Біблія » Пераклады » Пераклад Міхася Міцкевіча

Лукаша 14 Паводле Лукаша 14 разьдзел

2 Хворы на вадзянку ацалены ў сыботу. 7 Сяданьне наперадзе. 13 Належыць частаваць убогіх. 16 Званьне на зладжаную вячэру. 23 Пакліканьне не зазываных. 28 Будаўнічы вежы.
1 Здарылася Яму ўвайсьці ў сыботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх пасілкавацца хлебам; тыя-ж цікавалі за Ім.
2 І вось чалавек адзін, які меў вадзянку, стануў прад Ім.
3 Ісус, азваўшыся да законьнікаў і фарысеяў, сказаў: — ці дазваляецца аздараўляць у сыботы?
4 Яны маўчалі; Ён-жа, дакрануўшыся, ацаліў яго й адправіў.
5 Тады, азваўшыся да іх, сказаў: калі ў каго з вас асёл ці вол уваліцца ў калодзеж, ці ня выцягне яго зараз-жа ў дзень сыботні.
6 І не маглі нічога адказаць Яму на гэта.
7 А заўважаўшы, як запрошаныя выбіралі першыя месцы, сказаў ім прыповесьць.
8 Калі хто цябе пакліча на вясельле, не садзіся на першае месца, каб часам не зьявіўся хто з запрошаных паважнейшы за цябе;
9 І каб той, хто запрасіў цябе й яго, падыйшоўшы, не сказаў бы табе: — дай месца яму, — і тады з сорамам давядзецца табе займаць апошняе месца.
10 Але калі пазваны будзеш, прыйшоўшы, сядзь на апошняе месца, каб той, хто запрасіў цябе, падышоўшы, сказаў табе: — дружа перасядзь вышэй! тады будзе табе чэсць прад тымі, хто сядзеў побач з табою.
11 Бо ўсякі, хто павышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, павышаны будзе.
12 Сказаў-жа й таму, хто запрасіў Яго: калі выдаеш абед ці вячэру, ня кліч прыяцеляў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, бо й яны могуць паклікаць цябе, і ты атрымаеш аддачу.
13 Але, калі спраўляеш пачастунак, пакліч убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых;
14 І шчасьлівы будзеш, што яны ня будуць мець чым табе аддаць, аддасца-ж табе пры ўваскрасеньні праведнікаў.
15 Пачуўшы гэтае, адзін з тых, якія сядзелі за сталом разам з Ім, сказаў: — шчаслівы той, хто будзе на пачастунку ў Валадарстве Божым.
16 І Ён-жа сказаў яму: — чалавек адзін справіў вялікую вячэру й запрасіў многіх.
17 І калі прыйшоў час вячэры, паслаў слугу свайго сказаць зазваным: — прыходзьце, ужо ўсё гатова.
18 І пачалі ўсе, як адзін, адмаўляцца; першы сказаў яму: — я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці агледзець яе, — прашу цябе, выбач мне.
19 Другі сказаў: — я купіў пяць пар валоў ды йду выпрабоўваць іх; прашу цябе, прабач мне.
20 Трэйці сказаў: — я ажаніўся, і дзеля гэтага не магу прыйсьці.
21 Вярнуўшыся, слуга той пераказаў усё гэта гаспадару свайму; тады гаспадар дому, угневаны, сказаў слузе свайму: — ідзі хутчэй па вуліцах і вулачках места й прывядзі сюды ўбогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых.
22 І сказаў слуга: — гаспадару! зроблена, як ты казаў, і яшчэ ёсьць месцы.
23 Тады гаспадар сказаў слузе свайму: — прайдзі па дарогах і каля агарожаў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой.
24 Бо, кажу вам: ніводзін з тых мужоў зазваных не пакаштуе вячэры мае: бо многа званых, але мала выбраных.
25 І шлі-ж за Ім вялікія грамады народу. І, абярнуўшыся да іх, сказаў:
26 — калі хто прыйходзіць да Мяне й не адвернецца ад айца свайго й маці свае, і ад жаны й дзяцей, й братоў і сёстраў, а яшчэ й ад жыцьця свайго, той ня можа быць Маім вучнем.
27 І хто не нясе крыжа свайго і йдзе за Мною, ня можа быць Маім вучнем.
28 Хто-ж бо з вас, задумаўшы збудаваць вежу, ня сеў-бы перш аблічыць, ці мае за што закончыць збудаваньне яе?
29 Каб, калі заложыць фундамант, а ня здоме закончыць, людзі не сьмяяліся-б з яго;
30 Кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць, ды ня мае чым канчаць.
31 Або які князь, зьбіраючыся ваяваць з іншым князем, ці ня сядзе перш і не парадзіцца, ці зможа ён з дзесяцьма тысячамі супроцьставіцца таму, хто йдзе на яго з дваццацьма тысячамі?
32 Бо, іначай, калі той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру.
33 Гэтак і кажны з вас: хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.
34 Соль — добрая рэч, але калі соль страціць моц, чым паправіш яе?
35 Ні ў зямлю ні ў гной не надаецца — вон выкідаюць яе. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае.

Каментары ці зноскі:

20 у рукапісы мугу, замест магу.
26 яшчэ й ад жыцьця свайго — ці — яшчэ й ад душы свае.
34 чым паправіш яе — ці — чым асоліш яе.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятое Евангельле Лукаша, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.