1 Ісус зьвязаны перадаецца Пілату. 11 Вараўва разбойнік адпускаецца. 15 Ісус-жа, збаўца, асуджаецца. 16 Воіны надругаюцца над Ісусам. 17 Вянец церневы. 21 Сыман Кірынейчык. 27 Укрыжаваньне Хрыста пасярод двух разбойнікаў. 32 Выкпіваецца. 34 Канае. 46 Пакладаецца ў гроб Язэпа Арымафейскага.
1 Назаўтра, адразу зрана, першасьвятары разам з кніжнікамі і старшынямі, і ўвесь сынедрыён — зрабілі нараду, і зьвязаўшы Ісуса, павялі і перадалі Яго Пілату.
2 I спытаўся ў Яго Пілат: — ці Ты Кароль Юдэйскі? Ён-жа ў адказ сказаў яму — ты кажаш!
3 I шмат у чым архісьвятары абвінавачвалі Яго.
4 Пілат-жа зноў спытаўся ў Яго, кажучы: — ты нічога не адказваеш? глядзі, колькі абвінавачаньняў падаюць на Цябе.
5 Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, аж Пілат дзівіўся.
6 Пад усякае-ж сьвята меўся ён адпусчаць аднаго з вязьняў, за якога прасілі.
7 Быў у вязьніцы нейкі Вараўва, адзін з бунтаўнікоў, якія ў часе бунту ўчыніў забойства.
8 I народ, сабраўшыся, голасна пачаў прасіць Пілата, каб выканаў для іх, як і заўсёды рабіў гэта.
9 І Пілат, адазваўшыся да іх, сказаў: — калі хочаце, адпушчу вам караля Юдэйскага.
10 Ведаў-жа ён, што першасьвятары выдалі Яго праз зайздрасьць.
11 Але першасьвятары падбурылі народ, каб прасілі адпусьціць замест Яго Вараўву.
12 Пілат-жа ў адказ зноў сказаў ім: — што-ж хочаце, каб я зрабіў з Тым, каго завяце Каралём Юдэйскім?
13 І яны зноў загаласілі: — укрыжуй Яго!
14 Пілат сказаў ім: — што-ж ліхое ўчыніў Ён? але яны яшчэ мацней крычалі: — укрыжуй Яго!
15 Тады Пілат, дагаджаючы народу, адпусьціў ім Вараўву, а Ісуса, зьбіванага, выдаў на ўкрыжаваньне.
16 Воіны-ж завялі Яго на двор суду, званым Прэторыя, і склікалі цэлую кагорту войска.
17 I адзелі Яго ў баграніцу, і сплёўшы з цярніны вянец, узлажылі на Яго.
18 І пачалі вітаць Яго, кажучы: — радуйся, Кароль Юдэйскі.
19 І білі Яго трысьцінаю па галаве, і плявалі на Яго, і становячыся на калены, пакланяліся Яму.
20 А калі назьдзекаваліся з Яго, зьнялі з Яго баграніцу і адзелі ў адзеньне ўласнае, і павялі Яго на ўкрыжаваньне Яго.
21 А сустрэўшы аднаго кірынейяніна, Сымона, бацьку Аляксандра і Руфа, — які йшоў з поля, таго прымусілі нясьці крыж Ягоны.
22 I прывялі Яго на месца, званае Галгофа, што значыць Чараповішча.
23 I давалі Яму піць віно, зьмяшанае з мірраю, але Ён ня прыняў.
24 I калі ўкрыжавалі Яго, падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы лёсы, каму што ўзяць.
25 Была-ж трэйцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго.
26 I быў напіс віны Ягонае: «Кароль Юдэйскі».
27 А з Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з левага боку Яго.
28 I споўнілася Пісаньне, у якім напісана: «I да злачынцаў прылічаны».
29 I калі прайходзілі міма Яго, зьдзекліва дакаралі Яму, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: — ага, Той, Хто храмы руйнуе і ў тры дні адбудоўвае.
30 Выбаві Сам Сябе, і сыйдзе з крыжа.
31 Таксама і архісьвятары з кніжнікамі насьміхаліся, гаворачы адзін аднаму: — іншых выбаўляў, а Сябе ня можа выбавіць.
32 Няхай Хрыстос, Кароль Юдэйскі, зыйдзе з крыжа цяпер, каб мы пабачылі і ўверылі. І ўкрыжаваныя зь Ім дакаралі Яму.
33 А шостай гадзіне цемра агарнула ўсю зямлю да гадзіны дзявятай.
34 А дзявятай гадзіне Ісус усклікнуў моцным голасам: — Элоі, Элоі, ліма савахфані! — гэта значыць: Божа Мой, Божа Мой, нашто Ты Мяне пакінуў?
35 Некаторыя з тых, якія там стаялі, пачуўшы, гаварылі: — вось Ільлю кліча.
36 Адзін-жа пабег напаіў губку воцатам ды, насадзіўшы на трысьціну, даваў Яму піць, кажучы: — чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.
37 Ісус-жа, загаласіўшы моцным голасам, сканаў.
38 І заслона ў храме разьдзерлася папалам, зьверху да нізу.
39 А сотнік, які стаяў насупраць Яго, бачачы скананьне з такім голасам, сказаў: — запраўды гэты Чалавек быў Сын Божы.
40 Былі тут і жанчыны, якія наглядалі здалёк, між імі была і Марыя Магдалена, і Марыя маці Якуба меншага і Ёсіі, і Саламія.
41 Яны былі пры Ім і слугавалі Яму, калі Ён быў у Галілеі, ды многа іншых жанчын, якія прыйшлі, з Ім у Ерусалім.
42 I вось надыйшоў вечар дня Прыгатовы, гэта вечар перадсыботні — Саббате.
43 Прыйшоў Язэп з Арымафеі, паважаны раднік, які і сам чакаў Уладарства Божага; ён сьмела увайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісусавага.
44 Пілат-жа зьдзівіўся, што ўжо памёр і, паклікаўшы сотніка, пытаўся ў яго, ці ужо памёр.
45 А даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.
46 Язэп-жа, купіўшы плашчаніцу, і зьняўшы Яго, плашчаніцаю авінуў, і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале, і прываліў камень да дзьвярэй гробу.
47 Марыя-ж Магдалена і Марыя Йосева глядзелі, дзе Яго палажылі.
Каментары ці зноскі:
22 Чараповішча — ці — Трупяное.
47 палажылі — ці — ўкладалі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Марка, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.