Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Марка 14 Паводле Марка 14 разьдзел

1 Замеры архісьвятароў хітрасцяй узяць Ісуса і забіць. 3 Жанчына ўзьлівае на галаву Ісуса дарагое мірра. 12 Вучні прыгатаўляюць Ісусу Пасху. 22 Сьвятую Вячэру Гасподнюю. 41 Прадаецца Ісус у рукі грэшнікаў. 44 Юдава цалаваньне. 53 Адводзіцца Ісус да Кайафы. 66 Пятровае адрачэньне.
1 Было два дні да Пасхі і сьвята Прэсьнікаў; архісьвятары і кніжнікі сачылі, каб схапіць Яго тайком і усьмерціць.
2 Але гаварылі — толькі ня ў сьвята, каб часам не паўстала забурэньне ў народзе.
3 Калі ж Ён быў у Віфаніі, у доме Сымана запракажанага, і супачываў за сталом, прыйшла жанчына і прынесла ў алябастравым слоіку чыстае дарагое нардовае міра, і разьбіўшы пасудзіну, узьліла Яму на галаву.
4 Некаторыя-ж абураліся ў думках і гаварылі між сабою: — нашто гэткі глум міра?
5 Можна-ж было-б прадаць яго больш як за трыста дынараў і раздаць убогім, і дакаралі ёй.
6 Але Ісус сказаў: — ня турбуйце яе, нашто спрычыняеце ёй прыкрасьць? яна добры ўчынак зрабіла для Мяне.
7 Убогіх заўсёды маеце каля сябе, і можаце рабіць ім дабро, колькі захочаце; Мяне-ж не заўсёды маеце.
8 Яна зрабіла, што магла: намасьціла цела Маё да пахаваньня.
9 Папраўдзе кажу вам: усюды, дзе толькі будзе абвешчана Евангельле гэтае, сказана будзе пра ўчынак яе, на ўспамін пра яе.
10 Юда-ж Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятароў, каб прадаць Яго ім.
11 Яны, пачуўшы гэтае, усьцешыліся і абяцалі даць яму срэбранікаў; і ён шукау зручнага моманту, каб прадаць Яго.
12 А ў першы дзень Прэсьнікаў, калі прыносілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Ягоныя: — дзе хочаш спажываць Пасху? мы пойдзем і прыгатуем.
13 І Ён паслаў двух вучняу Сваіх і сказаў ім: — ідзеце да места, і сустрэнецца вам чалавек, нясучы збан вады; за ім ідзеце.
14 І куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому таго: — Вучыцель пытаецца, дзе пакой, у якім-бы Мне спажываць Пасху з вучнямі Маімі.
15 I ён пакажа вам сьвятліцу, вялікую, прыбраную, гатовую, — там прыгатуйце нам.
16 I вучні Яго пайшлі, і прышлі да места, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі Пасху.
17 I калі настаў вечар, Ён прыйшоў з дванаццацьма.
18 Калі-ж яны сядзелі за сталом і елі, Ісус сказаў: — папраўдзе кажу вам, адзін з вас, хто есьць са Мною, прадасьць Мяне.
19 Яны-ж засмуціліся ды адзін па адным пачалі гаварыць Яму: — ці ня я? — i іншы — ці ня я?
20 Ён-жа ў адказ сказаў ім: — адзін з дванаццацёх, які макае са Мною ў місу.
21 Але Сын Чалавечы йдзе, як напісана пра Яго; гора-ж таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы прадаецца, лепш было-б чалавеку таму не раджацца.
22 I калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіў, пераламаў і даў ім, сказаушы: — вазьмеце і спажывайце — гэта Цела Маё.
23 I ўзьняўшы чашу, узьнёс падзяку і падаў ім, і пілі з яе ўсе.
24 I сказаў ім: — гэта кроў Мая Новага Запавету, праліваная за многіх.
25 Папраўдзе кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плёну вінаграднага аж да дня, калі буду піць віно новае у Ўладарстве Божым.
26 I прапяяўшы, адыйшлі на гару Аліўную.
27 I кажа ім Ісус: — усе вы адступецеся ад Мяне ў гэтую ноч, як напісана пра гэта: «зьвераджу пастыра, і разьбягуцца авечкі».
28 Але па ўваскрасеньні Маім апярэджу вас у Галілеі.
29 Пётра-ж сказаў Яму: — хоць-бы і ўсе адступіліся, але ня я.
30 I сказаў яму Ісус: — праўду кажу табе, што сёньня, у гэтую ноч, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
31 Але ён яшчэ мацней запэўняў: — а хоць-бы мне давялося і ўмерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе; гэтак гаварылі і ўсе.
32 I прыйшлі ў паселішча, званае Гефсыманія; і кажа вучням Сваім: — пасядзеце тут, пакуль Я пайду памалюся.
33 I ўзяў з сабою Пятра, Якуба і Яна, і ўпаў у жах і тугу.
34 I кажа ім: — тужыць душа Мая да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце.
35 I адыйшоўшы крыху, прыпаў да зямлі і маліўся, каб, калі магчыма, амінула Яго гадзіна гэтая.
