшыся да жанчын, прамовіў: — ня бойцеся вы; ведаю, што шукаеце Ісуса укрыжаванага.
6 Яго няма тут: Ён уваскрос, як і казаў; хадзеце, паглядзеце месца, дзе ляжаў Госпад.
7 І пайдзеце хутчэй, скажэце вучням Яго, што Ён уваскрос з мёртвых, і апярэдзіць вас у Галілеі, там Яго ўбачыце; гэта апавяшчаю вам.
8 І выйшаўшы борзда з гробу, яны ў страху і радасьці пабеглі апавясьціць вучням Ягоным.
9 Калі-ж яны ішлі апавяшчаць вучням Яго, вось Ісус сустрэў іх і прамовіў: — радуйцеся! — яны-ж, прыступіўшы, абнялі ногі Яго і пакланіліся Яму.
10 Тады кажа ім Ісус: — ня бойцеся; ідзеце, апавясьцеце братом Маім, каб ішлі ў Галілею; там яны ўбачаць Мяне.
11 Калі-ж яны ішлі, некаторыя з вартаўнікоў пабеглі да места і абвясьцілі архісьвятаром усё, што сталася.
12 І тыя, сабраўшыся з народнымі старшынямі і зрабіўшы змову, далі воінам шмат грошай;
13 Кажучы: — скажэце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і ўкралі Яго, калі мы паснулі.
14 І калі правіцель даведаецца пра гэта, мы яго ўгаворым, і вас ад небясьпекі асьцерагом.
15 Яны-ж, узяўшы срэбранікі, зрабілі так, як былі навучаны былі; і разьняслося слова гэтае між юдэямі аж па сёньнешні дзень.
16 Адзінаццаць-жа вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды сказаў ім Ісус.
17 І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; некаторыя-ж сумняваліся.
18 І зблізіўшыся да іх, Ісус сказаў ім: — Дадзена Мне ўсякая ўлада ў небе і на зямлі.
19 Дык ідзеце навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у Імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
20 І навучайце іх выпаўняць усё, што Я запавядаў вам; і вось Я з вамі праз усе дні да сканчэньня веку. Амін.
Каментары ці зноскі:
17 сумняваліся — ці — усумніліся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Мацьвея, 28 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.