2 Апанаваны злыдухамі. 6 Злыдух, убачыўшы Ісуса. 9 Легіён. 11 Вялікае стада сьвіней. 13 Увайшоўшыя злыдухі патапляюцца ў моры. 22 Дачка Іаірава. 25 Жанчына з крывяцечай. 26 Лекары. 34 Вера. 39 Сьмерць, сон. 41 Устала дачка Іаіра.
1 I прыплылі на другі бок мора ў краіну Гадарынскую.
2 I калі Ён выйшаў з лодкі, зараз-жа сустрэў Яго чалавек, выбегшы з магільніку, які быў апанаваны духам нечысьці.
3 Ён меў прыстанішча ў магілах, і ніхто нічым ня мог яго зьвязаць, нават ланцугамі.
4 Бо няраз скоўвалі яго кайданамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разьбіваў кайданы, і ніхто ня мог уціхамірыць яго.
5 Заўсёды, і дзень і ноч ён быў між гробаў і ў горах, і крычаў і біўся аб каменьні.
6 Убачыўшы-ж Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму.
7 І закрычаўшы моцным голасам, сказаў: — што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага? заклікаю Цябе Богам, ня муч мяне.
8 Бо Iсус сказаў яму: — выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
9 I спытаў у яго: — як тваё імя? ён-жа сказаў у адказ: — маё імя — легіён, бо нас многа.
10 I вельмі прасілі Яго злыдухі, каб ня высылаў іх вон з краіны тэй.
11 Пасьвіўся-ж там пры гары вялікі гурт сьвіней.
12 I прасілі ў Яго ўсе злыдухі, кажучы: — пашлі нас у сьвіньні, каб мы маглі ўвайсьці ў іх.
13 Ісус ураз-жа дазволіў ім, і, выйшаўшы, злыдухі ўвайшлі ў сьвіньні, і памкнуў увесь гурт, і рынуўся з кручы ў мора, — а было-ж іх да дзьвёх тысячаў, — і затанулі ў моры.
14 Пастухі-ж сьвіней пабеглі і расказалі ў месьце і ў вёсках, і жыхары павыйходзілі паглядзець, што сталася
15 Прыходзяць да Iсуса і бачаць, што звар'яваны, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры добрым розуме, і абняў іх страх.
16 Тыя-ж, якія бачылі ўсё, расказалі ім, што усе адбылося з апанаваным злыдухам, а таксама і пра сьвіньні.
17 І тыя пачалі прасіць Яго, каб адыйшоў з іхнае аколіцы.
18 Калі-ж Ісус увайшоў у лодку, чалавек, які меў злыдухаў, прасіўся, каб быць з Ім.
19 Але Ісус не дазволіў яму, а сказаў яму: — ідзі дадому да сваіх і раскажы ім усё, што зрабіў табе Госпад, і як памілаваў цябе.
20 I ён пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяціградзьдзі, што стварыў над ім Ісус; і ўсе дзівіліся.
21 Калі Iсус зноў пераплыў на лодцы на другі бераг, зыйшлося да Яго многа народу; і быў Ён пры моры.
22 I вось прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, на імя Іаір, і ўгледзеўшы Яго, прыпадае да ног Яго.
23 I моцна просіць Яго, кажучы: — дачка мая пры сьмерці, прыйдзі і ўзлажы рукі на яе, каб яна ачуняла і жыла.
24 І Ісус пайшоў з ім. I за Ім ішло многа народу, і сьціскалі Яго.
25 Жанчына-ж адна, якая цярпела ад крывяцечы дванаццаць гадоў,
26 — і шмат страты панесла на дактароў многіх, раздаўшы на іх ўсё, што мела, і не знайшла палёгкі, але яшчэ горш заняпала.
27 Дачуўшыся пра Ісуса, падыйшла ззаду між народу і дакранулася да адзеньня Ягонага.
28 Бо яна казала: — калі хоць да адзеньня Яго дакрануся — ачуняю.
29 I ўраз запынілася ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе сваім, што выбавілася ад нядугу.
30 У той-жа час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што зыйшла ад Яго сіла, абярнуўся да народу і сказаў: — хто дакрануўся да адзеньня Майго?
31 Вучні-ж Ягоныя сказалі Яму: — бачыш, як народ цісьнецца да Цябе, і кажаш, — хто дакрануўся да Мяне?
32 Але Ён глядзеў навокал, каб убачыць тую, якая ўчыніла гэта.
33 Жанчына-ж у страху і трывозе, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і пала прад Ім, і сказала Яму ўсю праўду.
34 Ён-жа сказаў ей: — дачка! вера твая выбавіла цябе, ідзі ў супакоі і будзь ацаленая ад нядугу твайго.
35 Калі Ён яшчэ гаварыў, і прыходзяць ад начальніка сынагогі і кажуць: — дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Вучыцеля?
36 Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў начальніку: — ня бойся, толькі вер.
37 I не дазволіў нікому іці за Сабою, апрача Пятра, Якуба і Яна, брата Якубавага.
38 I прыходзіць ў дом начальніка сынагогі, і Ён убачыў хваляваньне, і плач і лямэнт вялікі.
39 I, увайшоўшы, кажа ім: — чаго хвалюецеся і плачаце? дзяўчынка не памерла, але сьпіць.
40 Тыя-ж зьдзекліва кнілі з Яго, Ён-жа, выправіўшы ўсіх, бярэ бацьку і маці дзяўчынкі і тых, якія прыйшлі з Ім, і уваходзіць туды, дзе дзяўчынка ляжала.
41 I узяўшы дзяўчынку за руку, гаворыць да яе: — таліфа кумі! — гэта значыць: — дзяўчынка, табе кажу, устань!
42 I дзяўчынка ўраз устала і пачала хадзіць; было ёй гадоў дванаццаць, і жахнуліся ўсе ад вялікага дзіва.
43 І Ён цьвёрда заказаў, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і заказаў ім: — дайце ёй есьці.
Каментары ці зноскі:
23 ачуняла — ці — выбаўлена была.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Марка, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.