1 Хрыстос увайходзіць у Ерусалім на асьляці. 12 Адчуў голад. 13 Смакоўніца няплодная. 15 Праганяе гандляроў з сьвятыні. 23 Сіла веры. 24 Шчырая малітва. 25 Дараваньне правінаў брату. 27 Якою ўладаю Ісус творыць усё. 30 Скуль Янава хрышчэньне.
1 Калі наблізіліся да Ерусаліму, і прышлі да Віфагіі і Віфаніі, пры гары Аліўнай, Ён пасылае двух з вучняў Сваіх;
2 I кажа ім: — ідзеце ў вёску, што перад вамі; уваходзячы ў яе, зараз-жа знойдзеце прывязанае асьлё, на якое ніхто з людзей не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце.
3 І калі хто скажа вам — што гэта вы робіце? — адказвайце, што яно патрабна Госпаду; і зараз-жа пашле яго сюды.
4 Яны пайшлі і знайшлі асьлё, прывязанае ля варот на скрыжаваньні вуліц, і адвязалі яго.
5 Некаторыя-ж з тых, якія там стаялі там, гаварылі ім: — што вы робіце? нашто адвязваеце асьлё?
6 Яны-ж адказалі, як загадаў ім Ісус, і тыя адпусьцілі іх.
7 I прывялі асьлё да Ісуса, і паклалі на яго адзеньне сваё; і Ён сеў на яго.
8 Многія-ж пасьцілалі адзеньне сваё па дарозе, а іншыя зразалі веткі з дрэваў і ўсьцілалі імі дарогу.
9 I тыя, якія ішлі наперадзе, і тыя, якія праводзілі Яго, усклікалі, прамаўляючы: — Асанна! дабраславёны, Хто йдзе ў Імя Гасподняе!
10 Дабраславёны надыход у Імя Гасподняе ўладарства айца нашага Давыда; асанна ў вышынях!
11 I ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў сьвятыню, і агледзеў усё; тады з-за позьняга ўжо часу, адыйшоў у Віфанію з дванаццацьма.
12 А назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад.
13 I ўбачыўшы здалёк лісьцястую смакоўніцу, пайшоў, каб што знайсьці на ёй, а прыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо ня час быў на смоквы.
14 Тады азваўся да яе Ісус: — няхай ніхто не скаштуе плёну з цябе павек; гэтае чулі і вучні Яго.
15 I прыйшлі яны зноў у Ерусалім; і, увайшоўшы ў храм, Ісус пачаў выганяць і прадаўцоў і пакупнікаў з сьвятыні, і паабарочваў сталы мянялаў і ўслоны гандляроў галубамі.
16 I не дазволіў, каб хто праз сьвятыню пераносіў якое-колечы надоб'е.
17 А навучаючы, гаварыў ім: —ці-ж не напісана «Дом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаў», а вы зрабілі яго прытонам разбойнікаў.
18 Пачуўшы гэтае, кніжнікі і архісьвятары шукалі спосабу, каб загубіць Яго, бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ падзіўляўся з навукі Ягонае.
19 I калі надыйшоў вечар, Ён выйшаў з места.
20 А раніцай, прайходзячы міма смакоўніцы, яны ўбачылі, што яна ссохла ўся ад карэньня.
21 I, успомніўшы, Пётра кажа Яму: — Раўві, глянь! смакоўніца, якую Ты пракляў, засохла.
22 I ў адказ Ісус прамовіў ім:
23 Мейце веру Божую. Папраўдзе кажу вам: калі-б хто сказаў гары гэтай — узьніміся і кінься ў мора, — і не зьняверыўся-б у сэрцы сваім, але паверыў, што споўніцца сказанае, — станецца яму, што-б ні сказаў.
24 Дзеля таго кажу вам: — усё, чаго-б у малітве прасілі, верце, што гэта дастанеце, і яно прыйдзе да вас.
25 I калі становіцеся на малітву, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш Нябесны дараваў вам правіны вашыя.
26 Калі-ж вы не даруеце, то і Айцец ваш Нябесны не даруе вам правінаў вашых.
27 I прыйшлі зноў у Ерусалім, і калі Ён хадзіў у храме, падыйшлі да Яго архісьвятары, і кніжнікі і старшыні.
28 I гаварылі Яму: — якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто даў Табе ўладу рабіць гэта?
29 Ісус у адказ, сказаў ім: — спытаю і Я вас адно слова; адкажэце Мне, тады і Я вам адкажу, якою ўладаю раблю гэта.
30 Хрышчэньне Янава з неба было ці ад людзей? адкажэце Мне.
31 Яны-ж меркавалі ў сабе, думаючы: — калі скажам — з неба, — то Ён скажа — чаму-ж вы не паверылі?
32 А калі скажам — ад людзей, — дык боязна прад народам, бо ўсе лічылі Яна за праўдзівага прарока.
33 I сказалі ў адказ Ісусу: — ня ведаем, тады Ісус адказаў ім: — і Я не скажу вам, якою ўладаю раблю гэта.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Марка, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.