Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Марка 1 Паводле Марка 1 разьдзел

2 Ян Хрысьціцель. 6 Адзеньне і ежа яго. 12 Спакушаецца. 14 Абвяшчае Евангельле. 16 Пазывае Сымона і Андрэя. 19 Якуба і Яна. 21 Навучае ў сынагогах. 23 Выганяе духа нячыстага. 30 Цешча Сымонава ў гарачцы. 34 Ацаленьне ад злых духаў. 40 І запракажанага.
1 Пачатак Евангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў прарокаў: — вось Я пасылаю Ангела Майго прад абліччам Тваім, які пракладзе шлях Твой прад Табою.
3 Голас зоўны ў пустыні: — прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму.
4 Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні, і абвяшчаючы хроснае пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў.
5 І прыходзілі да Яго з усёй краіны Юдэйскай, і жыхары Ерусаліму, і хрысьціліся ад яго ў рацэ Йардане, спавядаючыся ў грахох сваіх.
6 Адзеньне-ж Яна была з вярблюжага воласу, і скураны пояс на паясьніцы яго, а ежаю яму служылі акрыды і дзікі мёд.
7 І прадвяшчаў, гаворачы: — ідзе за мною мацнейшы за мяне, Яму я недастойны, нахіліўшыся, разьвязаць рамень абутку Ягонага.
8 Я хрысьціў вас вадою, Ён-жа будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.
9 І сталася ў дні тыя, прыйшоў Ісус з Назарэту Галілейскага, і хрысьціўся ад Яна ў Йардане.
10 І ў момант, калі выходзіў з вады, убачыў Ян расчыненыя нябёсы, і Духа, як голуб зыйходзіў і спускаўся на Яго.
11 І голас з неба быў: Ты Сын Мой улюбёны, у Ім-жа Маё Дабраволеньне.
12 І зараз-жа Дух павёў Яго ў пустыню.
13 І быў Ён у пустыні сорак дзён і сорак ночаў, спакушаны праз шатана, і быў там побач зьвяратаў, і ангелы слугавалі Яму.
14 Пасьля-ж таго, калі быў выданы Ян, прыйшоў Ісус у Галілею, абвяшчаючы Евангельле Уладарства Божага.
15 І гаворачы: — сталася поўня часу, і Уладарства Божае наблізілася, пакайцеся і верце ў Евангельле.
16 Праходзячы-ж каля мора Галілейскага, ўбачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідалі сеці ў мора, бо былі рыбакамі.
17 І сказаў ім Ісус: — ідзеце сьледам за Мною, і Я ўчыню, што вы станецеся лаўцамі чалавекаў.
18 І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за Ісусам.
19 І адыйшоўшы крыху адтуль, Ён убачыў Якуба Завядэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама ў лодцы папраўлялі сеці.
20 І зараз-жа паклікаў іх, і яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Завядэя з наймітамі, пайшлі за Ім.
21 І, увайшоўшы ў Капэрнаум, незабавам у сыботу ўвайшоў Ён у сынагогу, і пачаў навучаць.
22 І дзівіліся ўсе з навукі Ягонае, бо наўчаў іх, як поўнаўладны, а не як кніжнікі.
23 Быў-жа ў сынагозе чалавек, апанаваны злыдухам, і закрычаў,
24 кажучы: — што Табе да нас, Ісус Назаранін? прыйшоў Ты загубіць нас! ведаю, Хто Ты ёсьць — Сьвяты Божы.
25 Але Ісус забараніў яму, сказаўшы: — змоўкні і выйдзі з яго.
26 Тады нячысты дух, скалануўшы яго і закрычаўушы моцным голасам, выйшаў з яго.
27 I жахнуліся ўсе, і адзін у аднаго пыталіся: — што гэта такое, што гэта за вучэньне новае, што і нячыстым духам загадвае ўладарна, і слухаюцца Яго.
28 I хутка разыйшлася пагалоска пра Яго па ўсіх аколіцах Галілейскіх.
29 Тады, выйшауўшы з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя, разам з Якубам і Янам.
30 Цешча-ж Сымонава ляжала ў гарачцы, і адразу-ж гавораць Яму пра яе.
31 I, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку; і ўраз-жа зьнікла гарачка яе, і яна пачала прыслугоўваць ім.
32 Калі-ж надыйшоў вечар, на захадзе сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных нячыстым.
33 Усё места зыйшлося каля дзьвярэй.
34 І Ён ацаліў многіх, якія цярпелі ад цяжкіх нядугаў, і павыганяў шмат злыдухаў і не дазваляў злыдухам гаварыць, што яны ведаюць Яго — Хрыста.
35 А нараніцы, устаўшы на сьвітаньні, выйшаў і аддаліўся ў пустыннае месца, і там маліўся.
36 Сымон-жа і тыя хто былі з Ім, пайшлі за Ім.
37 І знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
38 Ён-жа сказаў ім: — пойдзем у бліжэйшыя вёскі і месты, каб і там Мне навучаць, бо-ж дзеля гэтага Я і прыйшоў.
39 I навучаў у сынагогах іхных скрозь па усёй Галілеі, і выганяў злыдухаў.
40 І прыйшоў да Яго запракажаны і, молячы і падаючы прад Ім на калены, гаворыць Яму: — калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
41 Ісус, зьлітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: — хачу, станься чыстым.
42 I як толькі Ён сказаў гэта, ураз зыйшла з яго праказа, і ён стаўся чыстым.
43 I паглядзеўшы на яго загрозьліва, ураз адправіў яго,
44 сказаўшы яму: — глядзі, нікому нічога не гавары, але пайдзі, пакажыся ярэю, і дай ахвяру за ачышчэньне тваё, як загадаў Майсей, на пасьветчаньне ім.
45 Ён-жа, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і разгалошваць усюды пра ўчынак; дзеля таго Ісус ужо не ўвайходзіў у месты на відоку, але трымаўся вонках, у месцах зацішных, і зыйходзіліся да Яго адусюль.

Каментары ці зноскі:

11 у Ім-жа — ці — у Табе.
13 сорак дзён і сорак ночаў — ці — сорак дзён.
16 рыбакамі — ці — рыбаловамі
32 нячыстым — ці — злыдухам.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Марка, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.