36 I гаварыў: — Аўва, Войча! усё магчыма для Цябе, пранясі чашу гэтую міма Мяне, але ня так, як Я хачу, а як Ты.
37 І вярнуўшыся, знайходзіць іх соннымі, і кажа Пятру: — Сымоне! ты сьпіш? ня мог ты патрываць адну гадзіну?
38 Чувайце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу: бо дух бадзёры, цела-ж немачнае.
39 І зноў, адыйшоўшыся, маліўся тымі-ж словамі.
40 А вярнуўшыся, зноў застаў іх соннымі, бо вочы іх былі ацяжалымі, і ня ведалі, што адказаць Яму.
41 I прыходзіць трэйці раз і кажа ім: — вы ўсё яшчэ сьпіцё і спачываеце? досыць! настала гадзіна; вось прадаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў.
42 Устаньце, пойдзем, вось збліжаецца той, хто прадае Мяне.
43 I ў той момант, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, а з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі, ад архісьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў.
44 А прадажнік Ягоны даў ім знак, сказаўшы: — каго я пацалую, гэта Ён; бярэце Яго і вядзеце асьцярожна.
45 I, прыйшоўшы, памкнуўся да Яго і сказаў: — Раўві, Раўві, — пацалаваў Яго.
46 Яны-ж налажылі на Яго рукі свае і ўзялі Яго.
47 Адзін-жа, хтось з тых, якія стаялі там, выняўшы меч, ударыў архісьвятаровага слугу і адсек яму вуха.
48 Тады Ісус, азваўшыся, сказаў ім: — нібы на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб Мяне ўзяць.
49 Кажны дзень бываў Я з вамі ў храме, навучаючы, і вы ня бралі Мяне; але — няхай збудзецца Пісаньне.
50 І пакінуўшы Яго, усе разьбегліся.
51 Толькі адзін юнак ішоў за Ім, у палатнянай накідцы на голым целе; і воіны схапілі яго.
52 Але ён, вывернуўшыся з накідкі, уцёк ад іх голы.
53 I прывялі Ісуса да архісьвятара, туды-ж зыйшліся ўсе вышэйшыя сьвятары, і кніжнікі, і старшыні.
54 Пётра-ж здалёк ішоў за Ім аж у падворак архісьвятара, і сядзеў побач слугаў, грэючыся пры агні.
55 Архісьвятары і ўвесь сынедрыён шукалі сьветчаньняў на Ісуса, каб выдаць Яго на сьмерць, і не знайходзілі.
56 Бо многія ілжыва сьветчылі на Яго, (але сьветчаньняў тых было недастаткова).
57 І некаторыя, устаючы, крывадушна сьветчылі супраць Яго, кажучы:
58 — мы чулі, як Ён гаварыў — «Я зруйную храм гэты рукатворны, і ў тры дні збудую іншы, нерукатворны».
59 Але і гэтыя сьветчаньні ня былі адназгодныя.
60 Тады архісьвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: — нічога ня можаш адказаць на тое, што яны сьветчаць супраць Цябе?
61 Але Ён маўчаў, і не адказваў нічога; і зноў архісьвятар спытаўся ў Яго, кажучы Яму: — ці Ты Хрыстос, Сын Сьвятаслаўденага?
62 Ісус сказаў: — Я ёсьць; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, седзячы праваруч Сілы, і прыходзячы на воблаках нябесных.
63 Тады архісьвятар, разьдзёршы адзеньне сваё, сказаў: — нашто нам яшчэ сьветкі?
64 Вы чулі блюзьнерства? што вы думаеце? i тыя ўсе асудзілі, што Ён павінен на сьмерць.
65 I пачалі некаторыя пляваць на Яго, і, закрываючы Яму аблічча, білі Яго і гаварылі: — спрарачы; і слугі білі Яго па шчоках.
66 А калі Пётра быў унізе, на падворку, падыйшла адна з прыслужніц архісьвятаровых.
67 І убачыўшы Пётра пры агні, паўзіраўшыся на яго, сказала: — i ты быў з Ісусам Назаранінам.
68 Але ён адрокся, сказаўшы: — ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш; і выйшаў стуль на прыдворышча... і прапяяў певень.
69 Служанка, убачыўшы яго зноў, пачала гаварыць іншым, якія стаялі там: — гэты з іх.
70 Ён-жа зноў адрокся; а крыху счакаўшы, былыя там зноў пачалі гаварыць Пётру: — запраўды ты з іх, бо ты Галілеянін, і мова твая падобная.
71 Ён-жа пачаў клясьціся і бажыцца: — ня ведаю чалавека гэтага, пра якога гаворыце.
72 І ў той момант прапяяў певень другі раз; тады прыпомніў Пётра слова, якое сказаў яму Ісус: — перш чым двойчы прапяе певень,, тройча адрачэшся ад Мяне; і расплакаўся.

Каментары ці зноскі:

32 паселішча — ці — мясцовасьць.
56 але сьветчаньняў тых было недастаткова — ці — але ня былі згодныя між сабою сьветчаньні тыя.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Марка, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.